Рэйд: А хмызняк і сёння на корані

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

Адно з пытанняў, якое разглядалі на выязным пасяджэнні аблвыканкама, – добраўпарадкаванне.

Добраўпарадкаванню надаецца вялікая ўвага, каб прывучыць нашых людзей,  суб’екты гаспадарання жыць і працаваць на чыстай акультуранай тэрыторыі, вольнай ад безгаспадарчасці і безадказнасці. На гэтым напрамку шмат зроблена, што і было адзначана членамі выязнога пасяджэння. Аднак з пазіцыі самакрытычнасці трэба прызнаць: зроблена далёка не ўсё. І аб’ектыўныя прэтэнзіі кіраўніцтва раёна скіраваны, у прыватнасці, у бок дарожнікаў. 

Рэдакцыя выехала з рэйдам у найбольш праблемныя кропкі.  Да прыкладу, зарасла з абодвух бакоў хмызняком дарога, што кіруе ў ААТ “Жацерава” (абслугоўвае яе ДРБУ № 135). Кустоўе разрастаецца, наступае на калгаснае поле і дзе-нідзе ўжо на дарогу вылазіць, а дарожнікі чагосьці чакаюць. Прычыну невыканання гэтых работ начальнік арганізацыі Віталь Дзям’янка патлумачыў напружанымі вытворчымі задачамі. Усе работнікі занятыя на аб’ектах, прычым таксама добраўпарадкавання, а некаторыя працуюць па-за межамі раёна.

На гэтым можна было б і пакінуць злашчасныя хмызнякі, ад’ехаць ад іх далей, у супрацьлеглы бок, але яны, здаецца, адступаць не збіраюцца і проста праследуюць. На ўездзе ў вёску Вечатарова – ізноў “разгул” такіх жа хмызнякоў. Калі своечасова не падсекчы іх пад самы корань, то, глядзі, і шыльду з назвай вёскі, якую яны акружылі шчыльным фронтам, хутка праглынуць, а там і саму вёску запалоняць…  Што і казаць, страшная перспектыва можа быць.  Напэўна, нехта з жыхароў вёскі ўжо пра гэта падумаў і нават не схамянуўся, таму што прынёс у хмызняк сваё смецце. А калі пачатак несанкцыянаванай звалцы, так бы мовіць, пакладзены, то, як паказвае рэчаіснасць, за яе далейшым напаўненнем справа не замарудзіцца.

Побач з аўтадарогай М1/Е30, на 289-290-м кіламетрах, працавалі работнікі ДЭУ-62. Добраўпарадкаванне снегаахоўных палос, што ідуць уздоўж магістралі, вялося з дапамогай трактара «МТЗ-82» з касілкай, ручных піл.  Рабочыя прыбіралі галлё. Кіраваў работамі непасрэдна начальнік арганізацыі Дзмітрый Ёдчык, які патлумачыў:

– Задача заключаецца ў тым, каб прыбраць кустоўе ніжэй за 50 см, а таксама тое, што не прыжылося пасля леташняй пасадкі. Пасля гэтыя ўчасткі будуць прыбраны і перададзены ў севаабарот прадпрыемства “Профі-Аграцэнтр”. На магістралі працягласць снегаахоўных палос, за якімі мы наглядаем, складае 12 км, усе іх мы абследуем і прыводзім у парадак.

“Пастрыганнем” снегаахоўных палос дарожнікі ДЭУ-62 займаюцца і на ўчастках рэспубліканскіх дарог Р-54 – Івянец – Пяршай – Нясвіж – і Р-2 – Стоўбцы – Івацэвічы – Кобрын, якія яны абслугоўваюць. Дарогі праходзяць праз сем раёнаў, аднак найбольш працяглыя з іх прыходзяцца на Стаўбцоўскі, Дзяржынскі, Нясвіжскі і Уздзенскі. У ДЭУ-62 дзейнічаюць чатыры лінейна-дарожныя дыстанцыі. Начальнік адной з іх – ЛДД-622 – Віталь Бондараў акурат знаходзіўся ля тых снегаахоўных палос, дзе вялося добраўпарадкаванне.

Для ўтрымання дарог тэхнічны парк ДЭУ-62 папаўняецца новымі адзінкамі тэхнікі. У мінулым годзе быў набыты 10-тонны самазвал «МАЗ-5551». На даны момант дарожнікі займаюцца прафіліроўкай абочын, ямачным рамонтам. У летні перыяд уласнымі сіламі была выканана паверхневая апрацоўка дарог на адлегласці 21 км. Завяршаюцца сезонныя работы па абкошванні. Як заўважае начальнік арганізацыі, пры неабходнасці для добраўпарадкавання ўчасткаў дарог вакол інжынерных прыстасаванняў прымяняюцца і ручныя косы. Але асноўныя сілы дарожнікаў кінуты на падрыхтоўку да работы ў зімовы перыяд. Ідзе рамонт тэхнікі, пафарбоўка і нарыхтоўка вехаў.               

Пры з’ездзе з магістралі ў Заямнае сустракае сад фермерскіх гаспадарак “Ілга” і “Іванушка”. Як і належыць прыватнай уласнасці, сад абгароджваецца сеткай. Але няўзброеным вокам відаць з дарогі няроўныя слупкі, а некаторыя з іх увогуле паваленыя. “Гэта рабочы працэс, мы паднімаем іх з дапамогай пагрузчыка, выраўноўваем”, – запэўніў фермер. Пакуль такая неўпарадкаваная агароджа, бясспрэчна, ганьбіць ўласніка саду, і ўсіх праезджых па дарозе прымушае хутчэй пераключыць увагу на што іншае, больш архітэктурна і эстэтычна вытрыманае. 

Што змянілася ў Стоўбцах у раёне гарадскога возера? А там пасля рэзкай крытыкі ў адрас прадпрыемства меліярацыйных сістэм, за якім замацавана гэтая тэрыторыя рашэннем райвыканкама, нарэшце збіта касілкай пустазелле. Так бы мовіць, травастой цяпер падрэзаны, ды, на жаль, нясвоечасовасць выкананай работы зусім не дадае гэтым мясцінам навакольнай прыгажосці.  

Як бачна, у якаснага добраўпарадкавання няма доўгаіграючага “пачакай”, а ёсць канкрэтныя тэрміны, свая пара і нават пэўны момант, пры гэтым нельга ігнараваць і агульнапрынятыя санітарныя і архітэктурныя нормы і патрабаванні. Усё трэба ўлічваць і разумна, гібка сумяшчаць з вытворчымі задачамі.   

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *