Жонцы – муж, а дзіцяці – бацька

Нумары Прамая лінія

image_pdfimage_print

Прамая лінія з начальнікам аддзела ЗАГС Надзеяй Картузавай адбылася на пачатку новага навучальнага года, той асаблівай падзеі, якая падкрэслівае выключную ролю сям’і, абаіх бацькоў – мамы і таты – у жыцці кожнага дзіцяці. Пераважная большасць  пытанняў, якія паступілі, датычыла сямейна-шлюбных адносін і насіла відавочна кансультацыйны характар.

– Згубілася пасведчанне аб нараджэнні сына. Як атрымаць паўторнае?

– Згодна з арт. 202 Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь паўторнае пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці можа быць выдадзена асобам, на якіх складзены запіс актаў грамадзянскага стану. Вам неабходна звярнуцца з заявай. Заявы аб выдачы паўторных пасведчанняў аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану (нараджэнне дзіцяці, заключэнне шлюбу, смерць) падаюцца ў органы ЗАГС па месцы знаходжання адпаведнага запісу акту грамадзянскага стану або па месцы жыхарства заяўніка. Паўторнае пасведчанне выдаецца пры прад’яўленні дакументаў, якія засвядчаюць асобу і пры аплаце дзяржпошліны (0,5 базавай велічыні). Паўторнае пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці не выдаецца бацькам,  якія пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах да гэтага дзіцяці.

–  У мяне хутка павінна быць дзіця. Але ў шлюбе з яго бацькам мы не знаходзімся. Як зарэгістраваць нараджэнне свайго дзіцяці?

– Канешне, вам лепш за ўсё зарэгістраваць шлюб, каб ваша дзіця з’явілася на свет у паўнацэннай сям’і. Пры рэгістрацыі нараджэння дзіцяці ў маці, якая не знаходзіцца ў зарэгістраваным шлюбе і калі не ўстанаўліваецца бацькоўства, запіс аб бацьку дзіцяці ў запісе акта аб нараджэнні будзе зроблены па вашым прозвішчы, а ўласнае імя і імя па бацьку дзіцяці – згодна з вашым указаннем, нацыянальнасць бацькі запісваецца па вашай нацыянальнасці. Іншыя звесткі пра бацьку дзіцяці ў запіс акта аб нараджэнні не ўносяцца.

– Разумееце, у нас вельмі пікантная сітуацыя. Мой муж не з’яўляецца бацькам дзіцяці…

–  Вы хочаце даведацца, як зарэгістраваць у такім выпадку нараджэнне дзіцяці? Калі вы заяўляеце, што муж не з’яўляецца яго бацькам, неабходна прадставіць наступныя дакументы: вашу заяву, якая пацвярджае, што ваш муж не з’яўляецца бацькам дзіцяці; заяву вашага мужа, у якой ён пацвярджае тое ж самае; сумесную заяву ад вас, маці, і фактычнага бацькі дзіцяці аб рэгістрацыі ўстанаўлення бацькоўства.

Калі ваш муж не можа асабіста з’явіцца ў аддзел ЗАГС для падачы заявы,  яго подпіс на заяве можа быць засведчаны натарыусам або іншай службовай асобай, надзеленай правам учыняць натарыяльныя дзеянні.

– Растлумачце, калі ласка, у чым розніца паміж усынаўленнем і устанаўленнем бацькоўства?

– Устанаўленне бацькоўства – гэта прызнанне біялагічным бацькам свайго дзіцяці. У гэтым выпадку ўстанаўліваецца крэўная сувязь,  адмяніць якую немагчыма.  Усынаўленне – гэта прыняцце на выхаванне дзіцяці, з правамі і абавязкамі крэўнага дзіцяці. Адрозненне ў тым, што ўсынаўленне – пры наяўнасці пэўных умоў – можна адмяніць.

Бацькоўства ўстанаўліваецца як па сумеснай заяве бацькоў у органах ЗАГС, так і па заяве аднаго з бацькоў у судовым парадку.  Пры гэтым шлюб з іншай асобай не з’яўляецца перашкодай. Працэдура ўстанаўлення бацькоўства бясплатная.     

–  З маёй дзяўчынай мы хацелі б заключыць шлюб, але яна – непаўналетняя.

– Шлюбны ўзрост у нас устаноўлены ў 18 гадоў (арт. 18 Кодэкса аб шлюбе і сям’і). Аднак ёсць выключныя выпадкі, абумоўленыя нараджэннем дзіцяці, цяжарнасцю, а таксама выпадкамі набыцця непаўналетнімі поўнай дзеяздольнасці да дасягнення паўналецця. Тады шлюбны ўзрост можа быць зніжаны, але – не больш чым на тры гады.

Супастаўце свае абставіны і, пры неабходнасці, прыходзьце да нас. Зніжэнне шлюбнага ўзросту адбываецца па заяве тых, хто ўступае ў шлюб. Згоды бацькоў, папячыцеляў непаўналетняга не патрабуецца. У дзень падачы заявы трэба аплаціць дзяржпошліну ў памеры адной базавай велічыні.

–  У нас пытанне жыллёвае. Для пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, неабходна даведка аб рэгістрацыі шлюбу. Як хутка можна яе атрымаць, колькі гэта каштуе?

– Усе даведкі аддзел ЗАГС выдае бясплатна. Для атрымання даведкі, якая ўтрымлівае звесткі з запісаў актаў грамадзянскага стану, вам неабходна звярнуцца з пашпартам у орган ЗАГС па месцы жыхарства або па месцы знаходжання запісу акта грамадзянскага стану з заявай. Максімальны тэрмін выдачы даведкі –  тры дні з дня падачы заявы, калі адпаведны запіс акта грамадзянскага стану знаходзіцца ў нашым архіве, і адзін месяц – калі гэты запіс знаходзіцца ў іншым аддзеле ЗАГС.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *