І доктар, і салдат

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

У свае 93 гады Дзмітрый Байчук на людзях вось у такім, як на здымку, прывабным вобразе: капелюшы, адпрасаваным парадным касцюме, цяпер ужо – з кіёчкам у руцэ. Калі ён, з цяжкасцю пераадолеўшы прыступкі высокага парога, зайшоў у рэдакцыйны кабінет, мы, ведаючы, што Дзмітрый Ігнатавіч з далёкай вёскі Трылес, паспяшаліся спытацца, як ён дабраўся да райцэнтра. І нечакана было пачуць, што прыехаў на сваім аўтамабілі “Ока”, які атрымаў як інвалід Вялікай Айчыннай вайны.

Усаджваем яго з дарогі. Прыемна здзіўляемся: прыехаў ён расказаць аб тым, як правёў урок мужнасці ў мясцовай Шашкоўскай сярэдняй школе. Што і гаварыць, дарэчы было выступленне ветэрана на першым уроку ў Дзень ведаў, які па ўсё краіне прайшоў па тэме “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны”.

Многія гады Дзмітрый Ігнатавіч актыўна вядзе работу па патрыятычным выхаванні моладзі. Ён мае за гэта ўзнагароды раённага выканаўчага камітэта. Як і за актыўны ўдзел у органах мясцовага самакіравання, за развіццё ветэранскага руху ў рэгіёне – больш за 30 гадоў узначальвае пярвічную ветэранскую арганізацыю Шашкоўскага сельсавета. Пасведчанне за № 1 “Ганаровы ветэран” выдадзена менавіта яму.

Як жа тут не распытаць ветэрана пра яго доўгі жыццёвы шлях?

Родам ён з Украіны. Да вайны Дзмітрый Байчук закончыў Навасельскі зааветэрынарны тэхнікум і быў накіраваны на працу ў саўгас. У кастрычніку 1941 года яго выклікаў дырэктар і сказаў, што ён будзе суправаджаць статак пры адпраўцы  на ўсход. Дзмітрый Байчук падумаў-падумаў над гэтым заданнем і вырашыў свой лёс па-іншаму – ранкам пайшоў у ваенкамат. Жаданне добраахвотніка пайсці ў армію задаволілі. Хутка прыйшла і павестка. Тысяча юнакоў-добраахвотнікаў разам з ім былі адпраўлены ў накірунку Сталінграда. Ішлі пешшу па 50-60 кіламетраў у дзень. Спыніліся ў Сталінградскай вобласці. На працягу месяца асвоілі навыкі карыстання вінтоўкай, мінамётам, кулямётам, гарматай-“саракапяткай”. Далей армейскія дарогі праляглі на Урал. У Чкалаўскай вобласці стаялі 40-градусныя маразы. Жылі ў неацяпляльных казармах. У лютым 1942 года салдатам выдалі валёнкі, цёплую вопратку. Маршавы дывізіён накіравалі на абарону Масквы. Лес быў акружаны гітлераўцамі. Глыбокай восенню 10 воінаў перайшлі ўброд, да лініі фронту заставалася 12 кіламетраў. Ворагі выявілі іх сляды, акружылі, пачалі прачэсваць кусты. Адзін чалавек загінуў пры абстрэле, а дзевяць, у ліку якіх быў і Дзмітрый Байчук, трапілі ў палон. Іх адправілі на прыфрантавы ўчастак у горад Ржэў. Ад голаду кожны дзень паміралі 10-15 салдатаў, іх скідалі недалёка ў роў. Пры падыходзе савецкіх войскаў гітлераўцы некалькі тысяч ваеннапалонных пагрузілі ў эшалоны і адправілі ў Смаленскую вобласць, як кажа Дзмітрый Ігнатавіч, карміць вошай. Затым ваеннапалонных перавезлі ў Беларусь.

Палонных прымусілі выразаць лес ля чыгункі. Адзін з працаўнікоў чыгункі быў сувязным у партызанскім атрадзе. Ён прапанаваў далучыцца да партызанаў. 12 чалавек рашыліся на гэтую тайную справу. 10 красавіка 1943 года Дзмітрый Байчук быў залічаны ў атрад імя Дзяржынскага Дзяржынскай брыгады. Паколькі ён быў артылерыстам, умеў упраўляцца з гарматай, мінамётам, вельмі спатрэбіўся ў атрадзе. Дзмітрый Байчук удзельнічаў у падрыве варожага эшалона, у аперацыях па знішчэнні чыгуначных пуцей, двух чыгуначных мастоў, разгроме варожага гарнізона, у абароне райцэнтра Любча. Шмат дапамагаў атраду ў аснашчэнні зброяй і боепрыпасамі. Адважны, дысцыплінаваны артылерыст і мінамётчык быў прадстаўлены да ўзнагароджвання ордэнам Славы ІІІ ступені, ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём “Партызану Вялікай Айчыннай вайны” І ступені.

Пасля дэмабілізацыі Дзмітрый Байчук атрымаў пісьмо з дому. Сам ён са шматдзетнай сям’і, дзе было дзесяць дзяцей. Маці пісала, што ў іх вялікі голад, пакутуюць, і калі ў яго ёсць магчымасць, то няхай застаецца ў Беларусі.

У ветлячэбніцу Любчанскага раёна (цяпер Навагрудскі) прыйшоў загад накіраваць спецыялістаў на барацьбу з чумою курэй у горад Фаніпаль Дзяржынскага раёна. Дзмітрый Ігнатавіч нёс вахту і па лячэнні карослівых коней. Такім чынам, ветэрынар таксама ўключыўся ў аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі.

Патрэбна было ўладкоўваць сваё жыццё. У час дастаўкі боепрыпасаў у партызанскі атрад у снежні 1943 года з баявымі таварышамі Мікалаем Анікейчыкам і  Паўлам Хлебнікавым  зайшлі перакусіць на хутар Трылес. У гэтай сям’і была адзіная дачка Марыя. Дзмітрый Байчук ёй паабяцаў, калі застанецца жывы, пасля вайны прыедзе да яе.

І паехаў. Дабраўся да Стоўбцаў – транспарту няма, трэба ісці пешшу. Ідучы праз лес заблудзіўся, трапіў на іншы хутар. Гаспадар кажа яму, што ў яго чатыры дачкі, маўляў, выбірай, якую хочаш. На што Дзмітрый Байчук адказаў, што ён абяцаўся іншай.

Марыя на яго прапанову выйсці замуж адразу спытала, ці ўмее ён упраўляцца па гаспадарцы. Дома не было каму рабіць, і яна сама хадзіла за плугам. Было дзевяць гектараў зямлі. Даказаў ён ёй сваю «гаспадарчую прыгоднасць», і на 15 верасня 1946 года было назначана вяселле. З Украіны прыехалі два браты і сястра.

Так з Любчанскага раёна Дзмітрый Байчук пераехаў у Шашкоўскі сельсавет. Узначаліў зааветэрынарны пункт. Ён абслугоўваў 26 навакольных вёсак. Дзмітрый Ігнатавіч завочна закончыў ветэрынарны інстытут. У 1956 годзе пачалася масавая калектывізацыя. У Шашках была арганізавана ўчастковая ветлячэбніца. Дзмітрый Байчук узначальваў яе да выхаду на пенсію. І на заслужаным адпачынку яго папрасілі яшчэ папрацаваць у калгасе імя Суворава, цяпер – ААТ «Шашкі». Агульны стаж яго работы ветэрынарным урачом складае 55 гадоў. Да баявых узнагарод ветэран дабавіў і працоўныя, у ліку іх – медаль «За працоўную доблесць».

Са сваёй Марыяй у шлюбе яны пражылі 65 гадоў. Яна працавала ў яго санітарам, потым узначальвала ветэрынарную аптэку. Ветэрынарным урачом быў і іх сын Аляксандр. Працаваў у ААТ «Рочавічы». Хвароба рана забрала яго жыццё. Дачка выбрала медыцынскую прафесію, жыве і працуе ў Мінску. Дзмітрый Ігнатавіч, нягледзячы на тое, што ён ужо больш за 20 гадоў удавец, вельмі сочыць за сабою, працягвае актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці раёна. Без яго не абыходзіцца ніводнае вялікае дзяржаўнае свята.

У Шашкоўскай ветэранскай арганізацыі, якую  доўгія гады ўзначальвае Дзмітрый Байчук, ёсць яшчэ два ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Былы калгасны конюх Леанід Біруля ўзнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені. Былы калгасны палявод Барыс Самец – удзельнік партызанскага руху. Іх, ветэранаў Айчыннай вайны, засталося так нямнога. І яны – сапраўднае ўпрыгажэнне нашага грамадства, тая апора, фундамент, на якім узводзіцца будынак будучага.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *