Паклапоцімся пра бяспеку зімою

Нумары РАНС інфармуе

УРОКІ БЕЗ ПАНІКІ

Непрыкметна прамільгнуў месяц школьных заняткаў.  Кожны дзень, адпраўляючы сваё дзіця ў школу, бацькі абавязкова даюць яму “ў нагрузку” яшчэ і масу карысных парад. Як правіла, датычаць яны адзнак у дзённіку і паводзін.

Аднак бяспека дзіцяці па дарозе ў школу, на ўроках і перапынках, пры вяртанні дадому – надзвычай важная. Школа – месца шматлюднае. І складанасць у тым, што, апынуўшыся ў крытычнай сітуацыі, дзіця не заўсёды рэагуе правільна. Трэба растлумачыць яму, што каварны вораг у экстрэмальных абставінах – паніка. Нашмат эфектыўней будуць уважлівасць і спакой. Дзіця павінна ўсведамляць, што, пры ўзнікненні тых ці іншых праблем, варта адразу паведаміць аб іх педагогу або адміністрацыі, а затым дзейнічаць у адпаведнасці з іх указаннямі.

Адна з самых небяспечных сітуацый, што можа ўзнікнуць у навучальнай установе, – пажар. У такім выпадку першай справай неабходна апавясціць настаўніка – у гэты момант усё залежыць ад яго дзеянняў. Агонь распаўсюджваецца вельмі хутка, і гэта выклікае павышэнне тэмпературы і ўтварэнне шчыльнага задымлення.

Педагогу ж спачатку трэба пазваніць у службу выратавання па тэл. 101 або 112, а затым арганізаваць эвакуацыю дзяцей. Калі загаранне нязначнае і не ўяўляе пагрозы для жыцця і здароўя школьнікаў, то неабходна ўзяць асабістыя рэчы, апрануцца і выходзіць на вуліцу.

У іншым жа выпадку нельга губляць ні мінуты: збіраць падручнікі і бегчы ў гардэроб не мае сэнсу. Пры моцным задымленні важна выкарыстоўваць сродкі аховы органаў дыхання: ватна-марлевыя павязкі, змочаныя вадой хусцінкі і т. п. Калі шляхі эвакуацыі адрэзаны агнём, вучні пад кіраўніцтвам настаўнікаў павінны вярнуцца ў класы, закрыць дзверы, вентыляцыйныя рашоткі і чакаць прыбыцця выратавальнікаў-пажарных.

Неабходна з ранняга ўзросту прывіваць дзіцяці пачуццё самазахавання, навучыць яго пільнасці і асцярожнасці. І не мае значэння – першакласнік гэта ці падлетак, задача бацькоў – даць сыну ці дачцэ тыя веды і навыкі, якія дапамогуць зберагчы жыццё.

Вольга САЛЕЙ,інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях     

 

ІНСПЕКТАРСКІ «ПАХОД» НА НОВЫ СВЕРЖАНЬ

Работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях выехалі з пажарна-прафілактычнай акцыяй у Навасвержанскі сельсавет.

У цэлым, акцыя атрымалася маштабнай, комплекснай, таму што ўдзел у ёй узялі не толькі выратавальнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і спецыялісты Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва Навасвержанскага сельвыканкама, а і прадстаўнікі розных службаў: энерганагляда, райгаза, сацыяльнай абароны, адукацыі, міліцыі. 

– Было наведана 181 домаўладанне, у тым ліку 46, дзе пражываюць адзінокія вяскоўцы, інваліды, двое ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, тры сям’і, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і 15 шматдзетных сем’яў. Інспектары і спецыялісты далі неабходныя рэкамендацыі 352-м жыхарам Новага Свержаня, а таксама пакінулі для карыстання памяткі і брашуры, – падвяла вынікі рэйду інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Тарасевіч.

Аднак ёсць і іншыя лічбы, якія красамоўна характарызуюць супрацьпажарны стан некаторага жылля ў Новым Свержані напярэдадні чарговага ацяпляльнага сезона. Фактычна ў кожным чацвёрым домаўладанні былі знойдзены тыя ці іншыя парушэнні. Калі падлічыць іх, набярэцца больш за сотню. А парушэнні – у пераважнай большасці дамоў няма аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. 13 фактаў – злоўжыванне грамадзянамі спіртнымі напіткамі.

З улікам абстаноўкі прыйшлося прымяняць і меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Так, складзена 13 пратаколаў, вынесена чатыры прадпісанні і два патрабаванні аб забароне эксплуатацыі ўчасткаў электраправодкі і печаў… Вынікі рэйду носяць і больш “стратэгічны” характар: па некаторых фактах раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях падрыхтавана афіцыйная  інфармацыя ў міліцыю, камісію па справах непаўналетніх, органы сацыяльнай абароны для прыняцця кардынальных мер рэагавання.

І, пакуль ёсць у запасе пара-другая тыдняў, варта яшчэ раз звярнуцца да стану печаў: пры неабходнасці заладзіць трэшчыны і падрамантаваць, пачысціць дымаход.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ    

 

АСЦЯРОЖНА З ЭЛЕКТРАПРЫБОРАМІ

Разам з пячным ацяпленнем жыхары раёна нярэдка “падаграюцца” з дапамогай электраабагравальнікаў. Да ліку апошніх адносяцца электрычныя каміны, масляныя абагравальнікі, электраканвектары. Гэта дастаткова зручныя і простыя ў карыстанні электрычныя памочнікі. На першы погляд яны выглядаюць больш бяспечнымі, чым, напрыклад, тое ж пячное ацяпленне. Аднак пры няўмелым або неасцярожным прымяненні электрапрыборы могуць быць небяспечнымі. Напрыклад, працяглае судакрананне электраабагравальніка са шторамі і іншымі тканымі матэрыяламі можа прывесці да іх загарання. Бесперапынная работа награвальнікаў без нагляду таксама можа абярнуцца непрадказальнай трагедыяй.

Каб пазбегнуць непрыемнасцяў, варта выконваць асноўныя патрабаванні пажарнай бяспекі.

Нагадваем, што нельга ўстанаўліваць электраабагравальнік блізка ад лёгказагаральных рэчаў. Каб не перагрэць прыбор, шчыліны верхняй рашоткі канвектара павінны быць адкрытымі. Камін не ўстанаўліваюць у памяшканні, дзе прысутнічаюць пары бензіну, керасіну, растваральнікаў і т. п. Не ўключайце ў адну разетку электраабагравальнік і іншыя прыборы. Не вешайце на электраабагравальнік бялізну і іншыя рэчы, прадметы для сушкі. Малым дзецям не месца каля ўключаных у сетку электрапрыбораў. Не пакідайце прыборы, уключаныя ў разетку, без нагляду.   

 

УСЯ ЎВАГА – НА ПЕЧ

З надыходам восені і чарговага ацяпляльнага сезона звяртаем увагу на стан печаў, правілы іх эксплуатацыі, выкананне якіх дапаможа пазбегнуць пажараў.

Перад ацяпляльным сезонам дымаходы і печы павінны быць ачышчаны ад сажы. Печы, а таксама паверхні труб і сцен, у якіх праходзяць дымавыя каналы, павінны быць без трэшчын, у спраўным стане, а на гарышчах – атынкаваны і пабелены. Попел і шлак, што будуць выграбацца з топкі, неабходна праліваць вадою і скідваць далей ад пабудоў, на адлегласці не менш за 15 м.

Варта помніць, што пры эксплуатацыі пячнога ацяплення забаронена ажыццяўляць прапальванне няспраўных печаў, выкарыстоўваць для гэтага дровы, даўжыня якіх перавышае памеры топкі, прымяняць для распальвання лёгказагаральныя і гаручыя вадкасці. Небяспечна паліць у печы з адкрытымі дзверцамі, перакальваць яе, пакідаць распаленую печ без нагляду або даручаць гэты нагляд дзецям. Акрамя таго, не дапускаецца эксплуатацыя печы пры адсутнасці стацыянарнай абароны падлогі ў выглядзе негаручага ліста памерам не менш за 0,7х0,5 м, даўжэйшы бок якога павінен размяшчацца ўздоўж печы. 

Просім звяртаць увагу як на сваю сядзібу, так і на безгаспадарныя пабудовы, якія, магчыма, ёсць на вашай вуліцы, у вашым населеным пункце. Праявіце адносна іх увагу і пільнасць, бо з надыходам халадоў пустыя дамы, хлявы і т. п. могуць стаць прыстанішчам для асоб без пэўнага месца жыхарства, для грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Каб не дапусціць у гэтых пабудовах загаранняў і іншых надзвычайных сітуацый, паведамляйце іх адрасы  па тэл. 101. 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *