«Няма вышэйшай узнагароды, чым «дзякуй» пацыента». Сёння адзначаецца Дзень медыкаў

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

Напярэдадні прафесійнага свята медыцынскіх работнікаў ва УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» завітвае нямала гасцей  –

удзельнікаў разнапланавых семінараў і дэлегацый, журналістаў рэспубліканскіх СМІ.

Нагода для гэтага – укараненне ў раённай бальніцы сучасных тэндэнцый аховы здароўя, накіраваных на даступнасць і высокую  якасць медыцынскага абслугоўвання.

Галоўны ўрач Святлана Глебка

Галоўны ўрач Святлана Глебка дала раённай газеце вялікае інтэрв’ю на гэтую тэму. Перадусім зазначыла: «Перспектыву стаўбцоўскай бальніцы забяспечваюць кваліфікаваныя кадры і грунтоўная матэрыяльна-тэхнічная база».

У праграме – міжраённае аддзяленне і апарат КТ

У бягучым годзе ў Стаўбцоўскай ЦРБ рэалізоўваецца надзвычай амбіцыёзная праграма развіцця. Сярод асноўных напрамкаў – падрыхтоўка да адкрыцця міжраённага траўматалагічнага аддзялення і да ўстаноўкі апарата КТ.

На даны момант праводзіцца закупка абсталявання, ідзе ўдасканаленне кадраў для таго, каб аказваць высокатэхналагічную медыцынскую дапамогу насельніцтву Стаўбцоўскага раёна і пяці суседніх.

Важнасць гэтага напрамку Святлана Глебка бачыць у тым, што будуць створаны новыя рабочыя месцы, а таксама павысіцца статус бальніцы, у пацыентаў з’явіцца магчымасць атрымаць увесь аб’ём меддапамогі, не выязджаючы за межы раёна.

Нельга не назваць і яшчэ адзін важны праект, над якім працуе стаўбцоўская бальніца. Гэта акрэдытацыя медустановы для аказання спецыялізаванай дапамогі, у прыватнасці хірургічнай, гінекалагічнай, акушэрскай, рэанімацыйнай.  Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь прапанавана, каб стаўбцоўская бальніца выступіла ў гэтым пачынанні базавай установай, своеасаблівай эксперыментальнай пляцоўкай.

Святлана Глебка зазначае:

– Нам вельмі прыемна, што так высока ацэнены ўзровень нашай бальніцы і дадзены карт-бланш для дадатковых укладанняў.

 

 

(Злева направа) медсястра Святлана Саітгарэева, урач-інтэрн Даўлетгелдзі Аманаў, медсястра Марыя Шкатула, санітарка Ганна Жыдовіч, урач-хірург Яўгеній Каханскі, медсястра Таццяна Тарарай, загадчык хірургічнага аддзялення Міхаіл Цішук, медсястра Анастасія Пашко, сястра-гаспадыня Алена Смірнова і санітарка Вольга Руперт

Еўрарамонт і кадравы маніторынг

Не зважаючы на барацьбу з кавідам, стаўбцоўская бальніца не спыняла працэс умацавання матэрыяльнай базы. Разам з набыццём абсталявання праведзены рамонт аддзялення фізіятэрапіі і рэабілітацыі, якое ў тым ліку выкарыстоўваецца пацыентамі, што перанеслі COVID-19 з тымі ці іншымі ўскладненнямі.

Да Дня медыкаў зроблены адмысловы падарунак работнікам і пацыентам: пасля рамонту адкрыта цэнтральнае стэрылізацыйнае аддзяленне. Гэтае аддзяленне – так бы мовіць, эталон чысціні ў бальніцы.

Цяпер актыўнымі тэмпамі ствараюцца камфортныя ўмовы для супрацоўнікаў і пацыентаў Шашкоўскай амбулаторыі. Сюды прыехала працаваць малады ўрач-інтэрн. За пазабюджэтныя сродкі і дзякуючы спонсарскай дапамозе выконваецца рамонт службовага жылля ў Вішнявецкай амбулаторыі, куды таксама прыедзе ў хуткім часе доктар.

У бальніцы вырашана жыллёвая праблема. Ёсць добраўпарадкаваны інтэрнат. І самае галоўнае – у Стоўбцах арганізаваны жыллёва-будаўнічы кааператыў з ліку медработнікаў на 60 кватэр.

– Праведзена вялікая работа.  Шматпавярховы дом плануецца ўзвесці ў 2022 годзе, – заўважае Святлана Глебка і выказвае ўдзячнасць райвыканкаму за тое, што сёлета, акрамя таго, былі выдзелены для медыкаў чатыры арэндныя кватэры.

За навасёлаў можна толькі парадавацца – яны ўжо абсталёўваюць свае кватэры сучаснай мэбляй.

Кадравая сітуацыя ў стаўбцоўскай бальніцы пастаянна манітарыруецца, і гэта дапамагае пазбегнуць крытычнасці. Установа не адчувае недахопу ў  вузкіх спецыялістах. Многія медыкі выказалі жаданне  працаваць у міжраённым траўматалагічным аддзяленні, таму туды ідзе конкурсны адбор.

У рэнтген-кабінеце працуюць загадчыца рэнтгенаўскага аддзялення Людміла Бражная, санітарка Валянціна Жыбуль, рэнтгеналабаранты Таццяна Турко і Алена Заблоцкая

Да болю прыемны рукапіс

«Створаны ўмовы для працы медыкаў. А якія водгукі пацыентаў?» – цікавімся ў Святланы Глебка.

– Іншым разам скаргі фарміруюцца больш на дэанталагічным узроўні, чым на прафесійным. Чалавечы фактар прысутнічае заўсёды, – адзначае галоўны ўрач. – Разумеем, што хвораму чалавеку патрэбны ўвага, спачуванне. Мы працуем над гэтым. Усе недахопы разбіраем, каб сітуацыя не паўтарылася. На шчасце, недахопы нягрубыя, на здароўе і якасць жыцця не ўплываюць.

Ва ўмовах барацьбы з кавідам сустракалася шмат апатыі і негатыву, таму проста да болю было прыемна, калі пацыенты пры выпісцы пісалі нам на звычайных лістках у клетачку, як у нас добра лячылі, смачна кармілі. Гэтыя падзякі мы змяшчалі ў нашай групе ў Вайберы – для падтрымкі калег.

Месца такім рукапісным дакументам – у музеі бальніцы.

Аб’ём меддапамогі –  для кожнага пацыента

Па дынаміцы і аб’ёме абследаванняў стаўбцоўская бальніца годна выглядае на фоне іншых раёнаў Мінскай вобласці. «Дабіваемся, каб гэты аб’ём меддапамогі дайшоў да кожнага пацыента, – зазначае Святлана Глебка. – Хацелася б і адпаведнай рэакцыі насельніцтва, пэўнага ўзаемадзеяння і зацікаўленасці ў захаванні свайго здароўя, калі бальніца запрашае на дыспансерызацыю».

Дарэчы, дыспансерызацыю работнікі бальніцы не перапынялі і ва ўмовах кавіду. Сёння яны настойліва заклікаюць да вакцынацыі.

Загадчык аддзялення паліятыўнай медыцынскай дапамогі Максім Чэмка і старшая медсястра Наталля Семяновіч
абмяркоўваюць рабочыя пытанні

Каманда прафесіяналаў і патрыётаў

Столькі ідэй, ініцыятыў знайшлі сваё ўвасабленне ў стаўбцоўскай бальніцы!

– Калі нешта новае з’яўляецца ў медыцынскай супольнасці або ў дыягностыцы, хочацца гэта ўкараніць і ў нашай бальніцы. Мае калегі мяне ў гэтым падтрымліваюць, – удакладняе Святлана Глебка.

– Сёлета пайшла ў водпуск і злавіла сябе на думцы, што сумую па калектыве, – працягвае галоўны ўрач. – Мне здаецца, што ў стаўбцоўскай бальніцы я працую ўсё жыццё. Тут у мяне столькі магчымасцяў для рэалізацыі! Кожны год робім з калегамі нешта значнае. Мне ўдалося сфарміраваць каманду.

Разам мы шмат ездзім па Беларусі. Літаральна ў маі пабывалі ў Хатыні і ў музеі Вялікай Айчыннай вайны. Да прафесійнага свята запланавалі экскурсію ў Брэсцкую крэпасць і Белавежскую пушчу, на возера Белае. Сумесцім карыснае і прыемнае. Гэта абавязкова трэба рабіць, каб мы ўсе былі не проста прафесіяналамі, а грамадзянамі і патрыётамі сваёй краіны.

Загадчыца аддзялення прафілактыкі Ксенія Вебер (у цэнтры) з медсёстрамі Анастасіяй Жабянок, Таццянай Рагоза, Кацярынай Тузавай і акушэркай Маргарытай Галавачэнка

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *