Дэпутат на прыёме грамадзян: Галоўная работа – у рэгіёне

Нумары Соцыум

На мінулым тыдні Стаўбцоўшчыну наведала член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Святлана Сарока. Святлана Рыгораўна прыняла ўдзел у рабоце сесіі райсавета, правяла прыём грамадзян.

Сярод пытанняў, якія ўзнімаліся падчас прыёму, была падрыхтоўка да Дня пажылых людзей, што традыцыйна адзначаецца ў нашай краіне 1-га кастрычніка. На тэрыторыі раёна знаходзіцца Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат, у якім неаднаразова бывалі і Святлана Сарока, і многія іншыя прадстаўнічыя дэлегацыі. У гэтай сацыяльнай установе пасля праведзенага  апошнім часам капітальнага рамонту створаны для пражываючых самыя сучасныя бытавыя ўмовы, аздобленыя, дзякуючы яе работнікам, дамашняй утульнасцю і камфортам. Дырэктару Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната Валянціне Атрушкевіч была выказана прапанова – у Дзень пажылых людзей прыняць з канцэртам народнае клубнае аб’яднанне «Адпачынак» дзяржаўнай установы «Палац культуры г. Маладзечна». Калектыў, якім кіруе Марыя Баландзіна, знакаміты не толькі сваімі ўзнагародамі, а і актыўнай гастрольна-канцэртнай дзейнасцю, пры тым, што ў саставе і на чале яго знаходзяцца людзі немаладыя – ва ўзросце  70 гадоў  і старэйшыя. Святлана Сарока таксама працуе з гэтымі людзьмі, таму што з’яўляецца дырэктарам маладзечанскага Палаца культуры, пры якім дзейнічаюць гэтае і іншыя клубныя аб’яднанні. Член Савета Рэспублікі, як вядома, працуе без адрыву ад асноўнай працы. У Святланы Сарока гэтыя віды дзейнасці пераклікаюцца: Пастаянная камісія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, членам якой яна з’яўляецца, акурат курыруе пытанні адукацыі, навукі, культуры і сацыяльнага развіцця. 

Падчас прыёму разам з пытаннямі падрыхтоўкі да Дня пажылых людзей Святлана Сарока выслухала прапановы працоўных калектываў раёна адносна ініцыятывы Прэзідэнта краіны аб выплаце шматдзетным сем’ям «сямейнага капіталу». Агучыла іх старшыня раённай грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын», начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Лапко. Падчас гутаркі член Савета Рэспублікі зазначыла, што ўсе прапановы з месцаў будуць вывучацца і абмяркоўвацца на самых розных узроўнях, каб у будучым прыняць закон, які будзе стымуляваць нараджальнасць у сем’ях і забяспечваць ім з боку дзяржавы эфектыўную сацыяльную абарону.

–  Што датычыць заканадаўчай працы, – працягнула Святлана Сарока, – то на працягу сесіі мы ўносім папраўкі ў больш чым 70 законапраектаў. Гэта мэтанакіраваная і творчая праца. Любы законапраект да таго, як трапіць у Савет Рэспублікі, праходзіць сем інстанцый, экспертызу, абмеркаванне ў ніжняй палаце парламента. Імкнемся яшчэ да адкрыцця сесіі пазнаёміцца з усімі дакументамі, правесці маніторынг.

Акрамя заканадаўчай дзейнасці, займаюся і міжнароднай. Я з’яўляюся членам парламенцкай асамблеі па культуры, таму прымаю ўдзел у сімпозіумах, канферэнцыях. Адно з нядаўніх такіх мерапрыемстваў  – рэспубліканскі круглы стол, накіраваны на духоўнае адраджэнне нашага народа.                            

Але самая галоўная работа – у рэгіёнах. Па магчымасці ўдзельнічаю ў пасяджэннях выканкама і рабоце сесій Савета дэпутатаў, праводжу прыёмы грамадзян у сваёй акрузе – Стаўбцоўскім, Валожынскім і Маладзечанскім раёнах. Па роду сваёй асноўнай дзейнасці накіроўваю намаганні на прафілактычную работу. У прыватнасці, у раёнах мы ладзім сустрэчы з прафесарам-мамолагам Путырскім. Дапамагаю людзям, якія звяртаюцца да мяне са сваімі праблемамі. Паколькі іх не так і шмат, то, відавочна, што з людзьмі вельмі цесна працуюць кіраўніцтва раёна, структурныя падраздзяленні выканкама.

Падчас свайго выступлення на нядаўняй сесіі райсавета, дзе ўзнімалася актуальнае пытанне прафілактыкі правапарушэнняў і злачыннасці, я звярнула  ўвагу на неабходнасць узаемнага супрацоўніцтва ўсіх суб’ектаў прафілактыкі –  толькі пры сумесных намаганнях можна разлічваць на станоўчы вынік. А ў цэлым гэта было вельмі жывое пасяджэнне, бо ў дакладзе начальніка райаддзела міліцыі І. А. Мамайкі гучалі не толькі лічбы. Была ўсебакова раскрыта прафілактычня работа. Канешне, на людзей, якія парушаюць закон, павінны больш уплываць  і  тыя калектывы, дзе яны працуюць. На сесіі райсавета я засяродзіла ўвагу і на тым, што зараз ідзе абмеркаванне законапраекта аб барацьбе з карупцыяй. Калі ў каго ёсць якія слушныя прапановы, заўвагі – калі ласка, буду рада іх прыняць.

– Якія звароты паступалі да вас ад жыхароў раёна? 

– Старшыня сельгаспрадпрыемства «Вялікі Двор» В. А. Луцык скардзілася на негатыўны ўплыў на моладзь некаторых перадач і рэкламы Беларускага тэлебачання. Гэтае пытанне мы абмяркоўвалі на пасяджэнні нашай камісіі. У выніку, былі ўнесены папраўкі ў Закон «Аб рэкламе» і ў самы папулярны вячэрні час, з 18.00 да 21.00, на экранах абмежавана рэклама алкагольных напіткаў, цыгарэт і т. п. Раней начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Н. А. Лапко ўзнімала пытанне хворых, якім неабходна працэдура гемадыялізу. Па гэтым пытанні адбыліся сустрэча з міністрам аховы здароўя і абмеркаванне ў нашай камісіі, што дазволіла падтрымаць гэтых людзей.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *