Заказваем мэблю і жадаем тварыць

Важное Грамадства Мы ГОВОРИМ

image_pdfimage_print

Стоўбцы непараўнальна разбудаваліся за апошнія гады. Штогод у райцэнтры ўзводзяцца шматпавярховыя жылыя дамы, і гэта дае магчымасць  паляпшаць жыллёвыя ўмовы не толькі шматдзетным сем’ям, але і маладым сем’ям, маладым спецыялістам, якім выдзяляецца арэнднае жыллё камунальнага жыллёвага фонду.

Надзея Ганчарова:

– Наша сям’я чакала кватэру з 2014 года, таму можаце ўявіць, якія ў нас цяпер пачуцці! Увесь гэты час мы ўпяцярых туліліся ў аднапакаёвай кватэры бацькоў.

У нас з мужам трое дзяцей. Старэйшыя сыны займаюцца ў СШ № 3 г. Стоўбцы (ім 12 і 9 гадоў), а самы малодшы (яму 2,4 года) пакуль дома са мною. У нашым доме мы першымі атрымалі ключы ад трохпакаёвай кватэры.

У кватэры ўсё спадабалася, але чамусьці няма газавай пліты і ванны. Іх неабходна набываць самім. У нашага таты залатыя рукі (ён індывідуальны прадпрымальнік у будаўнічай сферы), таму ўсё ў нас складзецца добра і бліжэй да восені плануем пераехаць у сваё жыллё.

Дзеці вельмі рады такому павароту, рыхтуюцца…

Вольга Клімовіч:

– Мы заказваем мэблю ў сваю новую арэндную кватэру. У нас вельмі прыемныя клопаты. Чакалі іх паўтара года. Кватэра ў нас двухпакаёвая, прыгожая. Нам з мужам і сыночкам Канстанцінам будзе ў ёй вельмі ўтульна.

Атрымліваем асалоду ад жыцця, будуем планы. Мой муж працуе ў райаддзеле міліцыі, я да нараджэння сына працавала загадчыцай Засульскай урачэбнай амбулаторыі. Хачу прайсці перападрыхтоўку і стаць неўролагам, хутчэй выйсці на працу. Вельмі люблю сваю работу. Прыехала па размеркаванні ў Стаўбцоўскую ЦРБ, хоць сама – мінчанка.

Сям’я Святланы Клімко:

– Пакуль вырашаем розныя бытавыя пытанні, але 2022 год плануем сустрэць у новай кватэры. Мы адчуваем сябе шчаслівымі, таму што чакалі паляпшэння жыллёвых умоў з 2010 года.

У нас трое дзетак, Ксенія, Ганна і Дзмітрый (ім адпаведна дзесяць, чатыры і два гады), і – трохпакаёвая кватэра. Пакоі светлыя, прасторныя. Да гэтага мы жылі ў бабулі ў аграгарадку Заямнае, але будзем пераязджаць у горад. Стрымлівае тое, што старэйшая дачка вучыцца з першага класа ў Заямнаўскай школе, прывыкла да дзяцей і настаўнікаў.

Хочацца падзякаваць за дзяржаўную падтрымку ў вырашэнні жыллёвага пытання. І бабулям нашым дзякуй: яны дапамагаюць гадаваць дзяцей, жывуць нашымі клопатамі.

Марыя Бурак:

– Вельмі пашанцавала, што мне як маладому спецыялісту райвыканкам выдзеліў аднапакаёвую кватэру. Гэта арэнднае жыллё, і ўсё ў ім гатова для пражывання. Толькі мэблю трэба набыць – і можна перасяляцца, што я ў найбліжэйшы час і зраблю.

Працую хормайстрам у раённым цэнтры культуры са жніўня 2020 года. Прыехала пасля каледжа мастацтваў на сваю малую радзіму – Стаўбцоўшчыну. Вучу дзетак і з дарослымі займаюся ў вакальных калектывах «Квецень», «Крынічка». Планую паступіць у ВНУ.

Мая мама вельмі абрадавалася, калі даведалася, што мне выдзелілі жыллё. У нас вялікая сям’я, і мы жылі ўсе разам. У мяне цяпер з’явілася прастора для творчасці.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара і Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *