Галоўны паказчык дабрабыту – заработная плата

Важное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Цячэ малочная рака

Па выніках работы за мінулы год жывёлаводы ўпершыню перакрылі шасцітысячны рубеж па надоях малака ад каровы. І сёлета дбайнымі працаўнікамі прыкладаюцца намаганні для таго, каб павялічыць дасягнуты паказчык. За пяць месяцаў атрымана ў сярэднім ад кожнай каровы 2615 кілаграмаў малака, што на 48 кілаграмаў перавышае паказчык адпаведнага перыяду летась. У першай тройцы знаходзяцца ТАА «СЖК «Налібакі», ААТ «Каганец» і ААТ «Жацерава». Працаўнікі МТФ «Налібакі» атрымалі летась ад кожнай каровы 10 807 кілаграмаў малака. Пяць аператараў машыннага даення раёна перавысілі летась дзесяцітысячны рубеж па надоях малака ад каровы.

Усяго з пачатку года на жывёлагадоўчых фермах раёна надоена 45276,7 тоны малака – гэта 101,7 працэнта да мінулагодняга выніку. Павялічыліся якасныя паказчыкі прадукцыі, гатункам экстра перапрацоўшчыкам пастаўляецца амаль 70 працэнтаў. Усё малако, якое паступае на малочныя заводы з ААТ «Жацерава», мае найвышэйшую якасць. У гэтай гаспадарцы, а таксама ў ААТ «Рубяжэвічы», ААТ «Каганец», ААТ «Агранёманскі» рэнтабельнасць данай прадукцыі – адна з самых высокіх.

Жывёлаводы раёна выйшлі сёлета на пятае месца ў вобласці па штодзённым надоі малака ў сярэднім ад адной каровы. Наперадзе толькі Дзяржынскі, Нясвіжскі, Смалявіцкі і Мінскі раёны.

З дзяржаўнай падтрымкай

Ёсць плён і ў мясных справах. На вытворчых плошчах сельгаспрадпрыемстваў вырашчана 3243,3 тоны ялавічыны ў жывой вазе, што склала 100,5 працэнта да выніку папярэдняга года. Лідар па продажы мяса перапрацоўшчыкам – ААТ «Вялікі Двор», дзе сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе бычкоў склалі 830 грамаў. У ліку буйных пастаўшчыкоў – ААТ «Агранёманскі».

На фермах сельгаспрадпрыемстваў павялічылася колькасць буйной рагатай жывёлы, у памяшканнях утрымліваецца звыш 51,5 тысячы галоў.

З падтрымкай дзяржавы будуюцца сучасныя жывёлагадоўчыя памяшканні. У прыватнасці, узводзяцца «клюшачнікі» ў ААТ «Жацерава», ААТ «Радзіма Якуба Коласа», ААТ «Рубяжэвічы», ААТ «Агранёманскі». Будзе пабудаваны даільна-малочны блок на МТФ «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства. Праводзяцца рэканструкцыі наяўных пабудоў. Вядзецца замена даільнага абсталявання і водапаення.

Дастойны вынік дасягнуты і ва ўзнаўленчай рабоце: на 100 матак летась атрымана 104 цяляці. Па гэтым паказчыку раённая племстанцыя заняла першае месца ў вобласці. Варта адзначыць, што апошнія восем гадоў спецыялісты па штучным асемяненні жывёлы працуюць на высокім узроўні і трывала замацаваліся на лідзіруючых пазіцыях.

Новыя сарты і тэхніка

Ёсць поспехі ў раслінаводчай галіне. У ААТ «Жацерава» летась упершыню ў гісторыі гаспадаркі намалочана з кожнага гектара 55,9 цэнтнера збожжавых і зернебабовых культур. У ААТ «Радзіма Якуба Коласа» на круг сабрана 47,3 цэнтнера масланасення рапсу – рэкордны паказчык. А ўсяго па раёне намалочана восем тысяч тон гэтай прыбытковай тэхнічнай культуры пры сярэдняй ураджайнасці 25 цэнтнераў з гектара. Паляпшаецца кармавая база. Перазалужаюцца сенажаці і пашы.

Значна павялічылася плошча пад кукурузай. Даная прапашная культура заняла ў севазвароце плошчу 11 334 гектары, з якіх 1330 гектараў адведзена пад вырошчванне на зерне.

Хлебаробамі закладзены неблагі падмурак пад ураджай бягучага года. Набыты і пасеяны новыя перспектыўныя сарты. Пасевы шчыра даглядаюць. Сёлета плануецца намалаціць 82 тысячы тон збожжа, а разам з зернем кукурузы – 90 тысяч тон.

Абнаўляюцца машынна-трактарныя паркі. Летась набыта звыш трыццаці адзінак складанай тэхнікі. Папаўняюцца сучаснымі трактарамі і камбайнамі мехдвары таварыстваў і сёлета. На палетках ААТ «Агранёманскі» задзейнічаны новы кормаўборачны камбайн КВК-800. У ААТ «Дзераўное» і ААТ «Рубяжэвічы» вядзецца будаўніцтва збожжасушыльных комплексаў ЗСК-40 «Амкадор».

Адзін з галоўных паказчыкаў дабрабыту гаспадарак і працаўнікоў – заработная плата. На сельгаспрадпрыемствах сярэднямесячны заробак з пачатку года склаў 1013 рублёў, а самы высокі – у ААТ «Вялікі Двор», 1615 рублёў.

Надзея БАТАЛКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *