Члены клуба перамагаюць за Беларусь

Адукацыя Важное

image_pdfimage_print

«Абаронца Айчыны» – так называецца Стаўбцоўскі спартыўна-патрыятычны клуб баявых адзінаборстваў.

Члены клуба «Абаронца Айчыны» прывезлі з чэмпіянату і першынства Рэспублікі Беларусь па панкратыёне – 2021 чатыры першыя месцы, два другія і адно трэцяе

Ён дзейнічае пад эгідай раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў. Члены клуба пакараюць вяршыні самых прэстыжных турніраў,  а таксама рыхтуюцца да армейскай службы.

Сёлета напрыканцы мая яны паспяхова выступілі на чэмпіянаце і першынстве Рэспублікі Беларусь па панкратыёне – 2021, які праходзіў у г. Ашмяны Гродзенскай вобласці.

У сваіх вагавых і ўзроставых катэгорыях першыя месцы заваявалі чацвёра выхаванцаў клуба: Яўген Амяльянка, Максім Гінтаўт, Лізавета Савіцкая і Паліна Клімко. Другія месцы – у Арцёма Шынкоўскага і Данііла Цішкова, трэцяе месца – у Артура Таранава.

– Турнір прайшоў на высокім узроўні, сабраў каля 300 удзельнікаў, – зазначае кіраўнік клуба «Абаронца Айчыны» Рыгор Мамайка і выказвае ўдзячнасць начальніку ДРБУ № 135 Вадзіму Савіцкаму за транспарт, выдзелены для паездкі.

У тым, што на паядынкі па панкратыёне з’язджаецца шмат моладзі з розных куткоў рэспублікі і яна паказвае дастойны ўзровень падрыхтоўкі, заслуга галоўнага арганізатара Антона Рыбчонка і галоўнага суддзі Яўгена Алянцэвіча.

«Цяпер у клубе «Абаронца Айчыны» з’явіліся дзяўчаты, якія годна выступаюць і выйграюць у элітных клубаў рэспублікі», – падкрэслівае асаблівасці Рыгор Мамайка.

Варта мець на ўвазе,  што сёлета клубаўцы выступалі на чэмпіянаце без сваіх тытулаваных выпускнікоў, такіх як Іван Мілоў, Іван Калодзінскі, Ілья Клімко, Аляксей Жылко (якраз 29 мая, калі праходзілі спаборніцтвы, у школах быў апошні званок). Адзінаццацікласнік Іван Мілоў рыхтуецца на даным этапе да  паступлення ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь.

Аналізуючы ваенна-патрыятычную работу з моладдзю, Рыгор Мамайка згадаў вучэбна-палявыя зборы па дапрызыўнай падрыхтоўцы сярод дзесяцікласнікаў раёна, якія прайшлі на базе СШ № 3 г. Стоўбцы. Агнявыя і тактычныя заняткі дапоўніла экскурсія ў райаддзел міліцыі. У ціры райаддзела дапрызыўнікі змаглі паспрабаваць сябе ў стральбе з пнеўматычнай зброі. Сярод клубаўцаў, між іншым, ёсць жадаючыя звязаць сваю будучую прафесію са службай у органах правапарадку.

А курсантаў, якія прадэманстравалі на вучэбна-палявых зборах лепшыя вынікі, чакаюць граматы. Уручыць іх Рыгор Мамайка плануе сумесна з прадстаўнікамі райваенкамата, падчас асенняй прызыўной кампаніі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *