Гепатыт пад выглядам недамагання

Важное Медыцына

image_pdfimage_print

Дастаткова мікраскапічнай колькасці інфіцыраванай крыві на прыладах для брыцця ці манікюру, каб захварэць на парэнтэральны вірусны гепатыт.

Гэтае захворванне можа прывесці да сур’ёзных праблем з печанню, такіх як цыроз ці рак. Лячэнне  доўгае, а пры хранічным цячэнні працягваецца ўсё жыццё.

На Стаўбцоўшчыне назіраецца рост захваральнасці на парэнтэральны вірусны гепатыт (у 2019 годзе  было зафіксавана 11 выпадкаў, у 2020-м – 18).

Высокая верагоднасць заражэння ў быце, калі адзін з членаў сям’і з’яўляецца носьбітам інфекцыі або хворым на хранічную форму гепатыту. Высокая рызыка інфіцыравання ў выпадку сумеснага выкарыстання прадметаў асабістай гігіены, якія належаць чалавеку з гепатытам, а таксама пры дотыку да любых паверхняў прадметаў, забруджаных крывёю, якая змяшчае вірусы гепатыту (пры наяўнасці на скуры парэзаў ці мікратраўмаў).

Пры гэтым вірусы не перадаюцца пры размове і чханні, са слінай, а таксама пры поціску рукі, абдымках, карыстанні агульным посудам, ужыванні разам ежы і напіткаў.

Групы рызыкі

Рызыцы заражэння парэнтэральным вірусным гепатытам падвяргаюцца тыя, хто ўжывае ін’екцыйныя наркотыкі (у выпадку выкарыстання агульных шпрыцаў і іголак), практыкуе неабаронены секс, медыцынскія работнікі і немаўляты, якія нарадзіліся ад інфіцыраваных маці.

Найбольш распаўсюджаным шляхам пранікнення віруса лічыцца палавы.

Крыніца інфекцыі – чалавек

Крыніцай інфекцыі парэнтэральнага віруснага гепатыту з’яўляецца чалавек,  хворы на востры, хранічны гепатыт, або носьбіт віруса, у якога клінічныя праяўленні захворвання адсутнічаюць.

Пры хранічных формах вірусныя гепатыты часта працякаюць пад выглядам недамагання або ўвогуле без якіх-небудзь клінічных праяўленняў, таму чалавек нават не падазрае пра сваю хваробу.

Пастаянны партнёр і асабістая гігіена

Улічваючы спосабы перадачы інфекцыі, праводзіцца яе неспецыфічная і спецыфічная прафілактыка.

Спецыфічная прафілактыка – выкарыстанне вакцыны, якая здольная выпрацаваць імунітэт у арганізме чалавека (гэты від прафілактыкі магчымы толькі для гепатыту В).

Неспецыфічная прафілактыка ўключае ў сябе захаванне правілаў асабістай гігіены ў быце, пры наведванні саўны і лазні. Неабходна карыстацца толькі індывідуальнымі прадметамі асабістай гігіены – зубной шчоткай, расчоскай, ручніком і інш.).

Залог здароўя – наяўнасць пастаяннага палавога  партнёра  і абаронены секс  з выкарыстаннем прэзерватыва. Неабходна адмовіцца ад ін’екцыйнага ўжывання наркотыкаў, весці здаровы лад жыцця, рабіць карысныя справы.

Пірсінг, манікюр і іншыя працэдуры можна праводзіць толькі ў спецыяльных установах, дзе ёсць магчымасці для правядзення дэзынфекцыі і стэрылізацыі інструментаў.

Галіна ЛЯБЕДЗЬКА, памочнік эпідэміёлага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *