Тое, што нас аб’ядноўвае

Важное Калонка Рэдактара

image_pdfimage_print

Ужо 25-ы раз наша краіна святкуе Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

3 ліпеня 1944 года – дзень вызвалення сталіцы нашай Радзімы ад фашысцкіх захопнікаў, а 2 ліпеня быў вызвалены невялічкі горад Стоўбцы, наш родны горад.

Непарыўна звязаны паміж сабой сімвалы дзяржаўнасці і незалежнасці беларускага народа – нашы герб, сцяг і гімн. «У іх – дасягненні нашых беларусаў, духоўныя і маральныя рысы нацыі, асаблівасці нашай культуры…» – адзначыў А. Р. Лукашэнка 9 мая гэтага года. «З нашымі сімваламі мы сталі рэспублікай… перамаглі фашызм, увайшлі ў гісторыю як заснавальнікі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, у цяжкія 90-я змаглі аб’яднацца і выжыць як суверэнная краіна», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

На жаль, сёння наша краіна падвяргаецца пастаяннаму ціску з боку розных дэ-структыўных сіл. Важнай умовай паспяховай барацьбы з гэтай з’явай з’яўляецца адзінства грамадства, у аснове якога ляжаць патрыятызм і любоў беларускага народа да сваёй Радзімы. А патрыятызм праяўляецца не ў словах і лозунгах, а ў жыццёвай пазіцыі чалавека, яго паўсядзённых справах на карысць сваёй Айчыны. Фарміраванне патрыятызму і адзінства нацыі адбываецца праз гісторыка-культурную спадчыну. А нам ёсць чым ганарыцца.

Стаўбцоўшчына! Край пісьменнікаў і паэтаў, навуковых і грамадскіх дзеячаў, гісторыкаў, слаўных працаўнікоў, край прыгожых, цудоўных мясцін, край, дзе «льецца Нёман срэбраводны», край з багатай гістарычнай спадчынай. Хіба гэта не гонар? Дык давайце ж вывучаць наш слаўны Стаўбцоўскі край.

Мяняецца эпоха. На вачах змяняецца тэмп жыцця, з’яўляюцца новыя тэхналогіі, але нязменнай застаюцца любоў да сваёй малой радзімы, да таго месца, дзе ты нарадзіўся, вырас, гонар за сваю вёску, горад, за людзей, якія жывуць побач… А гэта і ёсць наша краіна, наша мілая Беларусь.

І сёння, у Год народнага адзінства, мы памятаем, што нас аб’ядноўваюць гістарычная памяць, традыцыі, поспехі сённяшняга часу.

Паважаныя землякі! Прыміце шчырыя віншаванні з Днём Рэспублікі! Жадаю вам шчасця, дабрабыту, поспехаў на карысць нашай Стаўбцоўшчыны і Беларусі. Са святам!

Рэдактар Нэлі АСТРЭЙКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *