У маладой сям’і – асобая каштоўнасць

Главное Соцыум

image_pdfimage_print

У маладых бацькоў сваё бачанне сістэмы дзяржаўнай адраснай сацыяльнай падтрымкі, і ім яны падзяліліся падчас дыскусійнай пляцоўкі «Маладая сям’я – крышталь грамадства».

Былі выказаны прапановы аб датэрміновым выкарыстанні сямейнага капіталу ў тым ліку на рамонт жылля, а таксама аб размеркаванні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе бясплатнага харчавання дзецям да двух гадоў жыцця літаральна ўсім сем’ям, а не толькі малазабяспечаным.

У абмеркаванні прымалі ўдзел маладыя сем’і раёна, сярод іх былі і  шматдзетныя, праходзіла яно пад эгідай раённага камітэта БРСМ і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сімвалічна, што дыскусійная пляцоўка на хвалюючыя тэмы ладзілася акурат у Тыдзень моладзі і студэнцтва.

– Заканадаўства нашай краіны накіравана на дэмаграфічную бяспеку і дабрабыт шматдзетных сем’яў, а ў будучым, калі з’явіцца патрэба ў прыняцці новых заканадаўчых актаў, пастараемся данесці вашы прапановы да заканатворцаў, – адзначыла адзін з экспертаў – начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Навіцкая.

У ролі экспертаў удзел у дыскусіі таксама ўзялі  намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Любоў Жыбуль і благачынны  цэркваў Стаўбцоўскай акругі протаіерэй Аляксандр Марцінчык.

Інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Салей выступіла на тэму пажарнай бяспекі і бацькоўскага кантролю за тым, як праводзяць час іх дзеці, што актуальна ў цяперашнюю канікулярную пару. Для ўдзельнікаў дыялогавай пляцоўкі быў паказаны відэафільм «Не пакідайце дзяцей адных», пабудаваны на рэальных фактах.

Тыдзень моладзі і студатрадаўскае лета

Карыстаючыся выпадкам, рэдакцыя пацікавілася ў першага сакратара раённага камітэта БРСМ Яўгеніі Кажабекавай: «На Стаўбцоўшчыне завяршаецца Тыдзень моладзі і студэнцтва. Што яшчэ, акрамя дыскусійнай пляцоўкі, было арганізавана?»

– Тыдзень выдаўся вельмі насычаны. 22 чэрвеня, у Дзень памяці і смутку, моладзь Стоўбцаў прыняла ўдзел ва Усебеларускай мінуце маўчання на плошчы Бессмяротнасці. Мы ўсклалі кветкі да абеліска, ушанавалі памяць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне. Таксама пабывалі з забаўляльнай праграмай у выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, на абласным дні моладзі ў г. Барысаве і, зразумела, прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных моладзі і студэнцтву, у Стоўбцах.

– Як сёлета развіваецца ў раёне студатрадаўскі рух?

– Гэтымі днямі працуюць два студэнцкія атрады – на базе Стаўбцоўскага АКС і ў лагеры «Нёман» (педагагічны). У ліпені пачнуць сваю работу два сэрвісныя студатрады – на базе Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, а таксама вайсковай часці 25819. У жніўні, падчас уборкі ўраджаю, плануецца стварыць два сельскагаспадарчыя атрады – на базе ААТ «Каганец» і ААТ «Рубяжэвічы».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *