Думка народа: Што значыць для вас «Прамень»?

На сувязі - рэдакцыя Нумары

Таццяна Кожух, стаўбчанка:

–              Газета «Прамень» у маім жыцці мае асаблівае значэнне. Мая дачка, выпускніца гімназіі № 1 Вераніка Кожух, цяпер Герасіменка, у свой час друкавалася ў раённай газеце, што  вызначыла яе будучую прафесію. Рэдакцыя дала ёй рэкамендацыю для паступлення на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння ВНУ яна атрымала размеркаванне ў Гродзенскую газету «Перспектыва». Цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Газета «Прамень»  па-ранейшаму жаданы госць у нашым доме, уся наша сям’я да яе ставіцца шаноўна.

Іосіф Сяліцкі, начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Стаўбцоўскім раёне:

– Заўсёды чытаю свежую перыёдыку. Без маёй увагі не праходзіць ніводны нумар раённай газеты. У масе выданняў вызначаю «Прамень» як адметную, цікавую газету. Яна падабаецца мне тым, што аператыўна, актуальна і змястоўна расказвае аб усіх падзеях у раёне. Газета інфармацыйна насычаная. Мне прыемна чытаць замалёўкі пра простых людзей, працаўнікоў вёскі, пра ветэранаў вайны і працы, чыё  жыццё і грамадзянская пазіцыя – добры прыклад маладому пакаленню.

 

Кацярына Шчарбук, менеджар  прыватнай фірмы:

–              У нашу сям’ю заўсёды ішла раённая газета «Прамень», я звыклася з ёю. Цяпер маю не толькі просты чытацкі інтарэс, але і прафесійны. Газета мае шмат рэкламы, і гэта вялікі плюс выданню, як бы адзнака аўтарытэту газеты. «Прамень» дастаўляе нямала прыемных сюрпрызаў. Нядаўна адкрываю свежы нумар – і бачу вясельны фотаздымак маіх сяброў. Адразу ж патэлефанавала ім, павіншавала. Газета як бы аб’ядноўвае ўсіх нас. І гэта выдатна.

 

Вадзім Рубін, намеснік дырэктара Аталезскай СШ па выхаваўчай рабоце:

–              З газетай «Прамень» звязана большая палова майго жыцця. Яшчэ ў маім дзяцінстве  дзядуля з бабуляй атрымлівалі раёнку, зараз выпісвае газету мая  сям’я. Лічу, што газета адзіны друкаваны орган, які дае гарачыя навіны нашага рэгіёна. Можаш не толькі пачарпнуць свежую інфармацыю, але і ўбачыць фотаздымкі сваіх калег, парадавацца іх поспехам. Смела  скажу, што раённую газету чытае большая палова жыхароў нашага раёна. З нагоды юбілею «Праменя» хачу пажадаць рэдакцыі плёну, натхнення ў пошуку цікавай інфармацыі і заўсёды заставацца на плыні часу.

Юлія Камейша, пенсіянерка:

–              Усё сваё сталае жыццё выпісваю «Прамень». Чытаю газету  ад пачатку да канца. Звычайна пачынаю з рубрыкі «Тыдзень Стаўбцоўшчыны». Гляджу, колькі разводаў, злуюся на маладых, гаманю сабе ўслых, што толькі пажаніліся, а ўжо разводзяцца. Люблю чытаць пра старых вясковых людзей, як яны жывуць, бо і сама  ўжо маю ўзрост. Прачытаю свежы нумар, складваю, ніколі не выкідаю. Нясу суседцы, якая не выпісвае газеты.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО і аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *