Арганізоўвае фінансавую дзейнасць філіяла. Сёння — Дзень эканаміста

Главное Эканомiка

image_pdfimage_print

Эканоміка трывала ўвайшла ў жыццё чалавецтва. У ліку найбольш папулярных прафесій на рынку працы – эканаміст. Такі спецыяліст – эксперт у вобласці планавання і паляпшэння выніковасці вытворчасці.

Працоўны стаж Віталія Судніка ў філіяле ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы складае 30 гадоў. Віталій Станіслававіч нарадзіўся ў вёсцы Заямнае Стаўбцоўскага раёна. Закончыў з залатым медалём Налібацкую сярэднюю школу, затым атрымаў спецыяльнасць эканаміста ў Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі імя В. У. Куйбышава.

У філіяле маторнага завода ў г. Стоўбцы працаваў інжынерам па арганізацыі нарміравання працы, начальнікам аддзела цэнаўтварэння, планавання і заработнай платы. З 2004 года займае пасаду намесніка дырэктара па эканоміцы і фінансавай рабоце. Віталій Станіслававіч ажыццяўляе арганізацыю і ўдасканальванне эканамічнай дзейнасці філіяла, плануе эканамічныя паказчыкі дзейнасці, каардынуе работу падраздзяленняў па выяўленні і выкарыстанні рэзерваў вытворчасці.

Віталій Суднік прызнаецца: «Наш калектыў эканамічна зладжаны, у ім працуюць прафесіяналы сваёй справы. Кожны ведае сваю работу і з адказнасцю да яе ставіцца. Эканамічная служба ўключае бюро па арганізацыі нарміравання працы, планава-эканамічнае, аўтаматызаваных сістэм кіравання і фінансавую групу». Ён лічыць, што эканаміст павінен валодаць такімі якасцямі, як эмацыянальная ўстойлівасць, арганізаванасць, адказнасць, настойлівасць, цвёрдасць і скрупулёзнасць.

За шматгадовую і плённую працу ў галіне машынабудаўніцтва, асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Мінскай вобласці Віталій Станіслававіч узнагароджаны граматай Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь і падзякай ад Мінаблвыканкама, граматамі райвыканкама, юбілейным медалём «115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі».

Віталій Суднік віншуе калег з прафесійным святам і жадае здароўя, дабрабыту, выкарыстоўваць кожны свой дзень рацыянальна і паспяхова для дасягнення пастаўленых мэт. Няхай у жыцці заўсёды назіраецца эканамічны, прафесіянальны, асабісты рост.

Марына КУТАС

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *