У новую сям’ю, калі 70+. Як працуюць на Стаўбцоўшчыне сучасныя формы сацыяльнага абслугоўвання

Главное Соцыум

image_pdfimage_print

Замяшчальная сям’я – новая форма сацыяльнага абслугоўвання сталых людзей або людзей з інваліднасцю I і II групы.

У Беларусі яе ўкараненне пачалося з 2017 года. Цяпер на Стаўбцоўшчыне зарэгістраваны дзве такія сям’і: у іх жывуць прадстаўнікі пенсіённага ўзросту.

Раёнка завітала ў адну з іх, у вёсцы Хатава, каб бліжэй пазнаёміцца з ёй і даведацца пра асаблівасці сацыяльнай навінкі.

Тэрэса Грышан з бабуляй Ядвігай любяць спяваць, асабліва народную песню «Вецер каліну хістае»

Як уладкавана замяшчальная сям’я

Такая сям’я падыдзе адзінокай бабулі ці дзядулю (ім павінна быць больш за 70 гадоў), якія самастойна ўжо не спраўляюцца са сваімі паўсядзённымі бытавымі клопатамі. У новым доме яе (яго) прымаюць як паўнавартаснага члена сям’і. Абавязковая ўмова, якая прапісана ў пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 864, – выдзяленне асобнага пакоя. Існуе і іншы варыянт: памочнік можа перасяліцца ў дом да таго, каго даглядае. У любым выпадку жыллёвая плошча кожнага ў замяшчальнай сям’і застаецца недатыкальнай. Унёсак гэтага сталага чалавека ў сямейны бюджэт не можа перавышаць 75 працэнтаў ад яго пенсіі.

Афармленне замяшчальнай сям’і адбываецца паводле рашэння райвыканкама. Той, хто бярэ на сябе адказнасць апекавацца над сталым чалавекам, набывае статус памочніка. Гэта пазаштатная пасада ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Памочніку дазваляецца працаваць, аднак ёсць абмежаванне па ўзросце – не старэй за 65 гадоў.

У стварэнні замяшчальнай сям’і бяруць удзел цалкам чужыя людзі. Аднак на практыцы ёсць такія прыклады, калі паміж яе членамі існуюць далёкія, някроўныя, сваяцкія сувязі.

Памочніца з 40-гадовым стажам

Тэрэса Грышан і бабуля Ядвіга з вёскі Хатава – якраз такі прыклад. Бабуля ёй – свякроў па першым мужы. З ім жанчына пражыла ўсяго некалькі гадоў. Здарыўся няшчасны выпадак, падчас якога мужчына загінуў. Пазней Тэрэса Альфрэдаўна выйшла замуж другі раз, але нікуды не пераязджала. У доме, дзе мы сустракаемся, яны так і жывуць разам больш за сорак гадоў. Ядвізе Лук’янаўне сёлета споўнілася 97.

Памочніцай у Стаўбцоўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тэрэса Грышан лічыцца з сакавіка 2020 года.

– Мне прапанавалі спецыялісты цэнтра – і я заключыла дагавор. Папярэдне мы прайшлі неабходнае медыцынскае абследаванне, – расказвае Тэрэса Альфрэдаўна пра свой новы статус.

«Мая бабуля» – так Тэрэса называе свякроў, з якой, як кажа яна, і нажыліся, і нагараваліся.

– Бывала, што я падмяняла бабулю на цяжкай калгаснай працы, а яна маіх траіх дзяцей глядзела. Я тады ўсяму вучылася ў яе, – дзеліцца мая суразмоўніца. – Цяпер догляд бабулі – цалкам на мне. У нас з раніцы – «Добры дзень!» і нешта смачнае на сняданак. Дапамагаюць павысіць апетыт прысмакі, якіх раней было не купіць: мяккая каўбаса, банан, ёгурт.

Абедзве жанчыны набожныя, таму шмат часу прысвячаюць вымаўленню пацераў. А яшчэ яны любяць спяваць.

У бабулі з маладосці праблемы з нагой. Гэта ўскладняе любыя яе перамяшчэнні. Памочніца выкарыстоўвае розныя сродкі, каб дапамагчы Ядвізе Лук’янаўне падняцца з ложка і ўвогуле не адчуваць сябе адзінока.

У якасці замяшчальнай сям’я Тэрэсы Грышан – узорная: «Тут любы скажа, што бабуля – у доглядзе». Праверкі з тэрытарыяльнага цэнтра – больш фармальнасць, чым неабходнасць. Візіты спецыялістаў памочніца выкарыстоўвае, каб атрымаць тую ці іншую кансультацыю, напісаць заяву на  дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу, таму што бабулі рэгулярна патрэбны сродкі гігіены і лекі.

Альтэрнатыва дому-інтэрнату

Псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра Іна Сенько адзначае, што замяшчальная сям’я можа быць добрай альтэрнатывай дому-інтэрнату:

– Сталы ўзрост – перыяд, калі патрэбна адаптоўвацца да хвароб,  нямогласці. Падтрымка сям’і, нават не роднай, дае адчуванне абароненасці і жыццёвай уладкаванасці.

Безумоўна, у падобных выпадках мы гаворым пра складаны працэс, які можна параўнаць з усынаўленнем дзіцяці. Сталым людзям патрэбна ўвага, а не толькі бытавы клопат. Як правіла, яны адчуваюць дэфіцыт камунікацыі, ім хочацца гаварыць і бачыць цікавасць да сваёй асобы. Таму важна даць бабулі ці дзядулю пасільны абавязак (паліць кветкі, пакарміць ката). І – размаўляць з імі на даступным узроўні.

Нельга забываць, што ў сталага чалавека багаты жыццёвы вопыт, а гэта значыць, ёсць свае ўстаноўкі і пэўнае разуменне. У выпадку, калі людзі толькі на стадыі прыняцця рашэння наконт стварэння замяшчальнай сям’і, мы прапануем прайсці тэст на псіхалагічную сумяшчальнасць, выявіць індывідуальныя асаблівасці ўсіх членаў гэтай сям’і. Часам мы бачым карыслівыя мэты – тады высвятляем, як людзі ставяцца да сталага чалавека, якая ў іх эмацыянальная сувязь. Прыняць у свой дом кагосьці – сур’ёзны крок, да якога трэба рыхтавацца.

Кантроль сітуацыі – на раённым узроўні

Згодна з заканадаўствам, сітуацыю ў замяшчальных сем’ях прадстаўнікі тэрытарыяльнага цэнтра пастаянна адсочваюць.

– Дзякуючы гэтаму мы маем актуальную інфармацыю, ведаем праблемы і аператыўна рэагуем, – кажа загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Таццяна Місюкевіч. – Заключэнне дагавора ў замяшчальнай сям’і – гэта гарантыя, што сталыя людзі будуць дагледжаныя і абароненыя.

Прадстаўнікі сацыяльнай установы даюць рэкамендацыі ў выпадку неабходнасці афармлення сталаму чалавеку першай групы інваліднасці. Тады памочнік мае права на штомесячную выплату ў памеры бюджэту пражытачнага мінімуму.

У тэрытарыяльным цэнтры вядзецца ўлік адзінокіх сталых людзей. Цяпер іх на Стаўбцоўшчыне 644.

– Мы абследуем матэрыяльна-бытавое становішча сталых людзей, рэагуем на заявы жыхароў раёна, – акцэнтуе ўвагу Таццяна Місюкевіч. – Супрацоўнікі аддзялення перыядычна выязджаюць у сельсаветы, каб абнаўляць банк даных адзінокіх састарэлых, знаходзіць прэтэндэнтаў на замяшчальныя сем’і. Праводзім  работу, каб аказаць адзінокім людзям матэрыяльную дапамогу для рамонту пячнога ацяплення, электраправодкі і стварэння бяспечных умоў пражывання.

Вікторыя ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *