Хлебаробы ААТ «Радзіма Якуба Коласа» лідзіруюць па тэмпах жніва

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print
Камбайнеры Валерый Цвірка і Віталій Ждановіч (на пярэднім плане), вадзіцель Генадзій Рымашэўскі, камбайнер Генадзій Янскі і вадзіцель Яўгеній Проць працуюць разам на высокі вынік

Па тэмпах жніва і  ўраджайнасці збожжавых культур у лідарах –хлебаробы ААТ «Радзіма Якуба Коласа».

З кожнага гектара ў гаспадарцы намалочваюць звыш 55 цэнтнераў збожжа. Першым убралі азімы ячмень, які вырошчваўся на 75 гектарах.

– Пасеялі яго ўпершыню, і вынік нас вельмі парадаваў, – гаворыць галоўны аграном таварыства Аляксей Чандакоў. – Сабралі 554 тоны збожжа пры ўраджайнасці 73,9 цэнтнера на круг. Высявалі польскі сорт «бажант».

Аляксей Аляксандравіч адзначае, што пэўную частку намалоту пакінулі на насенне, разлічыліся за пастаўкі мінеральных угнаенняў з аблаграсэрвісам. А большая частка збожжа засыпана на корм жывёле, што ў даны перыяд якраз дарэчы, бо гэта асноўны кампанент для вырабу ўласных камбікармоў. І адначасова атрымана першая ў гэтым годзе салома, якая выкарыстоўваецца на подсціл буйной рагатай жывёле.

А яшчэ галоўны аграном дадае, што ранняя ўборка дала магчымасць праверыць гатоўнасць камбайнаў напярэдадні масавага жніва.

На палетках шчыравалі чатыры экіпажы камбайнераў, а ўсяго ва ўборачнай кампаніі задзейнічаны шэсць збожжаўборачных машын, якім патрэбна будзе зжаць збажыну на 1060 гектарах. Выспеў яравы ячмень, і працаўнікі цяпер рупяцца, каб хутчэй яго ўбраць. На чарзе – азімыя пшаніца і трыцікале. Чакаецца, што яны таксама будуць умалотнымі. А яшчэ сцяною стаіць азімы рапс. Летась у таварыстве была атрымана самая высокая ў раёне ўраджайнасць гэтай прыбытковай тэхнічнай культуры, амаль 48 цэнтнераў на круг, і сёлета разлікі на ўраджай даволі неблагія.

Надзея БАТАЛКА,  фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *