Кожная чацвёртая назва – «Прамень»

На сувязі - рэдакцыя Нумары

У Цясноўскае аддзяленне паштовай сувязі паступае 700 розных перыядычных выданняў, і кожнае чацвёртае з іх – раённая газета «Прамень». 

Сярод разнастайнасці газет і часопісаў, што прапануе чытачу падпісны каталог, наша раёнка не згубілася і ўпэўнена трымае курс у гэтым інфармацыйным раздоллі. 180 экзэмпляраў «Праменя» – агульная штомесячная падпіска жыхароў аддаленай ад райцэнтра Цеснавой і навакольных з ёю вёсачак, захоўваецца на працягу многіх гадоў, велічыня пастаянная. «У нас свой арыенцір, стараемся яму не змяняць», –  заўважае на гэты конт начальнік аддзялення Яніна Мянёк (на здымку). Для нас словы Яніны Зянонаўны – своеасаблівая адзнака нашай сумеснай працы і, безумоўна, вялікая адказнасць перад тымі, каго мы змаглі зацікавіць, залучыць у сотні і тысячы пастаянных падпісчыкаў.

На пошце ў Цеснавой  з некаторымі з гэтых людзей пашчасціла пазнаёміцца асабіста. Напрыклад, з Валянцінай Бурдукевіч. Актыўная падпісчыца газет і часопісаў, Валянціна Сцяпанаўна і ў іншых сферах жыцця цудоўна сябе знаходзіць, прыносіць карысць уласнай сям’і і гаспадарцы, у якой працуе на надзвычай турботнай пасадзе – загадчыцы малочнатаварнага комплексу.

І Марыя Кудлянок, адна з нашых сталых падпісчыц, з ахвотай падзялілася сваімі ўражаннямі: «Абслугоўвае нас паштальён Ядвіга Кавалёва. Яна – малайчына! Бывае, што і ў магазіне, на вуліцы «выхваціць», каб своечасова аформіць падпіску. Ведаю, што да настаўнікаў яна ў школу едзе. 

Сярод настаўнікаў, якія з «Праменем» не расстаюцца, варта назваць Ірыну Мазанік, Ванду Шумчык. Ад педагогаў не адстаюць і іншыя прадстаўнікі  сельскай інтэлігенцыі: медсястра Таццяна Каласоўская, загадчыца клуба Ганна Каласоўская і, само сабою, старшыня Літвенскага сельвыканкама Тадэвуш Галавач. Пасля аб’яднання двух сельсаветаў і пераезду сельвыканкама з Цеснавой у Літву, Тадэвуш Яўгеньевіч застаўся верным «свайму» цясноўскаму паштоваму аддзяленню, выпісвае шмат выданняў.  

Паштальёнамі працуюць у гэтым аддзяленні, акрамя названай вышэй Ядвігі Кавалёвай, Аляксандр Княжэвіч  і Ала Тыбулевіч. Аляксандр, адзіны ў аддзяленні мужчына, абслугоўвае Куль, Дзенісы, Драздоўшчыну. Вопытная Ала Тыбулевіч да абеду – аператар, пасля абеду – дастаўляе пошту жыхарам аддаленых Пятрылавічаў, Заменкі, Зеневічаў. У цёплы перыяд паштальёнаў выручаюць службовыя веласіпеды. «Працуем дружна», – зазначае начальнік аддзялення Яніна Мянёк, якая акурат змяніла за аператарскім месцам Алу Тыбулевіч. Разгаварыліся і высветлілі, што на пошце яна шчыруе апошнія 12 гадоў. Дабіраецца на работу з Мешычаў… на скутары (дык вось чыя гэта тэхніка стаяла ля ўвахода!). Пакуль вядзём гутарку, назіраем, што вяскоўцы ідуць і ідуць на пошту. Для разлікаў падаюць у акенца банкаўскую пластыкавую картку.

– Памяшканне ў нас невялікае, але ўстаноўлены электронны счытвальнік, камп’ютар для аказання інтэрнэт-паслуг, ксеракс, –працягвае Яніна Зянонаўна. – Мы бяром і экспрэс-адпраўленні, пісьмы першага класа і заказныя пісьмы лінейкі «Камфорт», пасылкі, дробныя пакеты… Ажыццяўляем усе магчымыя плацяжы, у тым ліку па банкаўскіх крэдытах. Работнікі мясцовых гаспадаркі і дома-інтэрната атрымліваюць у нас заработную плату. Прапаноўваем кліентам газеты і часопісы ў розніцу. Гандлюем таварамі народнага спажывання на 7-8 мільёнаў рублёў у месяц. Сярод аддзяленняў раёна трымаем першае месца па аказанні паслугі страхавання грамадзянскай адказнасці аўтаўладальнікаў.

Страхавога агента, як і банкаўскага аддзялення, у Цеснавой ужо даўно няма (самае бліжэйшае –  у Дзераўной), таму паштовае аддзяленне насамрэч засталося адзіным цэнтрам, «праменем» вясковага жыцця. Сельсавет стаў далёка, дабрацца да яго няма на чым, таму пошта з яе багацейшым «асартыментам» паслуг выглядае яшчэ больш прывабнай – нікуды не выязджаючы, можна заплаціць тут зямельны падатак. Зручны графік работы (і ў суботу) прываблівае не толькі пастаянных жыхароў, а і дачнікаў.           

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *