Стаўбцоўшчына – родны край

Добраўпарадкаванне Нумары

ДЗЕ ЗАВІХАЮЦЦА ДАРОЖНІКІ

Дарожнікі ДРБУ № 135 выйгралі тэндар на добраўпарадкаванне тэрыторыі новага завода высокатрывалага чыгуннага ліцця, які ўзводзіцца на філіяле ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы.

Узводзімы завод уваходзіць у дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця рэспублікі, і ўжо сёлета тут мяркуецца выпусціць першую прадукцыю. Справа знаходзіцца і дарожнікам. Да канца бягучага года будзе асвоена на добраўпарадкаванні каля аднаго мільярда рублёў, асноўныя ж работы запланаваны на наступны, 2015 год. Увесь праект  па добраўпарадкаванні новага завода абыдзецца ў восем мільярдаў рублёў.

Цяпер дарожнікі заняты на вулічным аб’екце ў суседнім горадзе Дзяржынску, а таксама прыступаюць да добраўпарадкавання тэрыторыі птушкафабрыкі «Колас» (у Любкаўшчыне), дзе да канца бягучага года неабходна выканаць аб’ём работ на 2,5 мільярда рублёў.

 

ВАКОЛ КРЫНІЦЫ

Лясніцтвы раёна добраўпарадкуюць прыдарожныя палосы, каб надаць раёну адпаведны імідж.

Свае дарогі работнікі Хатаўскога лясніцтва трымаюць на пастаянным кантролі. Уздоўж іх абразаюць кустоўе і абкошваюць (для гэтага іх матэрыяльнага база папоўнілася кустарэзамі, бензапіламі), чысцяць ад смецця і захламленасці. Належная ўвага надаецца помніку прыроды раённага значэння – крыніцы Чырвонай, якая з’яўляецца папулярным месцам адпачынку і наведвання турыстамі. Лесаводы паклапаціліся, каб добраўпарадкаваць яго неабходнымі малымі архітэктурнымі формамі. Рэгулярна, асабліва пасля выхадных, праводзіцца ўборка прылеглай тэрыторыі. А нядаўна хатаўскія лесаводы аказвалі дапамогу Валожынскаму лясгасу ў ачыстцы прыдарожнай паласы ўздоўж аўтадарогі Мінск –Гродна.  

 

SMS-ПЫТАННЕ: ДАРОГА Ў ШКОЛУ

У рэдакцыю паступіла SMS-паведамленне – звярнуць увагу на дарогу, па якой дзеці з вуліцы Міру ідуць у школу. Маўляў, стан яе такі, што нельга нават спалучыць такую дарогу са школай.

Як высветлілася, прамой дарогі з вуліцы Міру да школы № 3 горада ўвогуле не існуе. Няма яе ў рэальнасці і не прадугледжана яна ніякімі праектамі. Паміж вуліцай Міру і школай размешчаны пустыр, таму дзеці бягуць на заняткі па найкарацейшых шляхах, пратаптаных сваімі ж нагамі. Пасля першых жа восеньскіх дажджоў сцежкі-дарожкі раскіслі, на іх утварыліся лужыны. Непрыемна абыходзіць іх па мокрай траве, ды і паслізнуцца можна, незнарок упасці ў бруд. А восеньская ж слотная пара яшчэ ўся наперадзе!

Гэты сігнал мы адрасавалі ў аб’яднанне камунальных службаў. Канешне, там ведаюць пра праблему. Але маюць сваю рацыю – колькі ўзводзілася ў новым мікрараёне жыллёва-будаўнічых кааператываў, аднак ніводным праектам  пешаходная дарожка да школы прадугледжана не была.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *