Зберагла ў сэрцы дарагі вобраз

Важное Вялікай Перамозе прысвячаецца

image_pdfimage_print

22 чэрвеня — 80 гадоў, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. Стаўбчанцы Ніне Лапко – крыху больш.

Яна ў ліку тых, у каго вайна забрала бацьку. Каго вайна пакінула без дзяцінства…

Ніна Лапко — адна з тых, у каго вайна адабрала дзяцінства

Нядзіўна, што гэтыя чэрвеньскія дні, напоўненыя ўспамінамі аб мінулым, асабліва хвалюючыя ў жыцці жанчыны.

Ніна Паўлаўна расказвае, якім добрым быў яе бацька. Настаўнік па прафесіі, родам з Баранавічаў, ён жаніўся і пераехаў у вёску Ячонка, да матулі. Працаваць прыйшлося на зямлі. Перад вайной яго прызвалі на зборы.

Відавочна, што ён, як і многія яго таварышы, першым уступіў у бой з ворагам. Загінуў на фронце, пакінуўшы сіротамі пяцярых дзяцей. Ніна была самай малодшай…

Матулі прыйшлося працаваць на зямлі за дваіх. «Не галадалі, таму што трымалі  вялікую гаспадарку», – прыгадвае Ніна Паўлаўна.

Хоць і была малой, у яе свядомасці застаўся момант, як у хату заяўляліся немцы – тады ўсе дзеці кідаліся на печ.

У ваеннае ліхалецце матуля зберагла ўсіх пяцярых. І пасля вайны ёй было няпроста без мужа і гаспадара. Аднойчы Ніна ішла праз лес у школу і сустрэла ваўкоў. Моцна напужалася. Захварэла. Урачы паставілі страшны дыягназ – туберкулёз косці.

Дзяўчынцы прыйшлося працяглы час лячыцца (праводзіла ў санаторыі па некалькі гадоў запар), перанесла складаную аперацыю… У дарослым жыцці яна стала швачкай. І замуж выйшла за краўца. Выгадавалі траіх дзяцей.

Цяпер Ніна Паўлаўна засталася ў доме адна (аўдавела больш за 30 гадоў таму). Сама сабе здзіўляецца: «Як гэта я са сваім здароўем дажыла да такога веку?..» Прызнаецца, што часам бывае вельмі сумна. Але радасна, калі завітваюць госці. Тады чуваць размовы, і з твару жанчыны не сыходзіць усмешка.

Дзеці вайны ў душы так і засталіся дзецьмі – шчырымі, пяшчотнымі, цікаўнымі…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *