Жыхары Стоўбцаў хацелі б бачыць свой горад з летнім амфітэатрам і музеем

Главное Год народного единства

image_pdfimage_print

У 2022 годзе ў Стоўбцах плануецца правядзенне абласнога свята «Дажынкі». Ужо сёння пачалася падрыхтоўка да гэтай падзеі. У раённых улад ёсць шмат розных задумак, каб горад папрыгажэў і стаў больш зручным.

Будзе дарэчы пачуць думку мясцовых людзей, менавіта іх пажаданні наконт таго, чаго не хапае райцэнтру і адкрыцця якіх аб’ектаў чакаюць стаўбчане ў найбліжэйшым будучым у сваім горадзе.

З гэтымі пытаннямі мы выйшлі на вуліцы Стоўбцаў. І вось што даведаліся.

Інга Жабчыц:

– Асабіста мне і маёй сям’і не хапае ў Стоўбцах парку з атракцыёнамі. Фактычна ў нас няма ніводнага фантана. Вось там, дзе раней быў сад былога плодаагародніннага завода, з’явілася прыгожая свабодная пляцоўка. Калісьці нам абяцалі, што тут будзе парк адпачынку. Тады на раскарчоўцы саду працавалі ўсе прадпрыемствы і арганізацыі, жыхары горада.

Дзіяна Самуськова:

– Горад у нас прыгожы, але моладзі не хапае цікавых месцаў для адпачынку. Мы любім збірацца па вечарах каля ФАКа, і чаму б там не арганізаваць танцавальную пляцоўку, фотазону. Вельмі добра,  што ў горадзе будуецца чацвёртая школа. Спадзяюся, што з 1  верасня я пайду ў дзявяты клас у новую школу. Перажываю толькі за тое, што да нас прыйдуць новыя настаўнікі і нам трэба будзе прывыкаць адзін да аднаго. Пасля дзявятага класа збіраюся паступаць вучыцца. Выбрала прафесію повара.

Наталля Халапук:

– У нас няма дзіцячага кафэ. Вось у мяне праблема, куды можна запрасіць гасцей на дзень нараджэння сына. У бургерную мы не хочам, таму што там не працуе вентыляцыя, ды і кормяць не зусім так, як хацелася б.

А куды яшчэ можна завезці гасцей?.. Зразумела, паехаць у мясціны Якуба Коласа, на Нёман. Усе музейныя сядзібы знаходзяцца за рысай горада. Стоўбцам не хапае краязнаўчага музея і таго ж летняга амфітэатра, дзе можна было б дастойна правесці «Дажынкі» і іншыя святы любога ўзроўню.

Марыя Белан:

– Шмат чаго хацелася б пабудаваць у нашым горадзе, калі б былі сродкі! Добра, што працуе фізкультурна-аздараўленчы комплекс, у парку Дружбы народаў з’явілася гульнявая пляцоўка для дзяцей. Хацелася б добраўпарадкаваць і нашы двары ў шматпавярховым мікрараёне. Напрыклад, ля дамоў можна было б устанавіць альтанкі. А на месцы былога саду ў цэнтры горада чакаем аквапарк з атракцыёнамі.

Іван Апрышка:

– Цяпер мы адпачываем на гарадскім возеры або на Нёмане, а ў цэлым стаўбцоўскай моладзі хацелася б мець забаўляльны цэнтр, такі, які, да прыкладу, функцыянуе ў Мінску, каб там былі гульні, настольны тэніс і, магчыма, міні-кінатэатр для прагляду фільмаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *