Дзякуй прадзеду за мірнае неба над галавой

Важное Вялікай Перамозе прысвячаецца

image_pdfimage_print

Напярэдадні Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў хочам расказаць пра свайго прадзеда, падзякаваць яму і ўсім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны за Перамогу.

Пушкарчук Іосіф Адамавіч служыў у Чарнаморскім ваенна-марскім флоце

Наш прадзед, Пушкарчук Іосіф Адамавіч, нарадзіўся 19 верасня 1915 года ў вёсцы Каменка Уздзенскага раёна ў вялікай беларускай сялянскай сям’і. У гарадскім пасёлку Узда ў 1933 годзе закончыў дзесяцігодку. Яго першым настаўнікам быў народны пісьменнік Беларусі Кандрат Крапіва. Паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут, дапамаглі добрыя і трывалыя школьныя веды. Праз два гады быў прызваны ў армію. Паводле спецыяльнага набору 15 мая 1935 года залічаны на службу ў Чарнаморскі ваенна-марскі флот, прайшоў падрыхтоўку ў вучэбным атрадзе Чарнаморскага флоту ў горадзе Севастопалі, атрымаў ваенную спецыяльнасць «тарпедыст».

Лета страшнага 1941 года застала яго ў горадзе Адэсе. Там і было атрымана першае баявое хрышчэнне: нідзе не схавацца, не ўтаіцца – вакол Чорнае мора. Вось геаграфія баявых дзеянняў, у якіх прымаў удзел наш прадзед: 1941 год – Адэса, 1941–1942 гады – Растоў-на-Доне, 1942–1943 гады – Паўночны Каўказ, 1943 год – Арол, 1944 год – вызваленне Беларусі (Лунінец, Пінск), 1944–1945 гады – баявыя дзеянні ў Польшчы і Германіі. З 1 студзеня 1944 года  быў камандзірам аддзялення матарыстаў атрада паўглісераў, затым – галоўным старшынёй. Ад Адэсы да Берліна па Чорным і Балтыйскім морах з баямі дабіраўся наш прадзед да Перамогі.

Нашы родныя цяпер з усмешкай нам расказваюць, як прадзед баяўся трупаў у анатамічцы, калі вучыўся ў медінстытуце, і з горыччу гавораць пра тое, колькі смерцяў сваіх баявых таварышаў-маракоў і варожых захопнікаў прыйшлося ўбачыць за гады вайны. І тады гэта быў зусім іншы страх. Бітва за кожны порт, за кожны населены пункт каштавала шмат тысяч жыццяў. Затое як радаваліся людзі, якіх вызвалялі! У нашай сям’і захаваліся пажаўцелыя фотаздымкі, на іх – шчаслівыя твары вызваленых, якія сустракалі сваіх вызваліцеляў сціплымі букецікамі палявых і дамашніх кветак, ахапкамі бэзу.

Доўгай і кровапралітнай была дарога да Берліна. Дзве страшныя навіны прыйшлі з дому: падчас адступлення немцаў пры бамбёжцы ў скверы г. п. Узда загінула яго пяцігадовая дачка Тамара, а жонку вывезлі фашысты на прымусовыя работы ў Германію.

З яшчэ большай злосцю і сілай волі змагаўся марак, вызваляючы ў той час беларускія гарады Лунінец і Пінск. Баі былі кровапралітныя, з вялікай стратай маракоў. Там баец атрымаў два лёгкія раненні. Падчас баёў на рацэ Вісла ў Польшчы прадзед атрымаў цяжкае раненне. У канцы красавіка адважна змагаліся на рацэ Одэр у Германіі. Марская пяхота разам з байцамі Чырвонай арміі вызваляла населеныя пункты, канцэнтрацыйныя лагеры. Вялікую Перамогу наш прадзед сустрэў у кантужаным стане ў Берліне. Агідна і прыкра было бачыць пераможаных фашыстаў.

Радзіма аддзячыла нашаму прадзеду наступнымі ўзнагародамі: дзвюма падзякамі Сталіна за авалодванне важным чыгуначным вузлом Палесся – горадам Лунінцом, за выдатныя баявыя дзеянні (загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага СССР І. В. Сталіна ад 10 ліпеня 1944 года), за авалодванне абласным цэнтрам Савецкай Беларусі – горадам Пінскам – важным апорным пунктам абароны немцаў на Брэсцкім напрамку, выдатныя баявыя дзеянні (аналагічны загад ад 14 ліпеня 1944 года); медалямі «За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.» (14 кастрычніка 1945 года), «XXX лет Советской армии и флота» (16 жніўня 1948 года), «За взятие Берлина» (31 снежня 1948 года), «Двадцать лет Победы в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.» (29 мая 1956 года); знакам «За доблесть и отвагу в Великой Отечественной войне»; юбілейнымі медалямі «50 лет Вооруженых Сил СССР» (7 лютага 1969 года), «Тридцать лет Победы в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.» (14 красавіка 1976 года), «60 лет Вооруженных Сил СССР» (18 жніўня 1978 года), «Сорок лет Победы в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.» (5 мая 1985 года); ордэнам Айчыннай вайны II ступені. У нашай бабулі захаваны ўсе пацвярджэнні ўзнагарод, чырвонафлоцкая кніжка, кніжка купонаў на грашовыя выплаты за атрыманыя медалі.

Пасля вайны наш прадзед разам з сям’ёй пераехаў жыць у г. Стоўбцы, доўгі час працаваў бухгалтарам-рэвізорам у сельгасупраўленні райвыканкама, на іншых пасадах. Апошнія гады жыцця шмат хварэў: давалі пра сябе знаць баявыя раненні і кантузія. Яго не стала 12 красавіка 1985 года, прадзядуля паўгода не дажыў да свайго 70-годдзя. Мы не бачылі прадзядулю жывым, бо нас яшчэ не было на свеце, але ведаем, што ён выканаў галоўную місію на зямлі: вызваляў Радзіму ад ворагаў, разам з бабуляй выгадаваў дзвюх дачок, даў ім вышэйшую адукацыю, выдаў замуж, дапамагаў гадаваць і выхоўваць унучку і ўнука, пабудаваў вялікі дом, пасадзіў сад.

Усе хлопчыкі любяць гуляць у вайну. Наш тата, Дзмітрый Анатольевіч Грэкаў, пра вайну ведаў з першых вуснаў, часта даймаў свайго дзядулю просьбай расказаць пра баявыя дзеянні, любіў разглядваць яго ваенныя ўзнагароды, юбілейныя медалі.

Магчыма, у дзіцячую памяць нашага таты глыбока запалі аповеды дзеда. Пасля заканчэння педагагічнага ўніверсітэта тата нядоўга папрацаваў настаўнікам у сваёй роднай школе № 2 г. Стоўбцы, пайшоў у армію, а потым, адслужыўшы адзін год, застаўся ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь на цэлых 20 гадоў. Даслужыўся да звання маёра, цяпер ён малады пенсіянер-адстаўнік. Як і дзядуля, мае многа падзяк, узнагароджаны шасцю медалямі, памятным нагрудным знакам, але ўжо ў наш час – мірны, свабодны.

Мы вельмі ганарымся сваім прадзядулем, і цяпер ужо часта мы, дзве сястры, распытваем у таты, бабулі пра нашага ветэрана вайны, яго баявыя подзвігі.

Сваю Перамогу нашы дзяды і прадзеды перадалі ўнукам і праўнукам. У сям’і нашай бабулі, Галіны Іосіфаўны Грэкавай, стала святой традыцыяй вывешваць стары кіцель з медалямі свайго бацькі, нашага прадзеда, на самым бачным месцы ў зале на Дзень Перамогі, 9 Мая, у Дзень вызвалення Беларусі. А цяпер побач з кіцелем прадзеда вісіць і кіцель нашага таты. Мы заўсёды сям’ёй у гэтыя святы ідзём на плошчу Бессмяротнасці нашага горада, прысутнічаем на мітынгу, ускладаем кветкі на плошчы і на могілках прадзеда і прабабулі, а дома разглядваем старыя фотаздымкі і гаворым, гаворым, гаворым…

Ніхто і нішто не павінна быць забыта. Важна, каб памяць пра вайну, яе ўдзельнікаў і вызваліцеляў заўсёды жыла ў нашых сэрцах, у нашай памяці, каб ніколі не паўтарыліся гора, смерць, кроў, голад, разруха, пакуты, пра якія яшчэ ёсць каму нам расказаць. Для нас наказ старэйшых – старанна вучыцца, добра паводзіць сябе. Я ў гэтым годзе закончыла СШ №  3 г. Стоўбцы з залатым медалём, Арына – пачатковую школу на выдатна.

Дзякуй нашаму прадзеду за Вялікую Перамогу. Вечная памяць, слава і наша падзяка ўсім удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў!

Влада і Арына ГРЭКАВЫ

Фота Ксеніі РУБІН



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *