У раённай бальніцы павіншавалі юбіляраў

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

У раённай бальніцы працягваюць віншаваць юбіляраў. Словы ўдзячнасці і павагі ім выказваюць калегі, кіраўніцтва.

20 гадоў працавала ў экстраннай лабараторыі

У працы фельчару-лабаранту Валянціне Макарэвіч дапамагае сучаснае абсталяванне

Стаць медыкам Валянціна Макарэвіч марыла з дзяцінства. Адразу пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа прыступіла да працы ў 27-й гарадской паліклініцы г. Мінска. Выйшла замуж і вярнулася на родную Стаўбцоўшчыну. Тут уладкавалася фельчарам-лабарантам у раённую бальніцу. Палову з 40 гадоў працоўнай дзейнасці Валянціна Яўгенаўна звязала з экстраннай лабараторыяй. Гэта загартавала яе і навучыла працаваць у рэжыме нон-стоп. За гэты час набыла лепшыя прафесійныя навыкі, стрэсаўстойлівасць.

Цяпер Валянціна Макарэвіч рупіцца ў клініка-дыягнастычнай лабараторыі.

– Дзякуючы кіраўніцтву бальніцы наша лабараторыя аснашчана новым абсталяваннем. Гэта аблягчыла працу, і, акрамя таго, аналізы сталі больш разгорнутымі. Іх колькасць за працоўны дзень можа дасягаць 400 і больш.

Самая складанае для Валянціны Яўгенаўны – праца ў перыяд распаўсюджвання небяспечных інфекцый. Да прыкладу, Эболы, птушынага грыпу, цяпер – каранавіруса. У такі час патрэбна быць асабліва ўстойлівым.

Нягледзячы на розныя выпрабаванні, жанчына ні разу не пашкадавала, што выбрала прафесію медыка. А яшчэ – вялікую ролю адыграў з’яднаны і дружалюбны калектыў. З гэтым Валянціне Яўгенаўне моцна пашанцавала. Цяпер калектыў папаўняецца маладымі кадрамі. Ёсць і тыя, для каго Валянціна Макарэвіч стала першым настаўнікам, падтрымкай і апорай. Сярод іх – урач лабараторнай дыягностыкі Дзмітрый Санько.

У нерабочы час Валянціна Макарэвіч любіць вырошчваць агародніну. Разам з мужам яны жывуць ва ўласным доме ў Стоўбцах. Выгадавалі дзвюх дачок. Старэйшая, Крысціна, з сям’ёй жыве ў Вільнюсе, выкладае беларускую мову. Малодшая, Ірына, засталася ў Стоўбцах, таксама стварыла сям’ю, працуе майстрам па манікюры. Дочкі падарылі бацькам дзвюх унучак.

На яе вачах развівалася Стаўбцоўская ЦРБ

Медыцынскі рэгістратар Вольга Гуляева займаецца арганізацыяй рабочых пасяджэнняў

У бягучым годзе медрэгістратар Вольга Гуляева адзначыла 35-годдзе працоўнай дзейнасці. У раённай бальніцы яна займала пасады бухгалтара, старшага эканаміста, намесніка галоўнага бухгалтара па эканамічнай частцы, вядучага эканаміста. На працягу 25 гадоў узначальвала планава-эканамічны аддзел раённай бальніцы. Была непасрэднай удзельніцай развіцця бальніцы. Падчас кіраўніцтва тадышняга галоўнага ўрача Аляксандра Ярмоленкі быў здадзены новы будынак паліклінікі, цяпер курс на мадэрнізацыю працягвае галоўны ўрач Святлана Глебка.

Вольга Гуляева яшчэ з юнацтва вырашыла звязаць сваё жыццё з эканомікай. У пяцігадовым узросце разам з бацькамі пераехала ў Наваколасава з г. Мантурава (Расія). Пасля школы закончыла Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя В. У. Куйбышава і ўладкавалася ў Стаўбцоўскую ЦРБ.

Апошнія пяць гадоў Вольга Гуляева працуе медрэгістратарам у арганізацыйна-метадычным кабінеце. Галоўная яе задача – арганізацыя аператыўных пасяджэнняў у галоўнага ўрача, вядзенне пратаколаў.

Святлана Глебка падкрэслівае: «Вольга Сяргееўна да кожнай справы падыходзіць адказна. Ёй заўсёды можна даверыць любую работу».

У жыцці Вольгі Гуляевай былі перыяды, калі хацелася паспрабаваць сябе ў іншай сферы дзейнасці. Але, пераасэнсаваўшы, зразумела: патрэбна рабіць тое, што дакладна ведаеш.

Вольга Сяргееўна не толькі добры работнік, але і цікавая суразмоўніца. У вольны ад працы час яна вельмі любіць чытаць. Перавагу аддае сучасным аўтарам. Аднак зачытваецца і апавяданнямі Антона Чэхава. За жыццё паспела павандраваць па многіх краінах свету, пазнаёміцца з культурай і традыцыямі розных народаў. Цяпер у марах – аб’ехаць Беларусь.

Ксенія РУБІН

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *