Сёння адзначаецца Дзень работнікаў падатковых органаў

Важное Эканомiка

image_pdfimage_print

Па выніках работы за 2020 год інспекцыя па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Стаўбцоўскім раёне заняла першае месца сярод інспекцый Мінскай вобласці. Нядрэнныя вынікі і ў бягучым годзе

Змены ў дзейнасці падаткавікоў відавочныя нават для пабочнага чалавека. Акурат гэтымі днямі ідзе бягучы рамонт фасада адміністрацыйнага будынка інспекцыі.

– Рыхтуемся да абласнога свята «Дажынкі», правядзенне якога запланавана на Стаўбцоўшчыне ў 2022 годзе, – зазначае начальнік інспекцыі па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Стаўбцоўскім раёне Алена Стула. – Сёлета адрамантуем фасад (пасля пафарбоўкі ён набудзе сучасныя колеравыя адценні) і дах, добраўпарадкуем прылеглую тэрыторыю. У наступным годзе пройдуць унутраныя работы. Працуюць будаўнікі ПМК-233. У графік укладваемся, фінансаванне ажыццяўляецца з рэспубліканскага бюджэту.

Начальнік падатковай інспекцыі Алена Стула

Паступленні ў бюджэт – на ўзроўні 106-108 працэнтаў

Напярэдадні прафесійнага свята цікавімся ў начальніка інспекцыі, як складваюцца бягучыя справы стаўбцоўскіх падаткавікоў.

– На 1 ліпеня ў кансалідаваны бюджэт паступіла 21053,3 тысячы рублёў, што вышэй за паказчык, які быў запланаваны. Тэмп росту склаў 109,2 працэнта. Нягледзячы на ўплыў пандэміі, прадпрыемствы раёна не знізілі вытворчасць і аб’ёмы падатковых выплат, – падкрэслівае Алена Стула.

– Алена Іванаўна, як змянілася колькасць плацельшчыкаў у параўнанні з мінулым годам?

– На даны момант на ўліку ў падатковай інспекцыі – 656 арганізацый (з іх 269 – камерцыйных), 1031 індывідуальны прадпрымальнік. Колькасць апошніх у параўнанні з мінулым годам вырасла на 38 чалавек. Ініцыятыўныя жыхары раёна аддаюць перавагу развіццю розных паслуг, а рознічны гандаль, такі папулярны ў мінулыя гады, ужо адыходзіць на другі план.

Расце і колькасць самазанятых у эканоміцы. Яны аказваюць  паслугі рэпетытара, цырульніка, стрыжкі жывёл і інш., займаюцца рамесніцтвам, і ім заканадаўства дазваляе не рэгістраваць сваю дзейнасць, а па спрошчанай схеме плаціць адзіны падатак. Стаўкі невысокія, яны зацвярджаюцца абласным выканаўчым камітэтам.

На ўліку ў інспекцыі знаходзіцца 28 178 фізічных асоб, якія плацяць падаткі за зямлю, нерухомасць, арэнду.

Усе названыя катэгорыі плацельшчыкаў працуюць добра і змаглі забяспечыць рост паступленняў у бюджэт на ўзроўні 106-108 працэнтаў.

Электроннае ўзаемадзеянне – на 92 працэнты

– Якія формы ўзаемадзеяння з плацельшчыкамі карыстаюцца попытам?

– Больш за 92 працэнты плацельшчыкаў карыстаюцца даступнымі электроннымі сэрвісамі. Дзякуючы ім можна ў любым месцы аплаціць праз тэлефон падатак або даведацца пра аб’екты нерухомасці, якія лічацца за плацельшчыкам. Гэта магчыма і адносна транспартных сродкаў у сувязі з тым, што ў рэспубліцы ўводзіцца транспартны падатак з фізічных асоб.

– Плацельшчыкі праяўляюць дысцыплінаванасць, ці ёсць практыка даналічэнняў, прымянення санкцый?

– Кантрольная дзейнасць інспекцыі будуецца на аснове аналізу, камеральных праверак і – у выпадку выяўлення парушэння – у плацельшчыка ёсць магчымасць ажыццявіць даплату добраахвотна, без санкцый. Дарэчы, за шэсць месяцаў 2021 года ў бюджэт даналічана 621,1 тысячы рублёў, у тым ліку папярэджана вяртанне з бюджэту падатку на дабаўленую вартасць на суму 150,2 тысячы рублёў.

У цэлым плацельшчыкі раёна характарызуюцца дысцыплінаванасцю, граматнасцю. Мы з імі заўсёды на сувязі. Пры новаўвядзеннях імкнёмся данесці інфармацыю ўсімі магчымымі спосабамі.

Калектыў без вакансій

– І калектыў падатковай інспекцыі раёна можна назваць перспектыўным.

– Калектыў  малады, граматны і надзвычай згуртаваны. У складзе інспекцыі працуюць 18 дзяржслужачых і сем работнікаў,  якія забяспечваюць дзейнасць падатковых органаў. Няма вакансій. Кожны работнік ведае, як падысці да таго ці іншага плацельшчыка.

Вынікі працы многіх з маіх калег адзначаны на самым высокім узроўні. Так, партрэт галоўнага дзяржаўнага падатковага інспектара ўпраўлення ўліку падаткаў Таццяны Шарафановіч занесены на Дошку гонару Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь. Галоўнаму дзяржаўнаму падатковаму інспектару Алене Макась і мне, начальніку інспекцыі, аб’яўлены падзякі начальніка абласной падатковай інспекцыі.

На Дошку гонару стаўбцоўскай інспекцыі занесены партрэты трох інспектараў – Таццяны Дземідовіч, Таццяны Свірыдзенка і Таццяны Паплаўскай. Да прафесійнага свята падзякі атрымалі начальнік упраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Святлана Шык і галоўны падатковы інспектар аддзела камеральных праверак Наталля Блінкоўская.

Віншую  калектыў інспекцыі, ветэранаў падатковых органаў з прафесійным святам, жадаю моцнага здароўя і плёну ў працоўнай дзейнасці, шчасця і міру.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *