Наш горад – на старых фотаздымках

На сувязі - рэдакцыя Нумары

Заўсёды выклікае інтарэс стары фотаздымак. Нам цікава, у што апрануты людзі, якія прычоскі, якія будынкі, якія краявіды. Для даследчыкаў даўніны, краязнаўцаў кожны знойдзены стары фотаздымак – цэлая падзея. Бібліятэкар цэнтральнай раённай бібліятэкі Святлана Адамовіч, якая многія гады займацца пошукавай краязнаўчай работай, не раз заходзіла ў рэдакцыю, каб падзяліцца сваёй радасцю, новымі архіўнымі матэрыяламі, фотаздымкамі, якія набыты ёю ў вандроўках па раёне.

Інтарэс да гэтага яе занятку заўсёды меў наш калега, фотакарэспандэнт “Праменя” Васіль Зянько. Маючы вопыт выдання папярэдніх сваіх кніг – фотаальбомаў “Скрыжалі”, “На раздарожжы часу”, зборніка аповедаў “Воўкавы віры”, Васіль Васільевіч прыступіў да апрацоўкі старых здымкаў, якія былі ў яго ўласным архіве, у скарбонцы даследчыка даўніны Святланы Адамовіч, стаўбчан.

Тонкі мастацкі густ, прафесіяналізм рэпарцёра з больш чым 40-гадовым стажам, творчы падыход дазволіў аўтару давесці справу да канца – апрацаваць старадаўнія здымкі, згрупаваць іх, падпісаць, прыдумаць дызайн альбома і выдаць яго ў Нясвіжскай друкарні імя С. Буднага.

Фотаздымкі змешчаны ў мастацкіх рамках, як шэдэўры жывапісу. І гэта таксама настройвае на прагляд. Чытачу цікава ўбачыць, як выглядаў наш горад 70-80 гадоў назад: шматлюдная рыначная плошча з коннымі падводамі, кірмашовы дзень, фэсты, прыстанькі, выгляд храмаў, якіх ужо няма, панарама гарадскіх забудоў, даваенныя пейзажы, падцягнутыя гімназісты, элегантныя жанчыны. Нечакана пазнаць знаёмыя стаўбцоўскія будынкі ў іх даўнейшым выглядзе. Альбом увабраў здымкі, на якіх наш знакаміты зямляк, пясняр зямлі беларускай Якуб Колас.

Фотаальбом “Пазнаем Стоўбцы” папоўніў скупую бібліятэку мастацкіх праспектаў пра наш горад, якія б маглі паслужыць падарункавым выданнем. Думаецца, што праца Васіля Зянько будзе ацэнена нашчадкамі. Бо як і ўсё са знакам “рэтра” набывае яшчэ большую цану з цягам часу. Віншуем нашага калегу з пажаданнямі новых свежых задум і творчых сіл для іх ажыццяўлення.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *