Маладзёжнае апытанне: Рассудзіць, падкажа

На сувязі - рэдакцыя Нумары

Мы заўсёды з асобай пачцівасцю ставімся да нашых сталых падпісчыкаў і чытачоў, аднак раўняемся на моладзь – на тую мабільную частку грамадства, якая першай адчувае павевы часу, імкнецца самаўдасканальвацца, рухае сучаснасць і будучае.

Што думаюць пра раённую газету маладыя чытачы раёна? Ці стала яна для іх цікавым суразмоўцам, сябрам? Чым дапамагла ў жыцці?

Анатоль ПАЗНЯК, наладчык паліграфічнага абсталявання Стаўбцоўскай друкарні:

– З задавальненнем адкажу на вашы пытанні. «Прамень» я чытаю са школы, у старэйшых класах узнікла цікавасць да газеты. У нас дома я знайшоў нумар, які выйшаў у дзень майго нараджэння – 13 чэрвеня 1991 года. Хачу сказаць газеце «дзякуй», бо такім чынам дакладна даведаўся, які гэта быў дзень тыдня. Бацькі спрачаліся:  серада або пятніца, а аказалася – чацвер. Вось так газета нас рассудзіла. Бацька захоўвае тыя нумары, дзе пісалі пра яго, вадзіцеля, камбайнера тадышняга калгаса «Праўда». Разам з ім трапіў на газетныя старонкі і мой старэйшы брат, які, будучы школьнікам, на ўборачнай працаваў з бацькам у адным экіпажы.

Цікавяць навіны, падзеі раёна. Аб’явы таксама карысныя. На фотаздымкі звяртаю ўвагу, люблю пачытаць вершы… З падпіскай у нас усё проста – мама працуе паштальёнам Засульскага паштовага аддзялення сувязі. Дома выбар газет і часопісаў вялікі. Пажаданні «Праменю» – каб газета развівалася, у ёй было больш навін добрых, чым дрэнных. Па рабоце мне двойчы прыходзілася друкаваць газету – гэта была ўздзенская раённая газета «Чырвоная зорка». Маеш асаблівыя адчуванні, калі выпускаеш у свет газету…

Вольга ДРАЧОВА, інжынер па падрыхтоўцы кадраў Стаўбцоўскага доследнага лясгаса:

– У сувязі з юбілеем жадаю раённай газеце працвітання, дабрабыту, пабольш чытачоў і цікавых рэпартажаў! «Прамень» я чытаю 11 гадоў – роўна столькі, колькі знаходжуся на Стаўбцоўшчыне. Апошнім часам знаёмлюся з ёю на рабоце, таму што дадому не заўсёды даносіць паштальён. Цікава праглядваць аб’явы, інфармацыю пра тых, хто нарадзіўся, якія святы і падзеі ў нас і, канешне, што пішуць пра наш лясгас. Заходзім і на ваш сайт. Вельмі нядрэнны. На маю думку, ён зроблены значна лепш, чым у «Рэкламнага Дзяржынска» ці «Рэкламнага шчыта». Больш зразумела для карыстальнікаў.

Анастасія КАЛОДЗІНСКАЯ, першы сакратар раённага камітэта БРСМ:

– Раённую газету пастаянна чытаю апошнія пяць гадоў, пасля заканчэння ВНУ і вяртання ў свой раён. Калісьці, памятаю, надрукавала ў раённай газеце сваю першую заметку. Яна была пра школьнае жыццё. Цяпер, калі атрымліваю свежы нумар (выпісваем яго і на раённы камітэт, і дадому), у першую чаргу шукаю публікацыі пра моладзь і маладзёжны рух. Цікавіць і тое, што звязана з сацыяльным жыццём нашага раёна. Колькі нарадзілася дзетак, якія імёны выбіраюць ім бацькі – ніколі не прапускаю. З газеты чэрпаю афіцыйную інфармацыю, якая зыходзіць ад раённага выканаўчага камітэта. І, канешне, усе навіны – на яе старонках. Колькі разоў лавіла сябе на думцы, што, здаецца, знаходжуся ў эпіцэнтры маладзёжнага жыцця, але пра іншыя бакі жыцця раёна ведаю далёка не ўсё. Таму газета – мой інфармацыйны гід. Гэта можна сказаць і пра сайт. Моладзь праводзіць шмат часу менавіта ў інтэрнэце, у сацыяльных сетках, таму іншым разам хочацца падзяліцца з ёю той ці іншай навіной з газетнага сайта. Хочацца пажадаць, каб гэты тэхнічны момант на сайце  быў таксама прадугледжаны.

Аляксандр ГОЛІК, загадчык Цясноўскай амбулаторыі:

–  Раённая газета прыходзіць на адрас амбулаторыі. Мяне, як чытача не вельмі актыўнага, найбольш  цікавяць артыкулы на прафесійныя тэмы, падрыхтаваныя ўрачамі цэнтральнай раённай бальніцы. У Цеснавую, куды трапіў па размеркаванні, працую другі год. «Прамень», адпаведна, таксама чытаю другі год. З маёй непераборлівасцю ўсё, здаецца, у газеце задавальняе. Па меры магчымасці я і сам стараюся даваць людзям пэўныя веды адносна здароўя. Хоць раён аддалены, ёсць моладзь, але пераважная большасць жыхароў – пажылыя людзі. Стараюся лячыць іх не толькі лекамі, а і словам. А ўвогуле слова газетнае – аўтарытэтнае, людзі выпісваюць раённую газету. Штосьці прачытаюць і дзеляцца тым, што найбольш усхвалявала, калі прыходзяць у амбулаторыю.

Вадзім Жыбуль, юрысконсульт Стаўбцоўскага доследнага лясгаса:

– Чытаю «Прамень» і заўсёды знаходжу для сябе штосьці цікавае, карыснае. Падабаецца, што газета насычана інфармацыйна. Яна піша, што дзе здарылася, адбылося, якія і дзе паслугі можна атрымаць і т. п. Так бывае, што часам  вяртаюся да прачытанага, а іншым разам – шукаю той ці іншы нумар, дзе нешта прапусціў, не ўбачыў. Праўда, з пошукамі праблемы няма – у лясгасе захоўваецца падшыўка. Прыгадваю сваіх дзядулю і бабулю –  Генадзія Міхайлавіча і Валянціну Антонаўну Дубіцкіх, як яны пасылалі мяне, маленькага, забіраць газету з паштовай скрыні. І цяпер яны любяць «Прамень». Калі заходжу да іх у госці, на стале –  раённая газета.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *