Па слядах судовага эксперта. Аб чым марыць выпускніца юрфака БДУ і якія яшчэ адбіткі, акрамя службовых, яна збірае

Главное Моладзь Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

«Лінеечкі тоненькія, невыразныя, але іх неабходна разглядзець і ўстанавіць агульную карціну. Праца ювелірная, нагадвае даследаванне», – расказвае аб працэсе дактыласкапічнай экспертызы дзяржаўны судовы эксперт Крысціна Мікшута.

Крысціна Мікшута працуе судовым экспертам

Яна пільна ўглядаецца ў мікраскоп. Потым штосьці вывучае праз лупу з павелічальным шклом.

Зразумела, спешцы тут не месца. Наадварот, як прызнаецца Крысціна, бывае, што сёння ўбачыш адно, заўтра – зусім іншае, і адна маленькая «закавычка» здольная змяніць усё.

А першапачаткова спецыяліст выязджае ў складзе аператыўна-следчай групы на месца здарэння, дзе важна дасканала і якасна сабраць доказы злачынства. Ён шукае і капіруе на клейкую стужку або плёнку нават самыя маленькія фрагменты адпячаткаў.

– Калі «маляваць» у сваёй галаве тое, як мог дзейнічаць злачынца, то такіх слядоў удаецца сабраць максімальную колькасць, – кажа мая суразмоўніца, задача якой заключаецца і ў тым, каб на месцы вызначыць прыдатнасць знойдзеных слядоў для далейшай работы.

Напэўна, пабыць у ролі судовага эксперта хацелася б кожнаму. Вельмі ж незвычайная, нават загадкавая праца! Вось і дачушка Крысціны, Варвара, кажа ў дзіцячым садку: «Мая мама –  судовы эксперт!» Матуля дазволіла ёй зазірнуць у свой «суперчамаданчык». А там – рознакаляровыя парашкі ды пэндзлікі, вымяральныя прыборы, з дапамогай якіх вядуцца пошук і фіксацыя слядоў злачынцы.

Крысціна нарадзілася на Стаўбцоўшчыне, у пасёлку Нёман. Закончыла Шашкоўскую школу, а потым – юрыдычны факультэт БДУ. У Стаўбцоўскі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз прыйшла ў верасні 2019 года. Прызнаецца, што яе заўсёды вабіла работа, дзе супрацоўнікі – у форме. «Шукала свой варыянт – і знайшла», – упэўнена заяўляе малады спецыяліст.

Першыя паўгода Крысціна лічылася судовым экспертам-стажорам. У авалодванні прафесіяй ёй дапамагалі вопытныя калегі, з якімі ў тым ліку выязджала на месцы здарэнняў. Безумоўна, не абыходзіцца без самаадукацыі. Тым больш, назіраецца рост новых відаў злачынстваў (да прыкладу, кіберзлачыннасць), і судоваму эксперту неабходна пастаянна развівацца, самаўдасканальвацца.

На цяперашні момант Крысціна Мікшута атрымала ўжо два допускі,  і адзін з іх – да пра вядзення згаданых вышэй дактыласкапічных экспертыз. У яе ёсць магчымасці, а галоўнае – цікавасць да далейшага павышэння сваёй кваліфікацыі.

І хоць праца судовага эксперта спецыфічная (дзяжурствы носяць кругласутачны характар і могуць прыйсціся на святочныя і выхадныя дні), мара маладога спецыяліста – стаць атэставаным супрацоўнікам аддзела. Для кар’ернага росту – і Крысціна гэта добра разумее – трэба зарэкамендаваць сябе ў экспертнай дзейнасці. А высокакваліфікаваныя судовыя эксперты заўсёды запатрабаваныя.

На даным этапе ўсе цяжкасці ў рабоце Крысціна Мікшута кам пенсуе маладым энтузіязмам. Вольны час прысвячае сям’і. Яна з мужам і дачкой любіць ездзіць па Беларусі і знаёміцца са сваёй краінай.

Сёлета Крысціна заняла першае месца ў фотаконкурсе, прысвечаным малой радзіме,  які праводзіла ўпраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінскай вобласці. Адметна, што ўсе конкурсныя фотаздымкі яна зрабіла на Стаўбцоўшчыне.

Для Крысціны гэта любы сэрцу куточак, якому яна гатова служыць і прызнавацца ў любові. Кожная добрая справа – для працвітання роднага краю.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *