Навіны Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

АКЦЫЯ: УРОКІ ФІНАНСАВАЙ ГРАМАТЫ

Разлікова-касавы цэнтр № 18 у г. Стоўбцы філіяла ААТ «Белаграпрамбанк»  уключыўся ў рэспубліканскую  вераснёўскую акцыю, якая заклікана пазнаёміць школьнікаў з асновамі фінансавай граматнасці.

Супрацоўнікі цэнтра ў перыяд з 1 па 10 верасня наведалі 17 сельскіх школ раёна. У  Заямнаўскую СШ  завіталі ў рамках агульнарэспубліканскага сацыяльнага праекта кіраўнік РКЦ № 18 ААТ «Белаграпрамбанк» Леанід Лобка і галоўны спецыяліст па аказанні рознічных паслуг Аксана Жылінская. Вучням пятага класа быў уручаны падарункавы  набор, які ўключаў выпушчаны Белаграпрамбанкам зборнік дзіцячых казак на фінансавую тэму «Твае першыя фінансы», расклад урокаў з лагатыпам абаяльнага талісмана банка Агрыка, каляндар на новы навучальны год і інфармацыйны буклет.

Леанід Лобка павіншаваў вучняў з пачаткам новага навучальнага года, пажадаў поспехаў у авалодванні ведамі, у тым ліку і тымі, якія фарміруюць беражлівасць і эканомію, адказныя адносіны да грошай. Леанід Мікалаевіч пазнаёміў вучняў з акцыяй «Дзіцячая ашчадная праграма «Расці вялікі!», якая праводзіцца Белаграпрамбанкам на працягу  сямі гадоў.  Удзельнікамі акцыі могуць стаць дзеці ва ўзросце да 16 гадоў, на імя якіх у Белаграпрамбанку аформлены дагаворы тэрміновага банкаўскага ўкладу (дэпазіту) сістэмы зберажэнняў «Лінія росту». Адкрываючы ўклад на імя дзіцяці, можна не толькі размясціць грашовыя сродкі на выгадных умовах, але і выкарыстаць дадатковыя магчымасці. Напрыклад, скарыстаць ільготны крэдыт «Студэнцкі» для аплаты навучання ў ВНУ, атрымаць крэдытную картку на спецыяльных умовах. У рамках гэтай сістэмы кожнае дзіця, на каго адкрыты ўклад, атрымлівае падарункі ад банка ў дзень нараджэння. Белаграпрамбанк падрыхтаваў удзельнікам акцыі такі сюрпрыз –  у ходзе рэкламнай гульні «Падары мару» кожны год разыгрываецца паездка ў Дыснейлэнд.

Аксана Жылінская ў вельмі даступнай форме расказала вучням аб тым, што і дзеці могуць мець дзіцячую пластыкавую картку і карыстацца ёю. Не за гарамі час, калі ў школьных буфетах з’явяцца тэрміналы і за бутэрброд школьніку можна будзе разлічыцца з дапамогай банкаўскай карткі. У сувязі з гэтым Аксана Жылінская расказала вучням, што такое банкаўскія тэрмінал, банкамат, інфакіёск, якое іх прызначэнне і якія функцыі яны выконваюць.

 У ходзе вераснёўскай банкаўскай акцыі 143 пяцікласнікі сельскіх школ раёна атрымалі вось такі карысны падарунак ад банка. Ён паспрыяе фінансавай адукаванасці школьнікаў.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

  

СЕЗОН: ЗАПАС ДЛЯ ШКОЛ

У мінулым ацяпляльным сезоне Хатаўское лясніцтва рэалізавала заказчыкам больш за 200 м3 дроў. Вялікі попыт на іх назіраецца і цяпер, у пярэдадзень новага ацяпляльнага сезона.    

Акрамя паставак райпалівазабеспячэнню і Стаўбцоўскаму аб’яднанню камунальных службаў, лясніцтва забяспечвае дровамі бліжэйшыя сацыяльныя ўстановы: школы ў Цеснавой, Налібаках і Дзераўной, дом-інтэрнат у Кулі. «Дровы выдзяляем і завозім сваім трактарам з гідраманіпулятарам, –  адзначае ляснічы Анатоль Бычкевіч. – Хоць на іх і захоўваецца вялікі попыт, але хапае  ўсім. Неўзабаве да нашых раённых заказчыкаў дабавяцца арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі з Карэлічаў  і Нясвіжа».

 

УЛОЎ З САЖАЛАК

З надыходам восені пачаўся адлоў таварнай рыбы на сажалках філіяла «Хатава» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі».

У сетках рыбаводаў трапечуцца карп, шчупак, белы амур, таўсталобік, а таксама  – ужо другі сезон – фарэль. Як адзначыў дырэктар філіяла Юрый Мінько, сёлета складваюцца нядрэнныя разлікі на ўраджай, запланавана адлавіць не менш за 44 тоны рыбы. Рэалізацыя прадукцыі, вырашчанай на філіяле, ажыццяўляецца ў фірменных магазінах агракамбіната – у Фаніпалі і Дзяржынску, у Івянцы, а таксама непасрэдна ў рыбгасе. Гэтай магчымасцю карыстаюцца ўсе жыхары суседніх з філіялам вёсак.

 

ЗНАК ДЛЯ ЛЕСНІКА

На ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню работнікаў лесу, што прайшоў у сталічным Палацы прафсаюзаў, сярод лесаводаў рэспублікі былі ўшанаваны  і і прадстаўнікі Стаўбцоўшчыны.

Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь узнагароджана галоўны бухгалтар Стаўбцоўскага доследнага лясгаса Ларыса Курыла, падзякай міністра – вадзіцель на вывазцы лесу Мікалай Лапко. Грамата Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання ўручана інжынеру па стандартызацыі і якасці Людміле Кулініч, падзяка генеральнага дырэктара аб’яднання – заточніку вытворча-майстарскага ўчастка «Акінчыцы» Міхаілу Войнічу.

Шэраг работнікаў лясгаса адзначаны нагруднымі знакамі Міністэрства лясной гаспадаркі за шматгадовую бездакорную службу ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь:  за 30 гадоў службы – ляснік Налібацкага лясніцтва Уладзімір Губар і галоўны ляснічы Уладзімір Зялёнка; за 20 гадоў службы – ляснік Акінчыцкага лясніцтва Уладзімір Парчэўскі і ляснік Хатаўскога лясніцтва Вячаслаў Чэмка; за 10 гадоў службы – ляснік Рубяжэвіцкага лясніцтва Вячаслаў Антонаў, ляснік Кляцішчанскага лясніцтва Баляслаў Бразоўскі, ляснічы Кляцішчанскага лясніцтва Аркадзь Панамароў, ляснік Старынскага лясніцтва Іосіф Копач, ляснік Хатаўскога лясніцтва Вадзім Талейка, майстар лесу Кульскога лясніцтва Сяргей Фёдараў і ляснік Прудскога доследнага  лясніцтва Міхаіл Яцэвіч.

Да прафесійнага свята работнікаў лесу граматы і падзякі падрыхтаваў і раённы выканаўчы камітэт. Сярод узнагароджаных – вальшчык лесу Рубяжэвіцкага лясніцтва Рахметула Хамідулін, вадзіцель на вывазцы лесу лясгаса Генадзій Сухадолец, трактарыст Кульскога лясніцтва Вячаслаў Жвырбля, бухгалтар Прудскога доследнага лясніцтва Жанна Міхно.

Акрамя таго, вялікая група лесаводаў заахвочана за плённую працу кіраўніцтвам лясгаса.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *