Трэба жыць інтарэсамі людзей. Дзяніс Колясень правёў прамую тэлефонную лінію

Афіцыйна Главное Прамая лінія

image_pdfimage_print

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Колясень правёў прамую тэлефонную лінію з жыхарамі Стаўбцоўскага рэгіёна.

На прамую лінію паступіла 11 тэлефанаванняў. Тэмы размоў – самыя розныя: людзі дзяліліся цяжкасцямі, прасілі парады, шукалі садзейнічання.
Вольга Самахвал з в. Новы Свержань звярнулася да старшыні райвыканкама па пытанні рамонту даху дома № 6 па вул. Трактарнай.
Уважліва выслухаўшы жанчыну, Дзяніс Сяргеевіч даручыў камісійна выехаць на месца, абследаваць дом, вызначыцца з работамі і да першага кастрычніка вырашыць данае пытанне.
Таццяна Мацулевіч з г. Стоўбцы (вул. М. Горкага) цікавілася наконт абсталявання тратуарнай дарожкі па вул. М. Горкага.
Намесніку старшыні райвыканкама Аляксандру Цываку, дырэктару УП «Стаўбцоўскае АКС» Алегу Кухарчыку даручана выехаць да жыхароў вуліцы і вызначыцца з даным пытаннем.
Уладзіміра Рэцкага з г. Стоўбцы (вул. Багінскага) непакоіць пытанне, якое тычыцца правядзення капітальнага рамонту дома № 4 па вул. Багінскага і работы вентыляцыйных і дымавых каналаў у гэтым жа доме.
Дзяніс Колясень даручыў адразу правесці абследаванне вентыляцыйных і дымавых каналаў, а затым ужо размова пойдзе пра капрамонт.
Наконт навядзення парадку на суседніх зямельных участках паступіла некалькі тэлефанаванняў: з в. Скамарошкі (вул. Цэнтральная) і г. Стоўбцы (вул. Сацыялістычная).
Данае пытанне ўзята на кантроль цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Старасвержанскім сельвыканкамам.
Генадзь Васілевіч з г. Мінска прасіў аказаць садзейнічанне ў вырашэнні пытання аб накіраванні сваёй цёткі ў Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў альбо на сацыяльны ложак.
Таццяна Рыжых з г. Стоўбцы цікавілася, ці будзе адключацца гарачая вада ў горадзе і калі.
Дзяніс Колясень канстатаваў, што людзей папярэдзяць і графік адключэння гарачай вады ў г. Стоўбцы будзе размешчаны ў раённай газеце «Прамень», на сайтах выдання, райвыканкама і ў тэлеграм-канале.
Аляксандр Пушкароў з г. Стоўбцы (вул. Зялёная) і Любоў Калоша з аг. Заямнае скардзіліся на дрэннае асвятленне іх вуліц, яго адсутнасць у начны час. Людзі вяртаюцца з начной змены ці спяшаюцца на першую ранішнюю электрычку, і калі на вуліцы цёмна, то гэта нават і небяспечна.
Пытанне будзе разгледжана з выездам адказных службаў на месца пражывання заяўнікаў.
Жыхарка аг. Рубяжэвічы Ганна Тарасевіч патэлефанавала на прамую лінію з просьбай разабрацца, чаму ў аграгарадку слабы напор вады. Як бачым, пытанне водазабеспячэння становіцца актуальным для Стаўбцоўшчыны.
Даная праблема патрабуе вывучэння, аналізу сітуацыі. Пройдзе сход з жыхарамі аг. Рубяжэвічы, і будуць растлумачаны ўсе пытанні водазабеспячэння ў аграгарадку.
На прамую лінію паступалі тэлефанаванні асабістага характару, пытанні-кансультацыі. Напрыклад, якія дакументы неабходна падрыхтаваць, каб правесці рэканструкцыю дома, і інш.
Па словах старшыні райвыканкама, прамыя тэлефонныя лініі – гэта шанц атрымаць хуткую зваротную сувязь, даць магчымасць людзям аператыўна данесці свае праблемы да органаў дзяржкіравання. Між іншым, структура зваротаў самая розная. Ёсць званкі-дублёры, г. зн. тэлефануюць для ўзмацнення эфекту. Ёсць звароты, якія патрабуюць аператыўнага рэагавання. Такая сувязь дапамагае ў кароткія тэрміны вырашыць пытанні, якія хвалююць людзей.
Таксама чалавек можа прыйсці на асабісты прыём, задаць пытанні падчас сустрэч з калектывамі або на дыялогавых пляцоўках. Гэта сведчыць аб тым, што ўлада адкрытая і даступная для людзей.
«Такім чынам, у Год народнага адзінства мы імкнёмся працаваць разам з людзьмі, аб’ядноўваць розныя аўдыторыі, розныя пакаленні і па магчымасці вырашаць хвалюючыя для насельніцтва пытанні», – адзначыў Дзяніс Колясень.
Нэлі АСТРЭЙКА
Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *