З сяброўскім візітам: Стаўбчан віталі ў Азёрах

Нумары Сувязі

image_pdfimage_print

Доўгія гады Азёры Маскоўскай вобласці і нашы Стоўбцы з’яўляюцца гарадамі-пабрацімамі і развіваюць супрацоўніцтва. У верасні дэлегацыя нашага раёна пад кіраўніцтвам намесніка  старшыні райвыканкама Ірыны Пашкевіч у складзе начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алены Суднік, дырэктара ААТ «Агранёманскі» Іосіфа Меляшкевіча, дырэктара стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» Сяргея Прасмыцкага, старшыні праўлення райспажыўтаварыства Віктара Галаўко, дырэктара філіяла «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат» Рамуальды Бурдукевіч па запрашэнні кіраўніцтва  Азёр з сяброўскім візітам наведалі горад-пабрацім. Мы просім Ірыну Пашкевіч падзяліцца ўражаннямі ад гэтай паездкі.

–       Ірына Баніфацыеўна, гэты візіт быў прыўрочаны да якой-небудзь падзеі?

–       Так, адзначаўся Дзень гарадоў-пабрацімаў. Акрамя Стоўбцаў пабрацімамі Азёраў з’яўляюцца  гарады Дзяржынск і Жукоўскі Маскоўскай вобласці. Адміністрацыя горада Жукоўскі выступіла з прапановай супрацоўніцтва са Стоўбцамі.

–       Напэўна ж, гэты візіт стаў працягам сумесных праектаў з Азёрамі?

–       Безумоўна. Падпісана новае пагадненне аб эканамічным і культурным супрацоўніцтве з адміністрацыяй Азёрскага муніцыпальнага раёна. Праходзіла гэта ў вельмі ўрачыстай абстаноўцы з хлебам-соллю,  выкананнем гімнаў абедзвюх краін. Прысутнічалі ганаровыя жыхары Азёр, кіраўнікі лепшых прадпрыемстваў і арганізацый, ветэраны вайны і працы. Адміністрацыя  Азёрскага муніцыпальнага раёна Маскоўскай вобласці ўручыла Падзячнае пісьмо на імя старшыні Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта Юрыя Горлава за развіццё сувязяў гарадоў-пабрацімаў. Падпісанае пагадненне прадугледжвае больш цесныя гандлёвыя стасункі. Падчас гэтага візіту ў выставе-кірмашы «Дары восені» ў Азёрах былі выстаўлены палаткі з прадукцыяй  філіяла «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат», Стаўбцоўскага філіяла Гарадзейскага цукровага камбіната, гандлёвая палатка райспажыўтаварыства. Мы заўважылі, што беларуская прадукцыя карыстаецца попытам у расіян, і гэта добры стымул працягваць такую практыку выязных кірмашоў за мяжу. Што датычыць культурных сувязяў, то мы адрасавалі Азёрам запрашэнне прыняць удзел у Адкрытым абласным конкурсе маладых выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах «Залатая труба» памяці заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь Івана Янкоўскага і ў абласным свяце-конкурсе юных музыкантаў «Сымон-музыка».

–       Магчыма, у  час паездкі вы наведалі Азёрскія прадпрыемствы?

–       Так, хоць наша прабыванне ў Маскоўскай вобласці было абмежавана ўсяго двума днямі, аднак праграма рабочага візіту была вельмі насычанай. Мы пазнаёміліся з дзейнасцю хлебазавода, прадпрыемства па вытворчасці натуральных абалонак для каўбасных і іншых мясных вырабаў. Пабылі на прыватным жывёлагадоўчым прадпрыемстве па вырошчванні авечак. З задавальненнем азнаёміліся з Горскай сярэдняй школай, адметнай тым, што яна ўяўляе сабою музей. У гэтым стылі аформлены інтэр’ер, вельмі багатыя экспазіцыі. Нас зацікавіла работа ваенна-патрыятычнага клуба, якой кіруе благачынны цэркваў айцец Яўгеній. У працэсе нашай сустрэчы абгаворвалася пытанне супрацоўніцтва азёрскага ваенна-патрыятычнага клуба з клубам «Абаронца Айчыны», які дзейнічае на базе СШ № 3 г. Стоўбцы пад кіраўніцтвам воіна-інтэрнацыяналіста Рыгора Мамайкі.

–       І некалькі слоў аб уражаннях ад святочнага Дня гарадоў-пабрацімаў.

–       Свята праходзіла на галоўнай плошчы. Багатым быў кірмаш «Дары восені». Нам прыемна было назіраць, як бойка ішоў  гандаль ля стаўбцоўскіх палатак. Авацыямі сустракалі гледачы выстуленне нашых артыстаў – дырэктара Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Дзмітрыя Слесарчыка і выкладчыка гэтай школы Антаніны Бондаравай, салістаў раённага Цэнтра культуры Дзмітрыя Клочкі і Таццяны Дзярнейка. Урачыстасць была яркай, запамінальнай, як і ўся наша паездка. Нам прыемна, што супрацоўніцтву паміж Стоўбцамі і Азёрамі працягвацца і далей.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *