У стрэйч-плёнку закручваюць і сена

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

У ААТ «Агранёманскі» завершаны першы ўкос траў, але нарыхтоўка кармоў тут працягваецца. Кормаўборачны атрад шчыруе ў пойме Нёмана.

Косіць траву механізатар Казімір Дамброўскі

Лугавыя травы выраслі неблагія, і ў гаспадарцы разлічваюць закласці больш, чым у мінулым годзе, травяных кармоў. Цяпер на ўмоўную галаву жывёлы прыпадае каля сямі цэнтнераў кармавых адзінак. Большаячастка ад запланаванага – а гэта больш за 9,5 тысячы тон – нарыхтавана сенажу. Гэтымі днямі запаўняюць сянажную траншэю на МТФ «Дразды». Сушаць і сена, у наяўнасці ўжо звыш 100 тон.

Аляксандр Фалюк (справа) шчыруе на камбайне, а Віктар Семянько перавозіць здробненую масу

– Нам патрэбна закласці для грамадскай жывёлы 900 тон такога віду корму.  Большую частку разлічваем нарыхтаваць з другога ўкосу. Пэўную колькасць сена мы закруцілі ў стрэйч-плёнку, – расказвае галоўны аграном таварыства Іван Скварчэўскі. – Тэхналогія адпрацаваная. Рулоны складзіруем і захоўваем непасрэдна ў полі.

На гэтай тэхналагічнай аперацыі рупяцца Арцём Дарашэвіч і Міхаіл Мазюкевіч.

На касьбе траў задзейнічаны пяць касілак, з якімі на трактарах працуюць Казімір Дамброўскі, Анатолій Шабуня, Андрэй Жук, Віктар Казюка і Дзмітрый Шышко. На падборцы і здрабненні правяленай зялёнай масы шчыруе вопытны работнік Аляксандр Фалюк, у распараджэнні якога – кормаўборачны камбайн «Ягуар». З граблямі рупіцца Аляксандр Ветраў. На трамбоўцы зялёнай масы заняты Аляксандр Маліноўскі і Анатолій Казлоўскі.

Іван Іванавіч дадае, што сёлета на палетках таварыства быў задзейнічаны камбайн з ААТ «Жацерава».  Кіраўніцтва гэтай гаспадаркі пайшло насустрач і на тыдзень пазычыла складаную тэхніку. Гэта дазволіла своечасова завяршыць першы ўкос.

Вядзецца пагрузка рулонаў з сенажом

Як і летась, сёлета ў таварыстве не прыцягвалі на перавозку кармоў тэхніку падшэфных арганізацый, як гэта рабілася ў папярэднія гады. Працуюць вадзіцелі Сяргей Кандрацін, Віталій Калдузаў, Віктар Бортнік, Аляксандр Храноўскі, механізатары Дзмітрый Сагайдакевіч, Аляксей Каранеўскі, Аляксандр Ханчэўскі, Віктар Семянько.

Машынна-трактарны парк таварыства папоўніўся новым кормаўборачным камбайнам КВК-800.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *