Зямля – у севазвароце

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Эфектыўнае выкарыстанне сельгасугоддзяў дае магчымасць атрымаць дадатковую прадукцыю

У працэсе гаспадарчай дзейнасці галоўным напрамкам у размеркаванні зямель застаецца максімальнае захаванне сельскагаспадарчых угоддзяў і далейшае ўдасканаленне іх структуры.

– Навядзенне парадку на зямлі з’яўляецца першачарговай задачай для ўсіх яе карыстальнікаў, – гаворыць начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Таццяна Юнцэвіч. – Рацыянальнае выкарыстанне зямельных рэсурсаў мае вялікае значэнне ў эканоміцы сельскай гаспадаркі і краіны ў цэлым, таму ніводны гектар не павінен быць выведзены з абароту. У студзені бягучага года сумесна з упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый і фермерскіх гаспадарак намі было выдадзена прадпісанне правесці на першага чэрвеня работы па ўцягванні ў абарот усіх зямель, якія імі не выкарыстоўваюцца або выкарыстоўваюцца неэфектыўна. Асаблівую ўвагу пры гэтым неабходна было звярнуць на прылеглыя да фермаў тэрыторыі. Пасля праведзенага маніторынгу выяўлена менш, чым у папярэднія гады, фактаў выкарыстання зямельных участкаў не па мэтавым прызначэнні. Але гэтая работа сельгасарганізацыямі не завершана, і дагэтуль яшчэ застаюцца зямельныя ўчасткі, якія не ўцягнуты ў севазварот. Яны не маюць эстэтычнага выгляду, зараслі пустазеллем і нясуць пажарную небяспеку. А самае галоўнае заключаецца ў тым, што даную плошчу можна было перазалужыць і дадаткова атрымаць травяныя кармы для грамадскай жывёлы.

Начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама
Таццяна Юнцэвіч

– Таццяна Леанідаўна, а ў якіх сельгасарганізацыях найбольш адказна падышлі да выканання пастаўленай задачы?

– Немалая работа па ўцягванні зямель у севазварот праведзена ў ААТ «Вішнявецкі-агра», ААТ «Агранёманскі», ААТ «Жацерава», ААТ «Налібакі Агра». У гэтых таварыствах заараны і засеяны пераважна ўсе плошчы, якія перададзены ім сельвыканкамамі. Гэта соткі, на якіх людзі садзілі бульбу, і зямельныя ўчасткі ў вёсках. Магчыма, з цягам часу хтосьці зноў пажадае імі карыстацца і вырошчваць на зямлі неабходную  сельскагаспадарчую прадукцыю.

– А што можна сказаць увогуле аб эфектыўнасці выкарыстання зямель, якія выдзелены сельгасарганізацыям для пастаяннага карыстання або ў арэнду?

– Не ўсюды і не заўсёды зямля выкарыстоўваецца рацыянальна. У гэтым плане з негатыўнага боку ў першую чаргу трэба адзначыць ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», дзе не ўсе арандаваныя прадпрыемствам землі заараны. Недапрацоўваюць ААТ «Дзераўное», ААТ «Радзіма Дзяржынскага», ААТ «Рочавічы», ААТ «Радзіма Якуба Коласа», ААТ «Шашкі», СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Станоўчы прыклад – ААТ «Рубяжэвічы», дзе пад сельскагаспадарчымі культурамі заняты ўсе наяўныя дзеля гэтага зямельныя плошчы.

Так выглядае тэрыторыя побач з МТФ «Ячнае» ПДСУП «Профі-Аграцэнтр»

– Штогод у раёне праводзіцца маніторынг фактычнага стану зямель. Аб чым сведчаць апошнія лічбы?

– Згодна з атрыманай інфармацыяй, у раёне на 2326 гектараў павялічылася плошча пад драўнінна-хмызняковай расліннасцю. Гэта сведчанне таго, што працягваецца зарастанне сельскагаспадарчых зямель, пераважна лугавых. Толькі сёлета з сельгасарганізацый у карыстанне Стаўбцоўскага лясгаса, для вядзення лясной гаспадаркі, перададзена 163 гектары. Гэтая работа будзе праводзіцца і далей, бо такія ўчасткі ў гаспадарках яшчэ застаюцца. Пастаўлена задача не дапусціць далейшага зарастання зямель.

– А як выглядаюць зямельныя ўчасткі фермераў?

– У большасці з іх землі выкарыстоўваюцца эфектыўна, але разам з тым маюць месца і адмоўныя факты. І гэта тычыцца, у прыватнасці, ТАА «Илго», дзе большасць плошчы засаджана садам, але ёсць участкі, якія не выкарыстоўваюцца і зараслі пустазеллем. Не ўсе землі ўцягнуты ў абарот у СФГ «Вкус мяса», СФГ «Крестьянское качество», СФГ «Черняки», СФГ «Зелёная ферма». Прыклад рацыянальнага выкарыстання выдзеленага зямельнага ўчастка – СФГ «Фруктерра». У пачатку года ў раёне налічвалася 24 сялянскія фермерскія гаспадаркі.

Зараслі палеткі ля Апечак у СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс»

– Таццяна Леанідаўна, а якая прадугледжана адказнасць за неэфектыўнае выкарыстанне зямельнага ўчастка?

– Згодна з Адміністрацыйным кодэксам Рэспублікі Беларусь, неэфектыўнае выкарыстанне зямельнага ўчастка цягне накладанне штрафу на грамадзяніна – да 10 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – да 25, на юрыдычную асобу – да 50 базавых велічынь. Для ўхілення парушэнняў землекарыстальнікам выдаюцца прадпісанні. У выпадку іх невыканання складаюцца адміністрацыйныя пратаколы. За апошнія тры гады па прычыне выкарыстання сельскагаспадарчых земляў не па мэтавым  прызначэнні аштрафаваны ААТ «Дзераўное», ААТ «Рочавічы», ААТ «Радзіма Дзяржынскага» і ААТ «Шашкі».

Роўнымі радамі растуць барбарыс і саджанцы яблынь у СФГ «Фруктерра»

Надзея БАТАЛКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *