Завітайце на радзіму Якуба Коласа

Главное Моя Столбцовщина

image_pdfimage_print

Наша краіна багатая гісторыка-культурнай спадчынай. І Стаўбцоўшчына не выключэнне.

Яна мае архітэктурныя помнікі і славутасці, якія варта наведаць. Мы зрабілі іх падборку і прапануем вашай увазе.

КОЛАСАВЫ МЯСЦІНЫ

Якуб Колас (сапраўднае імя – Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) нарадзіўся 3 лістапада 1882 года ў вёсцы Акінчыцы. Сёння Акінчыцы – гэта мікрараён г. Стоўбцы. Тут на скрыжаванні вуліц Сянкевіча і Коласаўскай, створаны мемарыяльны музей-сядзіба «Акінчыцы», які ўключае адноўлены паводле архіўных дакументаў і фатаграфій дом, свіран, калодзеж і склеп. Невялікі дом складаецца з сенцаў і аднаго жылога пакоя. Сярод экспанатаў, прадстаўленых у музеі «Акінчыцы», – аналагі рэчаў, якімі карысталася сям’я паэта, прадметы сялянскага побыту канца XIX стагоддзя.

Бацька Якуба Коласа, Міхаіл Казіміравіч Міцкевіч, служыў лесніком у князя Радзівіла, і па абавязку службы яму з сям’ёй даводзілася часта пераязджаць. Дзякуючы гэтаму на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна існуе філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа «Мікалаеўшчына», які ўключае яшчэ тры памятныя музеі-сядзібы («Ласток», «Альбуць», «Смольня»).

Мемарыяльная сядзіба «Ласток» размешчана за 12 км ад в. Мікалаеўшчына. Тут прайшлі раннія дзіцячыя гады Якуба Коласа. Толькі тут захаваўся арыгінальны дом, якому ўжо больш за 130 гадоў і сцены якога памятаюць звонкі смех будучага паэта.

У доме размясцілася літаратурная экспазіцыя паводле матываў паэмы «Сымон-музыка», дзе прадстаўлены копіі рукапісаў паэмы, яе выданні розных гадоў, лісты, дакументы, фатаграфіі паэта 20-х гадоў, вырабы народных майстроў Стаўбцоўшчыны, творы беларускіх мастакоў.

Мемарыяльная сядзіба «Альбуць» знаходзіцца за 5 км ад г. Стоўбцы. Тут з 1890 па 1904 год жыла сям’я Міцкевічаў і прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады будучага пісьменніка.

У 1990 годзе ў адноўленай сядзібе адкрыта літаратурна-мемарыяльная экспазіцыя паводле матываў паэмы «Новая зямля». Экспазіцыя знаёміць з фотаздымкамі прататыпаў герояў паэмы, рукапісамі і выданнямі розных гадоў, а таксама з прадметамі побыту сялян XIX–XX стагоддзяў.

У адноўленым гумне цяпер размяшчаецца выстава «Пчалярства і рыбалоўства». Тут можна ўбачыць рэдкія сёння прылады пчалярства і рыбалоўства, менавіта такімі мог карыстацца і дзядзька Якуба Коласа – Антось, заўзяты рыбалоў.

Сядзіба «Смольня» – гэта былы дом сям’і Міцкевічаў. Яна знаходзіцца на ўскраіне в. Мікалаеўшчына. Якуб Колас часта прыязджаў у Смольню. Менавіта тут у 1912 годзе адбылася сустрэча Якуба Коласа і Янкі Купалы.

У 1967 годзе Смольня стала мемарыяльнай сядзібай. Музейная плошча падзелена на дзве часткі: літаратурную і мемарыяльную. Сам дом стаў музеем толькі ў 1972 годзе, да 90-годдзя з дня нараджэння паэта. Інтэр’ер мемарыяльнага дома абноўлены паводле ўспамінаў родных Коласа. Аўтары праекта спрабавалі перадаць дух сям’і Міцкевічаў. На сядзібе абноўлены хлеў і гумно, у галоўным сядзібным доме шмат этнаграфічных рэчаў, якія адлюстроўваюць сялянскі побыт пачатку мінулага стагоддзя.

У пабудаваным двухпавярховым будынку размяшчаецца літаратурная экспазіцыя. Сюды была перавезена частка інтэр’ера з музея Якуба Коласа ў Мінску. У музеі знаходзяцца фатаграфіі, рэдкія выданні твораў паэта, лісты да сваякоў, каштоўныя рэчы.

Сядзібы «Акінчыцы», «Ласток», «Альбуць» і «Смольня» ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

ТУРЫСТЫЧНЫ КОМПЛЕКС «ВЫСОКІ БЕРАГ»

Адпачынак на вадзе супакойвае і расслабляе, асабліва калі гэта празрыстыя воды ракі Нёман. Турыстычны комплекс «Высокі бераг» размясціўся ў маляўнічым месцы ў вярхоўі гэтай выдатнай ракі.

Госці могуць скарыстацца новай паслугай – арандаваць аднапавярховыя драўляныя катэджы. Яны размешчаны ў лясным масіве на агароджанай тэрыторыі. Усе катэджы двухпакаёвыя (гасціная, спальня, кухня).

Дамы абсталяваны ўсім неабходным для камфортнага пражывання: на кухні ёсць халадзільнік, мікрахвалевая печ, кухонныя мэбля і прылады.

Для правядзення спартыўных мерапрыемстваў ёсць адкрытая валейбольная пляцоўка, більярд, настольны тэніс. Працуе пункт пракату лодак, спартыўнага інвентару і турыстычных прылад. Абсталяваны пляж, маецца выратавальная станцыя.

У рэстаране можна пачаставацца стравамі нацыянальнай кухні. Таксама ёсць кафэ-бар, медпункт, сучасная камфартабельная лазня на дровах на беразе Нёмана, для арганізацыі культурнага адпачынку – бібліятэка, кіназала на 132 чалавекі, гульнявая і танцавальная летняя пляцоўкі. Арганізуюцца вечары адпачынку.

У ваколіцах турбазы сапраўднае раздолле грыбнікам, ягаднікам, аматарам палявання і рыбнай лоўлі.

МУЗЕЙ-СЯДЗІБА «ДЗЯРЖЫНАВА»

Адкрыты ў 1972 годзе як мемарыял «Дзяржынава», які з’яўляўся філіялам створанага ў 1957 годзе ў г. п. Івянец музея Ф. Э. Дзяржынскага.

Музей-сядзіба размяшчаецца за 75 км на захад ад Мінска ў прыгожым сасновым лесе на беразе ракі Уса (правы прыток Нёмана).

У XIX стагоддзі тут знаходзілася радавая сядзіба Дзяржынскіх, дзе нарадзіўся і правёў дзіцячыя гады Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі – рэвалюцыянер, савецкі дзяржаўны і партыйны дзеяч. Летам 1943 года сядзіба была спалена нямецкімі акупантамі падчас блакады Налібацкай пушчы.

З  2002 года сядзіба «Дзяржынава» ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

У склад комплексу ўваходзяць паказальнік і план-схема сядзібы, алея з 49 камянёў-валуноў, якія сімвалізуюць гады, пражытыя Ф. Э. Дзяржынскім, часткова захаваліся і адрэстаўраваны прыродным каменем падмуркі пабудоў, якія некалі стаялі тут, бронзавы бюст Ф. Э. Дзяржынскага, устаноўлены на высокім гранітным пастаменце, калодзежны зруб, склеп.

У двухпавярховым жылым доме, у шасці залах, размяшчаецца экспазіцыя, прысвечаная гісторыі сям’і Дзяржынскіх. На першым паверсе можна пазнаёміцца са старадаўнім дваранскім родам Дзяржынскіх, лёсамі яго прадстаўнікоў, тут таксама экспануюцца аўтэнтычныя рэчы сям’і, якія арганічна ўпісаны ў рэканструяваныя тыповыя інтэр’еры гасцінай, сталовай, пакояў для бацькоў. На другім паверсе экспазіцыя прысвечана жыццю і дзейнасці Ф. Э. Дзяржынскага, тут прадстаўлены дэталі працоўнага кабінета, аўтарскія кнігі, сямейныя фатаграфіі. Завяршае экспазіцыю калекцыя падарункаў і сувеніраў музею ад дэлегацый з розных краін свету, якія наведалі сядзібу «Дзяржынава».

У наведвальнікаў музея-сядзібы ёсць магчымасць як самастойна азнаёміцца з музейнай экспазіцыяй, так і ў суправаджэнні экскурсавода па тэрыторыі сядзібы і па доме-музеі сям’і Дзяржынскіх.

Наведайце гэтыя цудоўныя мясціны і адчуйце каларыт і дух мінулай эпохі.

Паводле сайтаў райвыканкама і турыстычна-аздараўленчага комплексу «Высокі бераг»



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *