Калі «купаецца» сонца

Главное Соцыум

image_pdfimage_print

Купалле – старадаўняе народнае свята летняга сонцастаяння. Адзначаецца яно ў ноч з 6 на 7 ліпеня (з 23 на 24 чэрвеня па старым стылі).

Фота мае ілюстрацыйны характар

З Купаллем звязана шмат абрадаў, якія павінны былі прагнаць злых духаў і забяспечыць шчасце і даўгалецце тым, хто ў іх удзельнічае. Лічылася, што ў гэты дзень гаючую і цудатворную сілу набываюць травы, таму іх збіралі і назапашвалі на цэлы год. Венікі для лазні таксама нарыхтоўвалі менавіта на Купалле. Абавязковым атрыбутам свята з’яўляецца купальскі вянок з палявых траў і кветак. У асноўным яго плялі з барвенку, базіліку, герані, папараці, руж, ажыны. Дзяўчаты пускалі вянкі па вадзе і загадвалі жаданні. Чым далей паплыве вянок, тым хутчэй задуманае споўніцца. Таксама верылі: у які бок вянок павярнуў, адтуль і чакаць будучага мужа.

Вечарам моладзь збіралася на загадзя выбраным месцы каля возера ці ракі. Распальвалі вогнішча, вадзілі карагоды, пелі купальскія песні. Агню ў гэтую ноч надавалі розныя магічныя ўласцівасці, галоўная з якіх – ачышчэнне. Лічылася: хто скокне праз агонь вышэй за ўсіх, у таго будзе самы шчаслівы год. У купальскіх вогнішчах спальвалі адзенне хворых людзей, каб яны хутчэй паправіліся.

Адным з ключавых дзействаў свята быў пошук папараць-кветкі. Паводле легенды, той, хто яе знойдзе, атрымае звышнатуральныя здольнасці: убачыць усе скарбы ў зямлі, зможа заглядваць у будучыню, будзе здаровым і шчаслівым.

Спадзяёмся, што Купалле на Стаўбцоўшчыне перанясе жыхароў у свет таямнічасці.

Анастасія НОВІК

Фота veski.sb.by



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *