Да Дня машынабудаўніка: Разам з «ліцейкай» – і кар’ерны рост

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

На будаўніцтве новага завода высокадакладнага высокатрывалага чыгуннага ліцця, які ўзводзіцца на філіяле ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, ужо асвоена больш чым 130 мільярдаў рублёў інвестыцый. Літаральна праз месяц-другі іх аб’ём сягне да 160-170 мільярдаў рублёў, таму што актыўнымі тэмпамі ажыццяўляецца мантаж суперсучаснага абсталявання. Рэалізацыя гэтага імпартазамяшчальнага праекта ўваходзіць у лік прыярытэтных для інавацыйнага развіцця аўтамабілебудавання Рэспублікі Беларусь і ажыццяўляецца пад куратарствам віцэ-прэм’ера рэспублікі Уладзіміра Сямашкі.  

Аўтаматызаваныя загрузка і комплекс для брыкетавання чыгуннай стружкі, рэйкі для чыгуначнай веткі, якія вядуць акурат на шыхтавы двор, рабатызаваныя прыстасаванні з асноўнай крыніцай энергіі – сціснутым паветрам, кіраванне вытворчым працэсам праз сенсорныя экраны і многія іншыя «навароты»  не без гордасці паказвае і расказвае пра прынцып будучай работы падчас экскурсіі па новым заводзе плошчай 10 тысяч м2 начальнік вытворчасці высокадакладнага высокатрывалага чыгуннага ліцця Павел Ярахавец. Згодна з кантрактамі і сусветнай практыкай, над шэф-мантажом працуюць непасрэдна вытворцы гэтага абсталявання, прадстаўнікі сусветна вядомых фірмаў. І – немалаважна – увесь мантаж, пачынаючы ад падлогі і да гатовай канструкцыі, адбываецца з удзелам нашых спецыялістаў, якім пасля абслугоўваць гэтае абсталяванне. Мяркуючы па брэндавых назвах вытворцаў, яно – сусветнага ўзроўню. Мой праважаты звяртае ўвагу на завяршэнне ўстаноўкі выцяжкі і фільтрацыі газу – своеасаблівых «лёгкіх» новага завода і нашага горада. Каэфіцыент ачысткі складзе 0,98 з мяркуемай адзінкі.        

Увядзенне ў эксплуатацыю першага пускавога комплексу першай чаргі завода – выраб адлівак гільзы блока цыліндраў – запланавана ўжо на лістапад бягучага года.

– Нас чакаюць два гарачыя месяцы, – заключае ў сувязі з гэтым Павел Ярахавец. – Далей, зразумела, таксама лёгка не будзе, як і на любой вытворчасці. Здача ў эксплуатацыю першай чаргі завода намечана на першы квартал 2016 года, у перспектыве – і другая чарга завода. Над гэтым працуюць падрадныя арганізацыі. На працягу ўсяго лета пастаянна былі задзейнічаны замежныя спецыялісты, прадстаўнікі заводаў-вытворцаў, якія ажыццяўляюць работы па шэф-мантажу. Сярод іх – немцы, італьянцы, аўстрыйцы. З імі прыемна працаваць – уніклівыя, педантычныя людзі. Мы многаму ў іх навучыліся.   

– А як з агульнай мовай?         

– Кантактуем на англійскай. Вывучаў яе ў БНТУ. Універсітэт закончыў у 2010 годзе з адзнакай, менавіта па профільнай спецыяльнасці – «Машыны і тэхналогіі ліцейнай вытворчасці». Калі размяркоўваўся на філіял, «ліцейкі» яшчэ не было, аднак планы такія ўжо існавалі, і дырэктар філіяла папярэджваў мяне аб гэтым. Работы  шмат – займаюся ўсімі пытаннямі будаўніцтва, супрацоўніцтва з падраднымі арганізацыямі. Цікава, таму што кожны дзень – штосьці новае, ёсць да чаго расці, што спазнаваць. А гэта – перадавыя тэхналогіі. У нас жа падпісаны яшчэ адзін кантракт, які трэба рэалізаваць у другім квартале наступнага года, – арганізацыя ўчастка малых серый па вырабе адлівак метадам ліцця па халоднацвярдзеючым зменным працэсе. Тэхналогія гэтая вядомая ў свеце, аднак аналагаў нашай лініі – ад плаўкі да гатовай прадукцыі – у рэспубліцы пакуль няма.

– Раней дырэктар завода Анатоль Молчан выказваўся, што ўскладае на вас, маладога і адказнага спецыяліста з высокай кваліфікацыяй, вельмі вялікія надзеі. А як з падборам кадраў рабочых спецыяльнасцяў для такой сучаснай вытворчасці?

– Мэтанакіраваных людзей я падбіраў сам, непасрэдна з калектыву завода. Яны былі ўжо ў мяне на прыкмеце. Балазе, за пяць гадоў работы на заводзе я паспрабаваў сябе на розных участках. Пасля БНТУ пачынаў ля станка,  звычайным вучнем. Дзякуй за гэта нашаму дырэктару, які прапанаваў мне такую прафесійную і жыццёвую школу. Дарэчы, па меры таго, як ідзе будаўніцтва завода, аснашчэнне яго абсталяваннем, назіраецца і мой кар’ерны рост. З чэрвеня я прызначаны на пасаду начальніка новай вытворчасці. Тэарэтычную падрыхтоўку будучым ліцейшчыкам даю сам, а практыку яны цяпер праходзяць на базе Лідскага ліцейна-механічнага завода, Мінскага маторнага завода, Баранавіцкага станкабудаўнічага завода. Завяршылі навучанне ў ГАЗ-Інстытуце, таму што наша абсталяванне спажывае прыродны газ. Пасля вучобы намечаны экзамены, якія будзе прымаць спецыяльная камісія на Мінскім маторным заводзе і прысвойваць кваліфікацыйны разрад.

Калі пачнуцца пуска-наладачныя работы, ізноў прыедуць прадстаўнікі заводаў-вытворцаў і  на месцы таксама будуць навучаць нашых работнікаў. Гэта важна, таму што кожная ўстаноўка аснашчана праграмаваным лагічным кантролем. Дзякуючы аўтаматызацыі для выпуску гільзы спатрэбяцца 15-16 спецыялістаў у змену. У перспектыве мы плануем, каб вытворчасць была ў кругласутачным рэжыме.     

Даць краіне гільзу айчыннай вытворчасці – гэта надзённая задача стаўбцоўскіх машынабудаўнікоў. Калі раней яе закуп ажыццяўляўся ў Польшчы, то  апошнім часам – ва Украіне, дзе эканамічная сітуацыя ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі на Данбасе не можа не выклікаць напружання. Хацелася б хутчэй перайсці на ўласнае, перадавое, стабільнае.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: за чарцяжом (злева направа) – плавільшчык Віталь Краўчанка, начальнік вытворчасці высокадакладнага высокатрывалага чыгуннага ліцця Павел Ярахавец і прадстаўнік генпадраднай арганізацыі БУ-20 ААТ «Мінскпрамбуд» Павел Зарожны.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *