Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны шэсць шлюбаў, зроблены тры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі дзевяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Аліна Вяршына, Яўген Жыжка, Канстанцін Бельскі, Яна Дайліда, Арсеній Курыла, Аляксей Маляўка, Ульяна Папова, Таццяна Саўчык і Максім Шунько.

Зямны шлях закончыўся для 16-ці чалавек.

У пажарнай часці згадалі два вогненныя здарэнні. Агнём пашкоджаны гараж стаўбчаніна, а таксама малочнатаварная ферма ў Ператоках (ААТ «Агранёманскі»). На ферме знішчана драўляная дашчаная прыбудова, пашкоджаны дах гаспадарчага блока. Папярэдняя прычына пажару –  перакал вадагрэйнага катла.  У сувязі з увядзеннем у дзеянне новых Правіл пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь для  суб’ектаў гаспадарання распрацаваны практычны дапаможнік «Пажарная бяспека арганізацыі (прадпрыемства)». Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на сайце 112.by.

Міліцыяй зарэгістравана 137 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 17 крымінальных спраў, у 14-ці з іх устаноўлены падазраваемыя. Грошы і тавар прапалі з кіёска індывідуальнага прадпрымальніка па вуліцы Ленінскай. У магазіне пасёлка Нёман нецвярозы грабежнік адкрыта выхапіў бутэльку піва.

Пракуратурай раёна праведзены маніторынг выканання філіялам «Стаўбцоўскае РБУ» ААТ «Універсалрамбуд» патрабаванняў заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб. Устаноўлена, што адзін са зваротаў па пытанні нязгоды са зробленым разлікам за выкананую работу не быў разгледжаны ва ўстаноўлены тэрмін і пісьмовы адказ заяўніку не накіраваны. Пракуратурай складзены пратакол у адносінах да адказнай за вядзенне справаводства (суд аштрафаваў яе на чатыры базавыя велічыні), у адрас кіраўніка РБУ вынесена прадстаўленне аб ухіленні парушэнняў, ён прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці ў выглядзе вымовы.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены пратакол у адносінах да жыхара Мінска, які вывозіў лесапрадукцыю для ўласных патрэб без дазвольных дакументаў. Двое мінчан затрыманы падчас незаконнага падводнага палявання на рацэ Нёман, непадалёку ад пераезда Стоўбцы – Новы Свержань. Здабыўшы па два шчупакі, кожны нанёс прыродзе страты на 1 050 000 рублёў. Матэрыялы накіраваны ў суд.

Суд асудзіў 24-гадовага жыхара Заямнага, які паўторна на працягу года кіраваў аўтамабілем у нецвярозым стане: 1,5 года пазбаўлення волі і 5 гадоў – права кіравання, штраф у памеры амаль 13 млн руб. і канфіскацыя аўтамабіля «Фольксваген-джэта».

ДАІ выявіла 185 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – чацвёра п’яных вадзіцеляў і 14 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 18 недысцыплінаваных пешаходаў. Здарылася дзевяць дарожных аварый. На шчасце, ніхто не пацярпеў.

 З 23 па 27 верасня праходзіць спецаперацыя «Бяспека», накіраваная на папярэджанне няшчасных выпадкаў і ДТЗ на аб’ектах чыгуначнага транспарту.

 «Хуткая» атрымала 243 сігналы аб экстраннай медыцынскай дапамозе.

ПадрыхтавалаТаццяна ПЯТКЕВІЧ 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *