У нашым горадзе: З маркай «Астэрыя»

Нумары Раённыя навіны

На мінулым тыдні ў Стоўбцах урачыста адкрыўся новы прадуктовы магазін з брэндам «Астэрыя».  Крама знаходзіцца на плошчах былога магазіна райспажыўтаварыства вядомага стаўбчанам як «дзяжурны», насупраць былога малаказавода. Гісторыя ж гэтай гандлёвай кропкі бярэ пачатак з далёкага 1934 года. Некалі паляк меў тут пякарню і прадаваў свежы хлеб.

Доўгі час магазін не выкарыстоўваўся па прызначэнні, і райспажыўтаварыства выставіла будынак на аўкцыён. Так аб’ект перайшоў у карыстанне ААТ «Аграінвест», якое займаецца аптовым і рознічным гандлем. Прыватная фірма мае магазін «Астэрыя» на вуліцы Ленінскай і аптовы магазін на былых складах прадпрыемства грамадскага  харчавання. Новы магазін на вуліцы Сацыялістычнай адрамантаваны новым гаспадаром. Там  створаны выдатныя бытавыя ўмовы для прадаўцоў. Устаноўлена новае сучаснае гандлёвае абсталяванне. Гэта маглі ацаніць пакупнікі, хто ўжо наведваў новую краму.

Аб тым, што застаецца «за кадрам», расказвае нам дырэктар ААТ «Аграінвест» Часлаў Астроўскі:

–       Тэндэнцыі часу дыктуюць стварэнне сеткі магазінаў з пэўным брэндам. Адкрыццё новай прадуктовай крамы ў горадзе з маркай «Астэрыя» –  крок да гэтага. Такая практыка дае магчымасць прадукцыйна будаваць партнёрскія адносіны з пастаўшчыкамі тавару, вытрымліваць канкурэнтаздольныя цэны, забяспечваць дастойны асартымент, праводзіць сумесна з вытворцамі акцыі па зніжэнні гандлёвых нацэнак, такім чынам, павышаць якасць гандлёвага абслугоўвання пакупнікоў. Новы магазін абяцае стаўбчанам палюбіцца разнастайнасцю тавараў  лепшых вытворцаў прадуктаў у нашай краіне і высокай культурай абслугоўвання. Гэтыя абавязкі мы ўскладваем на загадчыцу магазіна Таццяну Борыс і прадаўцоў Ірыну Маслоўскую, Наталлю Лявончык, Святлану Лосеву, Марыну Ступец. 

На працягу 10-гадовай вытворчай дзейнасці фірма «Аграінвест» замацавала свае пазіцыі на рынку гандлёвых паслуг.  Аптовы гандаль ажыццяўляецца не толькі ў нашым раёне, але і ў васьмі раёнах Мінскай, Гродзенскай, Брэсцкай абласцей – прадукты харчавання дастаўляюцца ў дзяржаўныя сацыяльныя ўстановы і прыватныя магазіны.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

На здымку: дырэктар ААТ «Аграінвест» Часлаў Астроўскі з намеснікам дырэктара рознічнага гандлю Тэрэзай Бурдукевіч і загадчыцай магазіна Таццянай Борыс падчас урачыстага адкрыцця крамы.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *