Побач з возерам буяла пустазелле…

Добраўпарадкаванне Нумары

У ходзе маніторынгу санітарнага стану вуліц горада на гэты раз выбар выпаў  на вуліцу Мінскую. На вуліцы працавала рэйдавая брыгада ў складзе галоўнага спецыяліста землеўпарадкавальнай службы Таццяны Лойка, галоўнага спецыяліста аддзела архітэктуры і будаўніцтва Алесі Шаціла, намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў Андрэя Судніка і ўрача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталлі Рык.

У ходзе праверкі высветлілася, што большасць стаўбцоўскіх «мінчан» імкнуцца падтрымліваць належны санітарны стан сваёй сядзібы і адносна маладой вуліцы.  У першую чаргу, гэта абкошванне  і ўборка прылеглай тэрыторыі. Аднак асноўны біч вуліцы Мінскай – прыстасаванне гэтай прылеглай тэрыторыі для захоўвання будаўнічых матэрыялаў. Па гэтай прычыне жыльцам было выдадзена сем прадпісанняў. З уладальнікам аднаго з дамоў барацьба за чысціню прылеглай тэрыторыі працягваецца ўжо не адзін месяц. На жаль, пакуль беспаспяхова, хаця домаўладальнік і быў аштрафаваны. У такім выпадку ў санітарнай службы ёсць такая мера ўздзеяння на злосных парушальнікаў, як накіраванне інфармацыі па месцы працы. Мяркуючы па ранейшай практыцы, мера гэтая надзвычай эфектыўная.

Прэтэнзіі выказаны і аб’яднанню камунальных службаў, якое не абкасіла пустыр уздоўж вуліцы Мінскай. Акрамя таго, праблемнымі застаюцца і многія іншыя пустыры ў межах горада. Да прыкладу, уздоўж вуліц Івянецкай, Магістральнай, Міру, Танкістаў, Задвор’енскай. Не абкошаны і з’езды з моста на вуліцу Сацыялістычную.

У новым мікрараёне індывідуальнай жылой забудовы «Усходні» не абкошанай на момант рэйду была пад’язная дарога (часткова гэта гарадская тэрыторыя, а часткова – Заямнаўскага сельсавета). Ды і забудоўшчыкам няма чаго  чакаць напаміну, а ў патрэбны час неабходна пахадзіць з касою ці касілкаю каля сваіх участкаў, акуратна складзіраваць на іх будматэрыялы, вывозіць будаўнічыя адходы. Камунальнікам варта звярнуць увагу на пешаходную дарожку ў мікрараён Акінчыцы, якая абрасла травой. На тратуары па вуліцы Сацыялістычнай (насупраць воінскай часці) намазоліла вочы брудная масляністая пляма (побач размешчаны каналізацыйныя адстойнікі, да якіх перыядычна пад’язджае машына АКС).

У шматпавярховым мікрараёне Стоўбцаў добраўпарадкаваны імідж падтрымліваюць ААТ «Ашчадны банк Беларусбанк» філіяла № 500 – Мінскае ўпраўленне цэнтр банкаўскіх паслуг № 624″, ААТ «Стаўбцоўская ПМК». Калі зірнуць далей – гэта РУ «Стоўбцырайгаз», Стаўбцоўскі доследны лясгас, філіял «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат» і іншыя. 

Аднак, на жаль, трапляюць у поле зроку прадпрыемствы і арганізацыі, у якіх  яшчэ не наведзены парадак на ўласнай тэрыторыі і на тэрыторыі ведамасных аб’ектаў. Сярод іх – раённы камбінат бытавога абслугоўвання. З тыльнага боку абутковай майстэрні (вуліца Сацыялістычная) знаходзіцца агароджаная пляцоўка для кантэйнераў (апошнія пафарбаваны, падпісаны), аднак не прыбрана смецце, сама тэрыторыя не выглядае дагледжанай. На даху на момант рэйду было зафіксавана… дрэва. Колькі ж часу трэба было  не заўважаць, каб яно паспела падняцца?.. За гаражамі камбіната (вуліца Якуба Коласа) – перапоўненая смеццевая скрыня.         

Захламленай металаломам аказалася тэрыторыя склада другаснай сыравіны райспажыўтаварыства (вуліца М. Горкага).

Сярод арганізацый, за якімі распараджэннем райвыканкама замацаваны тэрыторыі горада, жорсткай крытыцы было падвергнута прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Замацаваная за імі тэрыторыя вакол гарадскога возера (па вуліцы Зялёнай – ад чыгуначнай станцыі да вуліцы 17 Верасня) парасла такім быльнягом, што пустазелле зацвіло і з яго высяваецца насенне. Фактычна, да такога стану даведзена адно з месцаў масавага адпачынку стаўбчан. А побач з ім праходзіць транзітная дарога на турбазу, у Коласавы мясціны.

Нельга не закрануць такія аб’екты як артсвідравіны. Сельгаспрадпрыемствамі і аб’яднаннем камунальных службаў не праводзіцца работа па добраўпарадкаванні іх зон санітарнай аховы. Да прыкладу, ААТ «Дзераўное» (свідравіны знаходзяцца ў парку ў аг. Дзераўная, у вёсцы Ніўнае на комплексе буйной рагатай жывёлы), ААТ «Радзіма Дзяржынскага» (у Заменцы, Кулі свідравіна № 1, Мешычах). Шэсць свідравін, перададзеных ААТ «Дзераўное» на баланс аб’яднання камунальных службаў у маі 2014 года, былі не агароджаны (у Хатаве, Хатоўцы, Ніўным, Лубяні, Барку-1 і Барку-2). Не агароджаны і свідравіны, перададзеныя камунальнікам ААТ «Радзіма Якуба Коласа» (у Мясёнкаўшчыне побач з дзіцячым сацыяльным прытулкам, Судніках, Жыгалках). Як адзначае ўрач-гігіеніст Наталля Рык, самыя недагледжаныя артсвідравіны – у сельгаспрадпрыемстваў «Аталезь-агра», «Радзіма Дзяржынскага» і «Дзераўное».

Пакуль вярстаўся нумар, зроблены агароджы свідравін у Барку-2, Хатоўцы, Хатаве, Лубяні, Кулі.

На здымках: упрыгожвае горад банкаўская ўстанова

 ААТ «Ашчадны банк Беларусбанк»; творчы падыход мясакамбіната; быльнягом парасла тэрыторыя, замацаваная за ПМС; захламлены склад райспажыўтаварыства; няма парадку за гаражамі

раённага камбіната бытавога абслугоўвання.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

1 комментарий по теме “Побач з возерам буяла пустазелле…

  1. Уважаемые санитары города Столбцы! Посетите автовокзал г.Столбцы, там за зданием автовокзала есть «туалет» если это можно так назвать…

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *