Распаўсюджвальнікі друку

На сувязі - рэдакцыя Нумары

У КІЁСКУ НА ПЛОШЧЫ ГОРАДА

Нас акружае вялізная інфармацыйная прастора. І хоць у гэтым бяздонным моры ўсё большае месца захоплівае інтэрнэт, нямала месца займаюць друкаваныя інфармацыйныя сродкі – газеты, часопісы. Многія жыхары горада свой чарговы дзень з іх і пачынаюць, спешна скіроўваючы да паштовых скрынак, кіёскаў Мінаблсаюздруку.

Так нашы стаўбчане, асабліва жыхары паўднёвай часткі горада – нёманскага ўзбярэжжа – ахвотна карыстаюцца паслугамі газетнага шапіка, што ля кінатэатра «Беларусь». Тут многія гады старанна працуе Зінаіда Цярэшка, умела прапагандуючы друкаванае слова, карпатліва, уважліва вывучаючы попыт кожнага наведвальніка. Яна сярод актыўных прапагандыстаў і нашай газеты  «Прамень».

Васіль ЗЯНЬКО

 

ТРАДЫЦЫІ НОВАЙ ВЁСКІ

«Людзі выпісваюць у нас «Прамень» з ахвотай, іх не трэба і прасіць. Кожнаму падпісчыку газета нечым блізкая, свая», – адзначае начальнік Нававёскаўскага аддзялення паштовай сувязі Таццяна Райская. Таццяна, як і ўсе паштальёны аддзялення, асабіста выпісвае нашу газету і аддае ёй перавагу, як ніякай іншай, з квартала ў квартал, з году ў год.

Тое, што раённая газета – асноўная газета ў Новай Вёсцы (ды, як паказвае досвед, і ў іншых населеных пунктах Стаўбцоўшчыны) – наша сумесная з паштавікамі заслуга. На жаль, іншым разам даводзіцца сутыкацца з непрыемнай сітуацыяй, калі падпісчыкі «губляюцца» толькі з-за таго, што змяніўся паштальён на ўчастку, газета не даходзіць. Таму стабільны паштовы работнік, які кантактуе з людзьмі, шукае падыход да кожнага, – гэта, фактычна, гарантыя нашага поспеху.

Калектыў Нававёскаўскага аддзялення сувязі складаецца з начальніка і трох паштальёнаў. У свой час Таццяна Райская прыйшла на пасаду начальніка з мясцовага сельвыканкама, пасля скарачэння там  пасады землеўпарадчыка. Па адукацыі ж яна – сувязіст. Як толькі стала на ўлік у службу занятасці, ёй адразу прапанавалі заняць існуючую тады вакансію начальніка аддзялення сувязі. З таго часу  прайшло дзесяць гадоў. Прызвычаілася да работы, хутка і ветліва аказвае вяскоўцам сучасныя паслугі. Іх шмат, але найбольш запатрабаваны розныя плацяжы, у прыватнасці, з дапамогай  банкаўскай пластыкавай карткі, вялікім попытам карыстаюцца тавары народнага спажывання, якія ў аддзяленне завозяць з улікам паступіўшых ад людзей заявак. Новая Вёска – аграгарадок, таму і аддзяленне сувязі ў ім пасля праведзенага рамонту адпавядае сучасным стандартам.

Самая маладая сярод паштальёнаў – Таццяна Еўсікава. Здаецца, зусім нядаўна начальнік аддзялення прапанавала Таццяне пабыць «на замене». Першыя крокі – няпростыя, але той, хто вучыцца, заўсёды дабіваецца свайго. У жыцці Таццяны здарылася радасная падзея – выйшла замуж, і вось сама ідзе ў дэкрэтны адпачынак. У аддзяленні працуе яшчэ адна Таццяна – Тарабеш, якая прыйшла на пошту ў 2007 годзе. Участак, што яна абслугоўвае,  ахоплівае такія вёскі як Асіпаўшчына, Падлессе. Людзі давяраюць свайму паштальёну.

І самая дасведчаная ў аддзяленні паштовай сувязі – паштальён Алена Дзекола. Яе працоўны стаж набліжаецца да двух дзясяткаў гадоў. Адметна, што Алена абслугоўвае жыхароў Вялікага Двара, Дзярэчынцаў і Варацішча. А Варацішча – яе родная вёска, тут яна ведае ўсіх, усе ведаюць яе. У размове Алена на цяжкасці не скардзіцца (да пошты працавала ў калгасе, дзіцячым садку, гандлі, таму ведае – лёгкага хлеба не бывае), а больш узгадвае сваіх актыўных падпісчыкаў. Гэта Зоя Марозік, Ніна Садоўская, Адам Грынкевіч і многія іншыя. Як правіла,  вяскоўцы спяшаюцца падзяліцца з паштальёнам сваімі праблемамі і клопатамі, абмеркаваць прачытанае, расказаць штосьці цікавае. А сказаць ім сапраўды ёсць што, бо за плячыма – багацце пражытых гадоў.

Яшчэ будучы настаўнікам Нававёскаўскай школы, Адам Вікенцьевіча Грынкевіч  дасылаў у рэдакцыю свае краязнаўчыя матэрыялы, нарысы пра  землякоў, дзяліўся ўласнымі вершамі. Бываючы ў Стоўбцах, ніколі не абыходзіў рэдакцыю. Творчасць гэтага чалавека добра вядомая чытачам нашай газеты, і не толькі. У шаноўнага Адама Вікенцьевіча выйшаў не адзін паэтычны зборнік. Таму для нас вялікі гонар мець падпісчыкаў і чытачоў, падобных Адаму Грынкевічу.

Алена Дзекола толькі на сваім участку дастаўляе 45 экзэмпляраў «Праменя». Ёсць свае падпісчыкі-«рэкардсмены» і ў цэлым па аддзяленні. Сярод іх Галіна Мікуліч, Алена Жыжка, Тамара Коцяш, Таццяна Сягай і іншыя, хто выпісвае па пяць і больш выданняў.

Паштальёны прыносяць людзям газеты з часопісамі – хлеб духоўны, а разам з ім і хлеб надзённы – неабходныя прадуктовыя і прамысловыя тавары. «Нясём і вязём тое, што просяць людзі», – зазначаюць яны. Важна, што з іх прыходам у дамах пасяляюцца радасць, упэўненасць, цікавасць да жыцця.

У юбілейныя для нашай газеты дні хочаццца сказаць вялікі дзякуй нашым нястомным памочнікам, партнёрам, сябрам – паштовым работнікам. З імі разам газеце крочыць да новых юбілеяў!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *