Гандлёвая кропка і «пляжная» культура. Чаго не хапае на гарадскім возеры?

Главное Грамадства

image_pdfimage_print

Гэтымі спякотнымі днямі апусцелі вуліцы горада. Затое шматлюдна ля вады, на двух гарадскіх пляжах. З асалодай купаюцца дзеці і дарослыя ў возеры і ў рацэ Нёман, загараюць.

Гарадское возера побач з жылым мікрараёнам – любімае месца адпачынку сям’і Русецкіх і ўсіх стаўбчан

І мы з супрацоўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях з самай раніцы пабывалі на гарадскім возеры і пабачылі, што настрой там адназначна «пляжны». Але не толькі. Сустрэлі ля берага і рыбака. Знаёмімся – Юрый Лукашэвіч. Жыве непадалёку. Рыбалка – яго хобі.

«Юрый злавіў на вудачку дзвюх чарапах!» – падказвае нам старшы матрос-выратавальнік Іосіф Грыгарцэвіч (па сумяшчальніцтве яшчэ і старшыня раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах. – Заўвага рэдакцыі).

Заўзяты рыбак бавіць час на возеры з самага світання. Сонца ўзнімаецца ўсё вышэй – і ён скручвае вуду. Пры гэтым выказвае сваю заклапочанасць: «Возера функцыянуе амаль 40 гадоў, і яго ўжо пара чысціць, рамантаваць масты. Мост, які вядзе на востраў, без парэнчаў. Гэта небяспечна».

Да купальнага сезона пляж падрыхтавала Стаўбцоўскае АКС. На ім устаноўлены раздзявалка, лавачкі, туалет. На даны момант возера, на жаль, не ўсюды абкошана, хоць і знаходзіцца ў гарадской рысе.

«Хацелася б, каб возера даглядалі належным чынам», – згаджаецца і Ганна Фенька. Яна з малышом выехала на традыцыйную ранішнюю прагулку ўздоўж пляжа. «Ад вады ідзе свежае паветра, ёсць цянёк», – падкрэслівае перавагі жанчына.

А на пясчаным беразе ўжо з’яўляюцца першыя адпачывальнікі.

Выратавальнікі разам са сваімі юнымі памочнікамі раздаюць адпачывальнікам памяткі

«Час пік будзе пазней, пасля абеду», – дзеліцца назіраннямі матрос-выратавальнік Андрэй Смірноў, які заступіў на дзяжурную змену.

Доўжыцца змена з 10 раніцы і да 10 вечара. У сезон матросы-выратавальнікі выходзяць на працу без выхадных.

У іх ёсць і, так бы мовіць, грамадскія памочнікі сярод адпачывальнікаў. Напрыклад, Яўгенія Братчыкава. Карыстаючыся выпадкам, Яўгенія адразу ўзнімае праблему. Гэта паводзіны на возеры падлеткаў, якія прыходзяць адны, без дарослых. Ёй не так даўно нават прыйшлося выклікаць участковага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх.

«Не хочацца слухаць нецэнзурную лаянку і глядзець, як распіваюць спіртное, – удакладняе Яўгенія і прапануе: – Няхай бы ў сезон на пляжы хадзіў міліцэйскі патруль. Магчыма, варта ўстанавіць відэакамеру на востраве, дзе альтанкі».

Яўгенія Братчыкава лічыць, што працаваць трэба і з бацькамі такіх падлеткаў. Ёсць у яе ідэя фікс. А калі фатаграфаваць падлеткаў, якія перашкаджаюць адпачываць іншым, і выкладаць у групу «Стоўбцы гавораць» з подпісам «Чыё дзіця?..».

Матросы-выратавальнікі расказваюць, што фіксуюць усе здарэнні ў адмысловы журнал. Асноўныя – факты распівання спіртнога або з’яўлення на пляжы ў п’яным выглядзе.  Па гэтай прычыне ўжо тройчы на пляж выклікалі  нарад міліцыі. Былі папярэджаны 24 адпачывальнікі.

Пакуль мы разважаем, на пляж падыходзяць новыя адпачывальнікі. Большасць з іх – дзеці.

«Купанне на возеры – пад нашым кантролем. Папярэджваем, што нельга прыгаць з моста», – тлумачыць  Іосіф Грыгар цэвіч і нагадвае пра забарону  купання дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў без суправаджэння бацькоў.

Унучкі Людмілы Русецкай прыйшлі на пляж разам з бабуляй.

«Ходзім на возера кожны дзень. Падабаецца. Глыбіня яго невялікая», – кажа Людміла і з усмешкай дадае, што дзяўчынкі  вучаць яе плаваць. Іх, як і іншых дзяцей, з вады не выцягнуць. Частка адпачывальнікаў ратуецца ад гарачыні пад навесам.

На пытанне «Чаго не хапае на пляжы?» Людміла Русецкая заўважае: «Няхай бы працавала ў сезон выязная гандлёвая кропка, каб можна было купіць вады, марожанага. А так носім усё неабходнае з дому».

Адпачывальнікі з малымі дзецьмі хацелі б расшырыць месца плавання для іх (гэтая прапанова прагучала і на пляжы на рацэ Нёман па вуліцы Наднёманскай, там яшчэ неабходна расшырыць пляцоўку для заходу ў ваду).

Спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі адзначаюць: вада на ўсіх сямі зонах масавага адпачынку на Стаўбцоўшчыне адпавядае нормам. Адбор проб вядзецца штотыдзень.

Будзьце асцярожныя пры купанні, асцерагайцеся цеплавога ўдару і сонечных апёкаў. Беражыце дзяцей.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *