Інвестыцыі – паказчык эфектыўнасці

Главное Эканомiка

image_pdfimage_print

Мадэрнізавана пелетная вытворчасць у лясгасе, новая лесапільная лінія з’явілася на Навасвержанскім лесазаводзе. І галоўны інвестпраект – будаўніцтва ў Стоўбцах новай школы – хутка будзе рэалізаваны.

На Стаўбцоўшчыне першы квартал бягучага года быў удалым на інвестыцыі. Тэмп іх росту перавысіў 145 працэнтаў.

Пра развіццё і перспектывы мы гутарым з намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай Пашкевіч.

Ад вытворчых аб’ектаў да сацыяльных

– Ірына Баніфацыеўна, інвестыцыі сведчаць аб развіцці. Мы памятаем, што ў мінулым годзе была здадзена ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі аўтастанцыя, адкрыта кафэ хуткага харчавання, пачаў працаваць сучасны завод па перапрацоўцы бульбы і інш. Якія праекты рэалізаваны прадпрыемствамі раёна сёлета?

– Інвестыцыйная актыўнасць характэрна для многіх прадпрыемстваў. Так, Стаўбцоўскі лясгас выконвае мадэрнізацыю пелетнай вытворчасці. За сродкі замежнага банка набыта новае абсталяванне, і Міністэрствам лясной гаспадаркі выдзелена 800 тысяч рублёў на першапачатковы ўзнос. Кошт абсталявання – 4,6 мільёна рублёў. Інвестыцыі на Навасвержанскім лесазаводзе склалі 4,8 мільёна рублёў. За гэтыя сродкі набыта лінія лесапільнай вытворчасці.

Стаўбцоўскія электрычныя сеткі ажыццявілі замену комплекснай трансфарматарнай падстанцыі на слупковыя трансфарматарныя падстанцыі. На рэалізацыю гэтага праекта РУП «Мінскэнерга» выдзеліла 1,1 мільёна рублёў.

Сёлета філіялам «Племптушкарэпрадуктар «Бройлер» укладзена амаль 750 тысяч рублёў на будаўніцтва інкубаторыя, што сведчыць пра рост аб’ёмаў інвестыцый у 2,6 раза.

Нельга не сказаць пра інвестыцыйную дзейнасць Мінаблгаза, якім выдаткавана 815 тысяч рублёў на ўзвядзенне сучаснага медпункта ў ведамасным аздараўленчым лагеры імя Я. М. Чайкі.

Найбольшыя сумы інвестыцый укладваюцца ў будаўніцтва індывідуальнага жылля і новай школы на 720 месцаў у райцэнтры.

Бачым рэзервы

– Ірына Баніфацыеўна, калі гаварыць пра эканамічны патэнцыял раёна, то нельга не ўлічваць эпідэміялагічную сітуацыю.

– 2020 год стаў для нас праверкай на трываласць. У складаных эпідэміялагічных умовах мы ўбачылі свае магчымасці і рэзервы.

Летась эканоміка раёна функцыянавала ў межах зацверджанага прагнозу, і ў цэлым мінулы год завяршылі з нядрэннымі вынікамі: з дзевяці прагнозных паказчыкаў выкананы шэсць.

– Як складваецца эканамічная сітуацыя ў раёне  ў бягучым годзе?

– Першае паўгоддзе паказала, што выкананы два з трох асноўных паказчыкаў – па сярэднямесячнай заработнай плаце і інвестыцыях у асноўны капітал. Сукупныя паступленні ў бюджэт раёна павінны былі скласці 108,1 працэнта, але склалі 104,6 працэнта.

Адносна індыкатыўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця варта сказаць пра выкананне аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ. Вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі выйшла на 100-працэнтны ўзровень, аднак да спрагназіраванага ўзроўню недададзена 3 працэнты прадукцыі. Рознічны тавараабарот не дасягнуў 100 працэнтаў у параўнанні з узроўнем 2020 года.

Зарплата расце

– Якімі характарыстыкамі можна ацаніць работу прадпрыемстваў раёна?

– Прамысловыя прадпрыемствы раёна працуюць стабільна. Зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці назіраецца толькі ў Стаўбцоўскім філіяле ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», усе астатнія працуюць са значным плюсам у параўнанні з вынікамі мінулага года.

Працягвае расці экспарт тавараў. Зменшылася з сямі да чатырох колькасць стратных прадпрыемстваў. Прычым дзейнасць двух з іх – турбазы «Высокі бераг» і Стаўбцоўскага бюро падарожжаў і экскурсій – напрамую залежыць ад эпідэміялагічнай сітуацыі.

Тэмп росту заработнай платы ў першым квартале 2021 года пры плане 108,4 працэнта склаў 114,3 працэнта. Гэта радуе, таму што жыхары раёна атрымліваюць за сваю працу дастойную заработную плату.

У дзейнасці прадпрыемстваў самы галоўны паказчык – эфектыўнасць, што азначае не толькі атрыманне прыбытку, але і развіццё вытворчасці і рацыянальнае вядзенне вытворча-гаспадарчай дзейнасці.

30 чэрвеня споўнілася 100 гадоў эканамічным органам Рэспублікі Беларусь. Карыстаючыся выпадкам, віншую з гэтай падзеяй эканамістаў і ветэранаў эканамічнай галіны на Стаўбцоўшчыне. Работа эканаміста непрыкметная, але ад гэтага яна не губляе сваёй значнасці. Менавіта ад яе залежыць эфектыўная дзейнасць прадпрыемстваў. Здароўя ўсім, шчасця і дабрабыту!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *