Усміхнемся: Прыгоды дзеда Пракопа

На сувязі - рэдакцыя Нумары

Душа “Праменем” абагрэта

Сабраўся я ў камандзіроўку, у свой раён, а не ў Еўропу. Ды буду адчуваць няёмка, як не патраплю да Пракопа. Былы калгасны брыгадзір такі, вядома, не адзін. Ды ў нас з ім даўняе сяброўства, гадоў з дзясятак з ім мы проста як дружбакі, як сваякі. Пракоп – мой сябар гаманкі.

Шафёр тармозіць каля хаты. «Пакуль, сам потым дабяруся». Хадзіць я пешшу не баюся. Бо журналісты, як салдаты. Загад – у паход, шукайце вы дзень цікавых тэм, праблем, герояў. Ёсць ручка, дыктафон – уся зброя. А прагуляў – газета выйдзе? Вядома, выйдзе, не прапусцім, тут, як гадзіннік, строгі графік. А на старонкі што патрапіць? Сухіх інструкцый, лічбаў дзвесце, як кажуць, «ни уму, ни сердцу”. Магчыма, гэтак жыць не цяжка, як чытача накорміш кашкай. Без тэм сур’ёзных, без расказа аб людзях – спрэч агульнасць фразаў. Чытач разгорне, гляне гэта, і ў бок адкіне ён газету. Цяпер у інфармацыйным моры, ці скажам, у папяровым лесе “прадзвінутыя” вёска, горад сваю шукаць смела прэсу. Чытач жа наш не віртуальны, а чалавек жывы, рэальны.

Так думаў я, знаёмым тропам калі ішоў у двор Пракопаў. А потым грукаўся ў дзверы. Што ён не дома, як паверыць. Няма замка, святло ў зале. “Я хуценька, даўно чакалі? Бягу, бягу, «один момент». Ах, гэта ты, карэспандэнт!” Ледзь не кідаемся ў абдымкі. “Прабач жа, братка, за затрымку. Крыху прыснуў, стаміўся вельмі, бо аддзяжурыў ноч на ферме. А як жа, брат, сядзець без працы? Я ўсё жыццё прывык старацца. Дык вось заснуў, свая ж тут хата…” – “Дзе ж ваша цётачка Агата?” – “Агата? А каб быў здароў. У лесе корміць камароў. Грыбы яе хвалююць здуру, во неўгамонная натура. Хай ходзіць там, паветрам дыша, няхай ачысціць галаву. Лісічак прынясе ці шышак, мне ўсё роўна, хоць траву”.

«Ага, не нюхаеш грыбочка, як толькі чарачку глынеш? Не лезеш па засолку ў бочку? Дык што ж ты госцю тут пляцеш? Прабач, карэспандэнт, адразу не павіталася з табой. Пракопа як пачую фразы, то, чэсна слова, рвуся ў бой. Так нервы трэпле, узбунтуе, у лесе толькі адпачну я. Вось так зайшла тут непрыкметна, дый усё пачула, што ён трэпле.

А так сабрала зноў нямала. Баравікі заменяць сала. Тут, глянь, абабкі і апенькі. Ну, як жыццё маёй “Праменькі”?» Агата ўсё ж зноў тон мяняе і на Пракопа пазірае.

«Скажы, ты выпісаў газету? Дала яму я грошы гэта. Дык жа на пошту ты хадзіў, ці скіраваў зноў у магазін? Ты мне тут не мялі ямельку, патраціў грошы на бутэльку?»

І тут я бачу, што Пракоп не стаў часаць свой лысы лоб. А з крыўдай: “Мілая Агата, мяне зноў робіш вінаватым, ці нават лічыш за вар’ята. Няўжо такі нікчэмны пень, прапіць каб грошы на “Прамень”? Ты тут такога нагаворыш. Газету выпісаў я ўчора. Ні на пітво ці каўбасу не траціў іх, во, ужо нясу”.

Уручыў квіток той урачыста, каб даказаць, што ўсё тут чыста. “Глядзі, падпіска на ўвесь квартал. Скажы, што давяраць мне варта. Тут нават справа не ў сумленні. Бо як застацца без “Праменя”? Пенсіянер, больш часу маю, усе заметачкі чытаю. Ды і раней ішоў на работу, прыгадваў: серада, субота? Дакладна дзень які, каб гэта, чытаць любімую газету.

“Агата, дзе там мая папка? – Пракоп імчыць у залу шпарка… – Ага, у секцыі, у шуфлядзе. Давайце разам усе паглядзім. Збіраю ўсё, што ёсць у газеце аб нашай вёсцы, сельсавеце. І пра калгас, хаця, здаецца, ён таварыствам ужо завецца. Дык вось, сваё заўжды чытаю…”

Агата зноў перабівае. Ці знойдзецца калі прычына, каб доўга змоўчала жанчына? “Пракопка, дай сюды газету. Ды не, не тую, а вось гэту! Глядзіце фота: вось яно, маё льнаводчае звяно. Тады якраз мы малацілі, як прыязджаў карэспандэнт. Сказаў: «Дзяўчаты, “айн момент”!» У газеце ж нас падмаладзілі. Ды я то, даражэнькі мой, была такой вось маладой. А глянь жа – Вера, Надзя, Каця. Няхай у фуфайках, а не ў плацці. А ў строях, каб на гэта месца, усе, як на падбор, – нявесты…

“Агата, усё не ў тэму гэта. Дай мне сказаць жа пра газету. Ды ці паверыце ў дар гэткі, што стаў я аўтарам заметкі. Вось гляньце, ледзь не паўстаронкі, напісана “Зямныя сокі”. Такі мудроны загаловак, а ўверсе – “Брыгадзіра слова”. Я да пісання неахвочы, у руках не ручка, а рабочы, любы сялянскі інструмент, магу зрабіць «в один момент». А напісаць такі артыкул, і надта складны, і вялікі… Я думаю, што маю права сказаць пры ўсіх такую праўду.

Я быў на ферме, дзе даяркі. З канторы звоніць сакратарка. А голас строгі, не ў гуморы: «Пракопавіч, вам у канторы патрэбна заўтра быць у восем. Вас выклікае старшыня». І ўсё, гадай, у чым віна, чым дагадзіць не змог я «босу». Заходжу, руку не падаў і нават не сказаў «сядай». А глянуў злосна: «Ты, писатель?» І слова рускае пра маці – было яго наступным сказам. І неяк я абмяк адразу.

“Зямных ты сокаў нахлябаўся, Пракоп, ці можа проста Вася. Такі на ферме быў Пахмелкін. Як вып’е, то нясе ямельку. Яго пагнаў, як меў запой. А што рабіць, Пракоп, з табой? Ты пішаш: аб табе не дбаюць, а прыціскаюць, заціскаюць, што магазін наш “развалюха”, што клуб заўсёды пад замком. Ну што ты чухаеш за вухам? Каб хоць малоў ты языком, а тут у газету ліст направіў, мяне на ўвесь раён зняславіў”.

“І што за ліст, не разумею. У газету я пісаць не ўмею…” – “Умееш добра, гэта ж што? Рублёў дадуць за плёткі сто, а можа выпішуць і дзвесце? Так складна ты ўмееш плесці”. Пятровіч тыкае ў газету, яшчэ не прачытаў я гэту. Агата мо забрала пошту. Ды што там ёсць, чаму, навошта?

Пятровіч па стале як лясне. З канторы выскачыў, як з лазні. Бягу, не чую ног, да хаты. “Газета дзе? Давай, Агата!” Усё праўда, ёсць “Зямныя сокі”. І ўспомніў час я недалёкі. Так, прыязджаў карэспандэнт, хваліўся, што яшчэ й паэт, што мае вершаў свае кніжкі. І выпілі з ім па кілішку. Я можа гэтаму паэту і выдаў нейкія сакрэты. Пісаў карэспандэнт усё сам, ды мной заметку падпісаў.

Ну што ж, у рэдакцыю паехаў. Той рэпарцёр сустрэў са смехам. І не прасіў ён прабачэння, падаў мне са стала пячэнне. “Ты, пэўна, ранічкай адчаліў, давай жа, пачастую чаем. Бывай здароў, злаваць не варта!” – Такім мяне ўсцешыў жартам. Маўляў, рэдактарскі аўрал даць аўтарскі матэрыял…

«Пракопавіч, скажыце, пэўна, карэспандэнт быў не з «Праменя»?»

“Скажу як кіраўнік брыгады, што я люблю заўсёды праўду. За тое і цаню “Прамень” – ніколі ён не падмане”. Ізноў тут рэй бярэ Агата, расказаў у яе багата: “Пракопка, дай вось гэты нумар, ды не, не той, а там, дзе гумар. Чырвоны, дзе пра цётку Маню, а ў гэтай наша віншаванне. Нас віншавалі з юбілеем, яшчэ з сярэбраным вяселлем. Вось зяця нашага партрэт. У калгасе ён механізатар і самадзейнасці аматар. З газетаю – аўтарытэт. І раз пайшла тут пагалоска, пра кожнага, хто з нашай вёскі, у раённай пішацца газеце. Аб свеце і аб сельсавеце, аб людзях добрых, аб суседзях, пра ўсё гаворыцца ў бяседзе. “Так, інтэрв’ю, прамыя лініі… Агата, дай газету сінюю, там, дзе падкрэслена чарнілам. Газета справу нам рашыла. З дарогай, асвятленнем вулічным, з завозам у вёску хлебабулачным. Як добра, ёсць свая газета. Душа “Праменем” абагрэта”.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *