Законнасць, правапарадак

Кантроль, бяспека Нумары

image_pdfimage_print

ПАПАЎНЕННЕ: ЗВАННЕ ЛЕЙТЭНАНЦКАЕ

Сёлета калектыў райаддзела міліцыі папоўніўся двума дыпламаванымі спецыялістамі, абодва – свае кадры, са Стаўбцоўшчыны.

Прыйшоў служыць пасля Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь лейтэнант Андрэй Кутас. Былы выпускнік Шашкоўскай школы, ён паступіў у Акадэмію па накіраванні райаддзела міліцыі. Сёння дыпламаванаму спецыялісту прапанавалі заняць адказную пасаду оперупаўнаважанага групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.

Уліўся ў міліцэйскі калектыў і Павел Даўнаровіч, які атрымаў дыплом Магілёўскага каледжа і, адпаведна, пасаду оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку. Назваць яго навічком будзе не зусім правільна. Павел пачынаў тут сваю працоўную біяграфію. Служыў адразу ў патрульна-паставой службе, а потым паступіў у каледж. Падчас вучобы ўваходзіў у склад каманды па футболе, паказваў у гэтым відзе спорту высокія вынікі. Працаваць Павел будзе “операм” і, паралельна, працягваць навучанне ў гэтым жа каледжы на завочнай форме, каб атрымаць вышэйшую адукацыю.

У калектыве добра сустрэлі маладых “операў”, якія паспелі паказаць свае дзелавыя якасці яшчэ да прызначэння на пасады, падчас праходжання пераддыпломнай практыкі.

Пр

 

СУПРАЦЬ КАРУПЦЫІ: ДЛЯ ЭФЕКТЫЎНАСЦІ ПРАФІЛАКТЫКІ

Пракуратурай Стаўбцоўскага раёна пастаянна вядзецца дэталёвы аналіз эфектыўнасці прафілактыкі карупцыі,  аператыўнасці і выніковасці спынення карупцыйных злачынстваў. На яго аснове прымаюцца меры пракурорскага рэагавання, накіраваныя на ўхіленне выяўленых недахопаў і прычын, што іх выклікаюць.

Работа па арганізацыі барацьбы з карупцыяй вядзецца на аснове глыбокага аналізу крымінагенных фактараў. З мэтай дзейснага ўплыву пракуратуры на недапушчэнне карупцыйных праяў выпрацаваны комплекс арганізацыйна-практычных мер. Каардынацыя праваахоўнай і іншай дзейнасці па барацьбе з карупцыяй забяспечваецца сродкамі пракурорскага нагляду. З гэтай мэтай ад усіх праваахоўных органаў патрабуецца захаванне палажэння Закона “Аб барацьбе з карупцыяй” адносна выяўлення і спынення карупцыйных правапарушэнняў і злачынстваў. Ад іншых дзяржаўных органаў і арганізацый – у рамках іх кампетэнцыі ўскрываць негатыўныя факты і паведамляць іх у праваахоўныя органы, самастойна прымаць дзейсныя меры па ўхіленні прычын і ўмоў, што спрыяюць карупцыі. Асноўнай формай гэтай работы з’яўляецца правядзенне каардынацыйных і аператыўных нарад пры пракуратуры раёна.

Стан работы па папераджэнні, выяўленні і спыненні найбольш небяспечных карупцыйных і эканамічных злачынстваў у Стаўбцоўскім РАУС не ў поўнай меры адпавядае патрабаванням. За першае паўгоддзе 2014 года на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна было выяўлена 7 карупцыйных злачынстваў і 9 эканамічных, летась за аналагічны перыяд іх адзначана адпаведна 6 і 20. Такім чынам, выніковасць работы РАУС па выяўленні эканамічных злачынстваў знізілася. Такое становішча спраў не адпавядае аператыўнай абстаноўцы, што склалася.

Карупцыйныя правапарушэнні найбольш шырока былі распаўсюджаны ў сферы сельскай гаспадаркі (тры факты), эканамічныя злачынствы – у сферы гандлю (чатыры факты). Асноўнымі іх прычынамі з’яўляюцца адсутнасць належнага ведамаснага кантролю з боку райспажыўтаварыства, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама за фінансавай дысцыплінай на месцах.

У першым паўгоддзі сёлета ўстаноўлены факт спробы даць хабар супрацоўнікам РАУС. Прыгаворам суда грамадзянін В. М. Лукашук прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 431 КК, яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды тэрмінам на два гады.

Загадчыца магазіна № 35 райспажыўтаварыства ў вёсцы Мікалаеўшчына А. М. Тамашэвіч і прадавец А. І. Снегур прысвоілі таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў і грашовую выручку з касы магазіна на агульную суму 64 762 898 рублёў. Прыгаворам суда Тамашэвіч і Снегур прызнаны вінаватымі ва ўчыненні злачынства прадугледжанага ч. 3 арт. 211 КК Рэспублікі Беларусь з прымяненнем арт. 70 КК. Аднак, згодна з Законам “Аб амністыі” ім прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання свабоды без накіравання ў выпраўленчую ўстанову тэрмінам на два гады з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з распараджэннем таварна-матэрыяльнымі каштоўнасцямі тэрмінам на пяць гадоў.

Аналіз матэрыялаў крымінальных спраў карупцыйнай накіраванасці паказвае, што прынятыя меры ў асноўным носяць спыняльны характар. Да цяперашняга часу ў поўнай меры не забяспечаны ведамасны кантроль за фактамі карупцыйнага праяўлення патэнцыяльна рызыкоўных суб’ектаў гаспадарання кіраўніцкай дзейнасці і сістэма аператыўнага адхілення такіх асоб ад займаемых пасад. Выяўленне злачынстваў карупцыйнай накіраванасці звязана не з вынікамі мэтанакіраванага комплексу  аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, а з праверкамі афіцыйных паведамленняў грамадзян і арганізацый.

Па справах аб карупцыйных злачынствах, закончаных вытворчасцю, устаноўлены ўрон у памеры 2 837 000 рублёў, па эканамічных – 110 299 296 рублёў, яны вернуты ў поўным аб’ёме. Накладзены арышт на суму 57 200 000 рублёў.

Пракуратурай раёна каардынуецца дзейнасць суб’ектаў, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, нацэльваючы іх на комплексны падыход у вырашэнні ўказанай праблемы, больш актыўнае выкарыстанне ў данай рабоце матэрыяльных і інтэлектуальных рэсурсаў рэгіёна, патэнцыялу працоўных калектываў.

Па выніках агульнанаглядных праверак захавання антыкарупцыйнага заканадаўства ў першым паўгоддзі пракуратурай вынесены тры прадстаўленні, узбуджаны дзве крымінальныя справы. Правядзенне праверак – адзін з важнейшых метадаў, што пракуратура прымяняе ў барацьбе з карупцыяй. Асноўная ўвага ўдзялялася пытанням паўнаты і эфектыўнасці прынятых мер. Канкрэтна правяралі наяўнасць плана мерапрыемстваў па супрацьдзеянні карупцыі, работы антыкарупцыйных камісій, тое, як даводзяцца да службовых асоб патрабаванні антыкарупцыйнага заканадаўства. А таксама дзейнасць кадравых службаў па запыце дэкларацый аб даходах і маёмасці, захаванне парадку ажыццяўлення закупу тавараў, работ, аказання паслуг, прадастаўлення і выкарыстання спонсарскай дапамогі.

Так, пракуратурай раёна ў сакавіку праведзена праверка захавання патрабаванняў антыкарупцыйнага заканадаўства ў РУП “Стаўбцоўскае АКС”, у ходзе якой устаноўлена, што службовымі асобамі прадпрыемства дапускаюцца парушэнні ў дзейнасці камісіі па супрацьдзеянні карупцыі. Адзначаныя факты сведчаць аб тым, што дзейнасць данай камісіі з’яўляецца фармальнай.

У чэрвені праведзена праверка адносна выканання антыкарупцыйнага заканадаўства ў ДДЛГУ “Стаўбцоўскі доследны лясгас”. Устаноўлена, што на пасяджэнні камісіі па супрацьдзеянні карупцыі разглядалі пытанні, якія не адпавядаюць асноўным задачам – прадухілення праяў карупцыі і іх выяўлення. Акрамя таго, абмеркаванне пытанняў супрацьдзеяння карупыі на аператыўных вытворчых нарадах ігнаруецца, аб чым сведчаць факты неразгляду абставін учынення ляснічым М. М. Каштальянам і А. І. Бецем карупцыйных злачынстваў, не ўстанаўлення прычын і ўмоў, што спрыялі ўчыненню злачынстваў. Указаныя пытанні былі разгледжаны службовымі асобамі ўстановы толькі па патрабаванні пракуратуры раёна.

Праверкай таксама ўстаноўлены факт неафармлення пісьмовага абавязацельства з інжынерам па ахове лесу, які з’яўляецца службовай асобай. Дапушчаны ў лясгасе парушэнні патрабаванняў заканадаўства аб закупе тавараў, якія прадугледжваюць правядзенне конкурсаў, электронных аўкцыёнаў, запыт цэнавых прапаноў. Па выніках праверкі ў адрас дырэктара ДДЛГУ “Стаўбцоўскі доследны лясгас” вынесена прадстаўленне.

Пракуратура раёна накіравала кіраўніцтву Стаўбцоўскага райвыканкама інфармацыю аб стане работы па папярэджанні карупцыі і выніках каардынацыйнай дзейнасці ў гэтай сферы з прапановамі наконт прыняцця адпаведнага рашэння.

Сяргей ГРЫЦУК,пракурор Стаўбцоўскага раёна

 

ПРАФІЛАКТЫКА: ТРЭЦІ «ЦВЯРОЗЫ ЧАЦВЕР» – НЕ АПОШНІ

– Гэта быў трэці ў гэтым годзе Дзень цвярозасці, – адзначыла  адносна верасня начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі Юлія Белавусава. У сувязі з тым, што раённым выканаўчым камітэтам прынята рашэнне аб правядзенні на тэрыторыі раёна  да канца бягучага года Дзён цвярозасці ў кожны трэці чацвер месяца, то гэта “тройца” – зусім не апошняя.  Да канца 2014 года будзе, як мінімум, яшчэ адна такая ж.  Сутнасць цвярозых чацвяргоў  – не толькі мерапрыемствы, накіраваныя на барацьбу з п’янствам і алкагалізмам, а і нагода для ўкаранення здаровага ладу жыцця.

У сувязі з вялікай праграмай супрацоўнікі міліцыі пабывалі за адзін дзень больш чым у двух дзясятках калектываў раёна.  Сустрэчы прайшлі ў аўтапарку, на сельгаспрадпрыемствах, у дарожных арганізацыях, аўтабазе райспажыўтаварыства, на філіяле Гарадзейскага цукровага камбіната, у школах… Як бачна, ахоплены былі і дарослыя, і дзеці. Каб паказаць усю агіду ўжывання спіртнога, раскрыць прычынна-выніковую сувязь, размова “сцякала”  ў тое рэчышча, куды часцей за ўсё заводзіць п’яная звычка. Гэта – насілле над блізкімі, асацыяльнае існаванне, скатванне ў крымінальнае асяроддзе і т. п. У магазінах, на вакзалах і АЗС з’явіліся прафілактычныя лістоўкі, дзе распісана падобная перспектыва, а для ахвяр дамашняга насілля, яго сведак указаны тэлефоны гарачых ліній (5-54-99 – псіхалагічная служба тэрытарыяльнага цэнтра, 8-801-100-8-801 – агульнанацыянальная гарачая лінія, 102 – тэлефон міліцыі).

Праблема насілля ў сем’ях не перастае трывожыць. Невыпадкова была аб’яўлена асобная акцыя з назвай —  “Стоп, насілле!”. У Дзень цвярозасці прайшлі пазачарговыя пасяджэнні саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку пры сельвыканкамах, удзел у якіх узялі прадстаўнікі райвыканкама, пракуратуры, міліцыі. На гэтыя пасяджэнні былі запрошаны для размовы тыя, хто ўчыніў правапарушэнні, звязаныя з насіллем у сям’і, фактамі п’янства.

У Дзень цвярозасці супрацоўнікі міліцыі і райвыканкама праводзілі сумесны маніторынг аб’ектаў гандлю. Сапраўды, інфармацыя аб абмежаванні продажу спіртнога ў гэты дзень была вывешана на відным месцы.  Прадаўцы ёю кіраваліся. Жадаючыя набыць “гаручае” былі, аднак  не заўважана парушэння ўведзенага абмежавання. Свядомасць грамадства ў гэтым плане паступова расце, пазіцыя становіцца непрымірымай.   

Пра гэта, у прынцыпе,  сведчыць і хроніка дзяжурных сутак вераснёўскага Дня цвярозасці. Як адзначыла Юлія Белавусава, аператыўна-дзяжурнай службай зарэгістравана восем паведамленняў аб правапарушэннях і злачынствах. Сярод іх пераважаюць крадзяжы і, на здзіўленне, ніводнага сямейнага скандалу. Па месцы жыхарства наведаны 14 “прафілакціруемых” асоб. Было выяўлена 15 правапарушэнняў, узбуджаны дзве крымінальныя справы. Адна з іх – за ўхіленне стаўбчаніна ад выплаты аліментаў на ўтрыманне непаўналетняй дачкі, другая – па факце крадзяжу з ларка па вуліцы Ленінскай у Стоўбцах. Дзве асобы прыйшлося змясціць у ізалятар часовага ўтрымання: адну – за паўторнае знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане, другую – абавязаную асобу з Заямнага, маці дваіх дзяцей, якія часова адабраны ў яе і знаходзяцца ў прытулку, –  за ўхіленне ад працаўладкавання.  З мэтай кансультацыйнай дапамогі супрацоўнікі міліцыі даставілі ў бальніцу чатырох мясцовых жыхароў, якія злоўжываюць спіртным, а з двума “праходзілі” медыцынскую камісію для далейшага накіравання іх у лячэбна-працоўны прафілакторый. Іх “калега” – гора-бацька, абавязаная асоба з вёскі Слабодка (Старасвержанскі сельсавет) – акурат у Дзень цвярозасці адправіўся па рашэнні суда ў ЛПП № 8 горада Наваполацка.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *