Актуальна: Вываз смецця – паслуга абавязковая

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

Паслуга па вывазе смецця мае і другі, вельмі важны бок – яго абясшкоджваннне, але мы пра гэта часцей за ўсё не задумваемся… 

Стаўбцоўскае аб’яднанне камунальных службаў папярэдзіла ўладальнікаў індывідуальных жылых дамоў – неабходна ў абавязковым парадку заключыць дагавор з гэтай спецыялізаванай арганізацыяй на аказанне паслугі па вывазе і абясшкоджванні цвёрдых бытавых адходаў.

Такі абавязак для кожнага, хто пражывае ва ўласным доме, – не прыхамаць канкрэтнай арганізацыі ЖКГ, а патрабаванне дзеючага заканадаўства рэспублікі. Як прыклад можна прывесці далёка не адзін закон, які стаіць на варце таго, каб цывілізавана вырашыць “смеццевую” праблему. У нас гэтая праблема відавочная, таму што пакеты і нават мяхі з “нічыйным” смеццем не знікаюць з пустыроў у нашых населеных пунктах, з лясных масіваў і прыдарожных палос. Хтосьці ж прыбірае гэтае смецце, абясшкоджвае, пры тым, што “гаспадар” яго – нібыта ні пры чым і нікому нічога не павінен.       

Так, адзін з вядучых законаў Рэспублікі Беларусь, які абараняе нашы спажывецкія правы, – “Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг” (артыкул 18), указавае, што спажывец абавязаны заключыць дагавор на аказанне асноўных жыллёва-камунальных паслуг, падрыхтаваны і прадастаўлены выканаўцам. Паслуга па вывазе і абясшкоджванні цвёрдых бытавых адходаў з’яўляецца асноўнай жыллёва-камунальнай паслугай.

Другі важкі аргумент дае Закон “Аб абарачэнні з адходамі” (пункт 8 артыкула 17), які прымушае ўласнікаў адходаў спажывання (гэта значыць, нас з вамі) прыняць меры па іх дастаўцы ў санкцыянаваныя месцы захоўвання. Такім санкцыянаваным месцам захоўвання адходаў спажывання выступае спецыяльна аснашчаная пляцоўка з кантэйнерамі або спецыяльны транспартны сродак (смеццявоз) у выпадку аб’езду прыватных домаўладанняў. Адсюль вынікае, што прыватным домаўладальнікам ніяк не абысціся без заключэння  дагавору на аказанне паслугі па вывазе і абясшкоджванні цвёрдых бытавых адходаў з арганізацыяй жыллёва-камунальнай гаспадаркі. І падстаў для гэтага – больш чым дастаткова.

Прадаставіць грамадзянам санкцыянаваныя месцы часовага захоўвання адходаў спажывання ў населеных пунктах могуць толькі арганізацыі ЖКГ, якія ажыццяўляюць дзейнасць па абарачэнні з камунальнымі адходамі, у тым ліку іх збор і вываз. Каб не парушыць логікі разважанняў, нагадаем яшчэ раз, што паслуга па вывазе і абясшкоджванні цвёрдых бытавых адходаў — асноўная жыллёва-камунальная паслуга. На практыцы ў яе выканаўцы, арганізацыі ЖКГ, адсутнічае тэхнічная магчымасць не аказваць названую паслугу таму ці іншаму канкрэтнаму спажыўцу або пазбавіць яго фактычнай магчымасці карыстацца гэтай паслугай. Акрамя таго, за арганізацыяй ЖКГ замацавана абавязковае выдаленне ўсіх адходаў спажывання, што ўтвараюцца ў населеных пунктах і тых, якія знаходзяцца ў несанкцыянаваных месцах, у прыватнасці і з мэтай санітарна-эпідэміялагічнай бяспекі.

Урэшце варта спаслацца на Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь (пункт 4 артыкула 415), які расстаўляе кропкі над і: калі той, для каго заключэнне дагавора абавязковае, ухіляецца ад гэтага, то другі бок – арганізацыя ЖКГ –  мае права звярнуцца ў суд з патрабаваннем прынудзіць заключыць дагавор. Дарэчы, Жыллёвым кодэксам рэспублікі агаворана: “Адмова ад заключэння дагавору на аказанне асноўных жыллёва-камунальных паслуг або дагавору найму жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду не вызваляе ўласнікаў жылых і (або) нежылых памяшканняў, у тым ліку ўласнікаў блакіраваных і аднакватэрных жылых дамоў, наймальнікаў і арандатараў жылых памяшканняў, членаў арганізацыі забудоўшчыкаў, дольшчыкаў, якія заключылі дагаворы, якія прадугледжваюць перадачу ім у валоданне і карыстанне аб’ектаў долевага будаўніцтва, ад унясення платы за фактычна аказаныя асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылым памяшканнем”. 

Заключэнне тыпавога дагавору на аказанне паслуг па вывазе і абясшкоджванні цвёрдых бытавых адходаў адбываецца па адрасе: г. Стоўбцы, вуліца Цэнтральная, 19.  Плата за паслугу разлічваецца па субсідзіраваных тарыфах для насельніцтва, зыходзячы з нарматыву ўтварэння цвёрдых камунальных адходаў, зацверджанага мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, і колькасці пражываючых.        

У нашым раёне тэхніка аб’яднання камунальных службаў ажыццяўляе цэнтралізаваны збор цвёрдых бытавых адходаў згодна з графікам, узгодненым з сельвыканкамамі і раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *