Выязное пасяджэнне аблвыканкама: З наведваннем аб’ектаў Стаўбцоўшчыны

Афіцыйна Нумары У райвыканкаме

image_pdfimage_print

У мінулы чацвер на базе нашага раёна прайшло выязное пасяджэнне Мінскага аблвыканкама. На парадак дня былі вынесены пытанні гатоўнасці народнагаспадарчага комплексу да асенне-зімовага перыяду і навядзення парадку на зямлі.

Удзельнікі выязнога пасяджэння, у складзе якога былі кіраўнікі структурных падраздзяленняў Мінаблвыканкама, старшыні раённых выканаўчых камітэтаў, раённых Саветаў народных дэпутатаў Мінскай вобласці і горада Жодзіна, па двух маршрутах азнаёміліся з сельскагаспадарчымі, прамысловымі і сацыяльнамі аб’ектамі Стаўбцоўшчыны.

Якасць кармавых сумесяў  стала цэнтрам увагі на малочнатаварнай ферме «Ячнае-3» ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», якая пасля праведзенай рэканструкцыі ўяўляе сабою сучаснае рабатызаванае жывёлагадоўчае прадпрыемства. Тут захоўваюцца тэхналагічныя патрабаванні для належнага кармлення жывёлы.

У ААТ «Жацерава» ўдзельнікам выязнога пасяджэння быў прадстаўлены сіласна-сянажны ўніверсальны трамбоўшчык, выпуск такіх агрэгатаў асвоены ў райаграсэрвісе. Рацыяналізатарскае рашэнне дазволіла вызваліць магутную тэхніку, якую можна  заняць на пасяўной, і задзейнічаць машыны меншай магутнасці, аднак пры гэтым атрымаць большы эфект у кормавытворчасці. Выкарыстанне такога прычапнога агрэгата значна эканоміць гаруча-змазачныя матэрыялы, скарачае працягласць трамбоўкі сіласнай траншэі. Да ўсіх гэтых плюсаў трэба дадаць і забеспячэнне высокай якасці сіласнай масы. Старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра ацаніў гэта як аптымальны варыянт нарыхтоўкі сіласу і паставіў задачу перад усімі старшынямі раённых выканаўчых камітэтаў набыць ці сканструяваць (у каго дазваляюць майстэрні) падобныя агрэгаты для сельскагаспадарчых  таварыстваў.  У ААТ «Жацерава» тры месяцы назад праходзіла рабочая нарада з удзелам кіраўнікоў раёнаў вобласці пад кіраўніцтвам  старшыні аблвыканкама. Тады  было ўказана на шэраг негатыўных момантаў па ўтрыманні жывёлагадоўчых памяшканняў і забеспячэнні якасці кармоў. За гэты кароткі час калектыву сельскагаспадарчага прадпрыемства на чале з Іванам Краўчуком удалося выправіць недахопы. І вось ужо гаспадарка дзеліцца з іншымі раёнамі вобласці сваімі наватарскімі рашэннямі. Прыемная акалічнасць.

У праграме правядзення выязнога пасяджэння аблвыканкама маршрут пралёг і на Навасвержанскі лесазавод. За два гады, калі на пасаду дырэктара заступіў Васіль Дзейчык, спецыяліст з больш чым 21-гадовым стажам работы ў Стаўбцоўскім доследным лясгасе,  адбыліся карэнныя змены ў дзейнасці стратнага завода, які меў  не толькі даўгі па заработнай плаце, але і шмат іншых праблем. Рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па рэканструкцыі лесапільна-дрэваперапрацоўчага цэха з выкарыстаннем круглапіловачнага і фрэзерна-брусуючага абсталявання дазволіла вывесці прадпрыемства на новы ўзровень дзейнасці, ураўнаважыць усе вытворчыя пытанні. На сучасны момант Навасвержанскі лесазавод дае ўжо справаздачу аб прыбытковай дзейнасці. Калі раней завод рэалізоўваў паўфабрыкаты, то цяпер экспартуе струганую дошку ў многія краіны Еўропы. Высокай ацэнкі заслужылі не толькі стан вытворчых спраў, але і культура вытворчасці, дзе паўсюдна – належны парадак. Старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра па-мужчынску моцна паціснуў Васілю Дзейчыку руку. І гэта было больш красамоўна, чым  выказаная  ўдзячнасць словамі.

У ходзе аб’язнога маршруту старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў дакладваў аб стане сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, гатоўнасці народнагаспадарчага комплексу да асенне-зімовага перыяду, аб практыцы арганізацыі работ па навядзенні парадку на зямлі. Удзельнікаў выязнога пасяджэння пазнаёмілі з заменай цеплавой сеткі на ПІ-трубы ў аграгарадку Вішнявец, паказалі кацельню ў Новым Свержані на мясцовых відах паліва і кацельню лесазавода на адходах перапрацоўчага прадпрыемства.

На другім маршруце кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама, старшыні раённых Саветаў народных дэпутатаў таксама наведалі шэраг аб’ектаў –сялянскую фермерскую гаспадарку «Сула», цэнтральную раённую бальніцу, СШ № 2 г. Стоўбцы, Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў.

У пленарным пасяджэнні ў раённым Цэнтры культуры прынялі ўдзел і кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, размешчаных на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна. З выкарыстаннем відэаматэрыялаў былі зроблены акцэнты на тым, як ідзе падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона ў раёнах вобласці.  Гэта была як прапаганда добрых ініцыятыў і станоўчага вопыту на месцах, так і выкрыванне нядбайнасці. Атрыманне пашпартоў гатоўнасці на цепланосьбіты і жылы фонд, гатоўнасць цеплатрас, кацельняў да ацяпляльнага сезона, ход работ па замене цеплавых сетак і рамонту дахаў, стварэнне запасаў паліва, надзейнасць аб’ектаў  жыццезабеспячэння – гэтыя і іншыя актуальныя перад ацяпляльным сезонам пытанні былі разгледжаны персаніфакавана, з самымі сур’ёзнымі патрабаваннямі да кіраўнікоў і службовых асоб.

З відэапраглядам было абмеркавана і пытанне навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання населеных пунктаў. Як рэзюмэ да справаздач кіраўнікоў і наведвання аб’ектаў прагучалі словы: парадак там, дзе ёсць гаспадар. Менавіта гаспадарлівы падыход чакаецца і патрабуецца ад кожнага без выключэння на сваім рабочым месцы незалежна ад рангу і пасад.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *