Ад світання да захаду сонца

Важное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Асноўнымі прафесіямі ў вёсцы былі і застаюцца механізатар і даярка. Менавіта ад іх працы залежыць, ці будуць заўтра на нашым стале хлеб, малако і мяса. І заслугоўваюць гэтыя простыя людзі самай высокай пахвалы і ўдзячнасці за сваю нялёгкую, але такую патрэбную работу.

 

Ніна і Часлаў Русецкія жывуць у згодзе і гармоніі тры дзесяцігоддзі

Аператар машыннага даення Ніна Русецкая рупіцца на МТФ «Дудкі» ААТ «Шашкі». Увішная і старанная, яна карыстаецца павагай у калектыве.

Мы завіталі да Ніны Мікалаеўны дадому, бо ранішняя дойка ўжо закончылася і жанчына завіхалася па дамашняй гаспадарцы. У хлеўчуку рохкалі свінні, за загараддзю грэбліся куры, пішчалі кураняты. Убачыўшы чужых людзей, падаў голас сабака, які  адпрацоўваў сваю ежу, папярэджваючы гаспадыню аб няпрошаных гасцях.

Здзіўляемся багаццю жыўнасці на падворку. Жанчына парыруе, маўляў, без дамашняй жывёлы ў вёсцы нельга. І гэта яшчэ нямнога. Раней трымалі і карову, і свінаматак.

– А як жа без свіных плячэй, тады і зяць не паедзе, – пажартавала Ніна Мікалаеўна, запрашаючы зайсці ў двор.

…Ніна рана спазнала нялёгкую сялянскую працу. Ужо з дзяцінства ёй прыйшлося стаць самастойнай. Сям’я была шматдзетная. Маці працавала на ферме даяркай.

–  У тыя далёкія гады пра даільныя апараты і чуць не чулі – кароў даілі ўручную. Пакуль у школу – а неабходна было ісці чатыры кіламетры ў Апечкі, – нам з сёстрамі трэба было пяць кароў падаіць. Уставалі ў шэсць гадзін раніцы і дапамагалі маці, – успамінае жанчына. – І ніхто дарослым не пярэчыў. Паважалі, прыслухоўваліся да іх парад. Мы і дзяцей сваіх так выхоўвалі.

Матуля вучыла Ніну жыць сціпла, па сродках, таму і не марыла дзяўчына аб лёгкім, казачным  жыцці. Пайшла па яе слядах: пасля заканчэння школы ўладкавалася аператарам машыннага даення на жывёлагадоўчую ферму ў Лапках.

Ніна Русецкая заўсёды працавала сумленна, не зважаючы на цяжкасці. Кажа, што работу можна знайсці ўсюды, хоць у вёсцы, хоць у горадзе. Было б жаданне. А вось каму якая праца больш па душы – справа асабістая. Жанчына выбрала прафесію раз і назаўсёды. Яна ў ліку лепшых працаўніц у гаспадарцы. Любіць жывёлу, і каровы аддзячваюць ёй, спаўна аддаюць малачко. У групе, якую доіць, налічваецца 86 кароў. Столькі ж у яе калегі Жанны Буцька. Жанчыны яшчэ і маленькіх цялятак даглядаюць. Брыгадзір вытворчага падраздзялення Алена Макарэвіч задаволена работай аператараў машыннага даення.

Штодзень, у будні і святы, спяшаецца Ніна Мікалаеўна на работу. Працоўны дзень пачынаецца рана і заканчваецца познім вечарам.

– Калі маладая была, то ніякай працы не цуралася, усё мне было цікава і ўсе цяжкасці па сіле, – дзеліцца ўспамінамі Ніна Мікалаеўна. – Цяпер ужо ўзрост не той. Зразумела, нялёгка прыходзіцца. Але прывыкла, уцягнулася і кінуць работу не адважваюся. Да таго ж, і пенсія невялікая.

У двары ля плота «прыпаркаваны» веласіпед, на якім даярка дабіраецца да месца працы. Яна гаворыць, што гэта самы надзейны транспарт. І круціць педалі – карысна для здароўя. А вось зімою ходзіць пешшу. Напрасткі праз поле. Два кіламетры да фермы. Адкуль толькі сілы бяруцца?!

І з дамашняй гаспадаркай жанчына заўсёды ўпраўлялася, і дзяцей выхоўвала, а іх у сям’і Русецкіх трое. Падтрымка і надзейная апора – муж. Часлаў Мікалаевіч – мужчына ўмелы. З ім Ніне Мікалаеўне, можна сказаць, пашанцавала. Убачыліся яны ў клубе. Часлаў часта прыязджаў да сястры ў Аталезь. Дзяўчат, якія хацелі з ім пазнаёміцца, было нямала, але прыглянулася Чаславу менавіта Ніна. Дзяўчына з доўгай касой і прыгожай усмешкай. Пачуццё было ўзаемным. Высокі і статны аколаўскі хлопец пакарыў дзяўчыну.

– Думаю, што сяброўкі мне зайздросцілі. І было чаго. Такі жаніх, ды яшчэ ў дадатак з матацыклам! – засмяялася Ніна Мікалаеўна і перавяла погляд на мужа. – Жывём разам тры дзесяцігоддзі. Усяго хапіла: і добрае было, і дрэннае, але мы ніколі адно аднаго не крыўдзілі.

Дом, які выдзеліла кіраўніцтва калгаса, муж і жонка даводзілі да ладу самі. Зрабілі прыбудовы. Часлаў Мікалаевіч – кваліфікаваны газаэлектразваршчык. Доўгі час працуе ў таварыстве вадзіцелем «лятучкі» ў брыгадзе па працаёмкіх працэсах. Валодае рознымі будаўнічымі спецыяльнасцямі.

– А я ў яго – падсобны рабочы, – працягвае размову жанчына. – Удваіх усё рабілі, практычна нікога не прасілі.

Рукамі Часлава Мікалаевіча зроблены ў двары арэлі, лава з парэнчамі, выкананымі з элементаў старой швейнай машыны, мангал і іншыя рэчы. Унукі –  іх у бабулі з дзядулем двое – хоць і малыя яшчэ, але, калі прыязджаюць у госці, то цягнуцца да дзеда. Так разам і ходзяць. Што ён ні зробіць – усё ім цікава.

– Здаецца, усё ў нас ёсць, – сказала Ніна Мікалаеўна. – Ганарымся дзецьмі, яны выраслі дастойнымі грамадзянамі. Атрымалі вышэйшую адукацыю. Сын працуе інжынерам, дочкі – настаўніцы. Чаго яшчэ жадаць лепшага?

Мы развіталіся з гэтымі шчырымі і працавітымі вясковымі людзьмі, якія не чакалі падарунка ад лёсу, а самі стварылі сваё шчасце. Каханне сагравае іх душы і сёння. Разам яны мараць пра тое, каб будучае іх дзяцей і ўнукаў было светлым і радасным.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *