Яе гады – яе багацце

Важное Грамадства

image_pdfimage_print

Сваё 100-годдзе адзначыла адна з найстарэйшых  жыхарак раёна – Зінаіда Андрэеўна Лапко.

Дэлегацыя ў складзе прадстаўнікоў Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Шашкоўскага сельвыканкама, СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» і раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» прыехала да юбіляркі дадому, каб павіншаваць жанчыну з такой знамянальнай датай, уручыць падарункі і кветкі. Усе жадалі ёй здароўя, цярпення і аптымізму, а дочкам таксама зычылі жыць доўга і шчасліва.

Зінаіда Андрэеўна родам з вёскі Лапкі. Да цяперашняга часу жыве ў сваёй хаце ў Апечках. Толькі апошнія гады на зіму дочкі забіраюць маці да сябе ў сталіцу. Што ні гавары, узрост шаноўны, і жанчыне патрэбен пастаянны догляд.

Зінаіда Андрэеўна Лапко разам з дочкамі Нінай і Марыяй, якія любяць маці і клапоцяцца аб ёй

Працавала Зінаіда Андрэеўна ў мясцовай гаспадарцы. Завіхалася ў паляводстве. Было вельмі нялёгка, асабліва ў пасляваенныя гады. Работы на палетках хапала, і практычна ўся яна выконвалася ўручную. Працавала жанчына з душой. Кіраўніцтва гаспадаркі заўсёды адзначала яе за рупнасць.  Яна заслужана атрымлівала граматы і падарункі.

Перажыла Зінаіда Андрэеўна і нямецкую акупацыю. Дзяўчыне яшчэ не споўнілася і дваццаці гадоў, як пачалася вайна. Рознага нацярпелася. Тыя страшныя і галодныя гады яна часта ўспамінала і заўсёды гаварыла дзецям: «Не дай бог, каб зноў паўтарылася вайна». Зінаіда Андрэеўна выйшла замуж за мясцовага хлопца. Яны выхавалі чатырох дзяцей – трох дочак і сына. Сям’я жыла дружна. Генадзій Ігнацьевіч быў добрым гаспадаром. Меў статус інваліда вайны. Муж з жонкай заўсёды трымалі на падвор’і дамашнюю жывёлу. Упраўляцца дапамагалі дзеці. Даілі карову, кармілі свіней. Хадзілі і ў калгас, палолі «дзялкі» буракоў. Збіралі ў лесе грыбы і ягады, каб прадаць іх і купіць сабе абноўкі. Адным словам, выраслі працавітымі, як і іх бацькі. Яны і сёння не пакідаюць маці адну, клапоцяцца аб ёй. Робяць усё для таго, каб дарагі іх сэрцам чалавек даўжэй пажыў на гэтым свеце.

– Матуля заўсёды гаварыла, што не пражыве і паўстагоддзя – такая цяжкая ў яе была праца, – гавораць дзеці, – чаму яна так думала – не ведаем. Магчыма, многа перажыла ў маладосці. Але лёсам ёй быў наканаваны доўгі век. І мы гэтаму рады. Дзядуля наш таксама пражыў сто гадоў.

Падчас працы ў гаспадарцы Зінаіда Андрэеўна любіла ездзіць у экскурсійныя паездкі, якія арганізоўваў прафсаюзны камітэт. Шмат дзе пабывала, многа пабачыла. І ўвогуле яна заўсёды вяла актыўны лад жыцця. А ў тым, што гэта галоўны стымул даўгалецця, не сумняваюцца нават медыкі. Аднак генетыка тут таксама адыграла сваю ролю.

У Зінаіды Андрэеўны пяць унукаў і шэсць праўнукаў.

Надзея БАТАЛКА

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *