«Што «нагарэла», не ўтоіш». Даведаліся ці магчыма такім чынам «сэканоміць»

Главное Эканомiка

image_pdfimage_print
Фота носіць ілюстрацыйны характар

Электраэнергія ўсё больш уваходзіць у наша жыццё, суправаджаючы зручнае і хуткае выкананне як бытавых працэсаў, так і вытворчых, офісных і г. д. Рост яе спажывання адбіваецца і ў рахунках за паслугу. Аднак не ўсе спажыўцы сумленна  ажыццяўляюць разлікі за тое, што «нагарэла». 

Мы пацікавіліся ў галоўнага інжынера філіяла «Стаўбцоўскія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнерга» Аляксандра Ліхачэўскага, ці магчыма такім чынам  «сэканоміць».

– Аляксандр Аляксандравіч, ці маюць права работнікі філіяла праводзіць работу непасрэдна са спажыўцамі электраэнергіі ў плане кантролю за прыборамі ўліку?

– Нярэдка сярод спажыўцоў электраэнергіі існуе меркаванне, што прадстаўнікамі арганізацыі, якая забяспечвае электраэнергіяй, з’яўляюцца толькі работнікі філіяла «Энергазбыт», а персанал электрычных сетак не мае права доступу да прыбораў уліку электраэнергіі і да электраўстановак спажыўца.

Гэта не так. У адпаведнасці з Правіламі электразабеспячэння, работнікі філіяла «Стаўбцоўскія электрычныя сеткі» (мае ва ўласнасці і аператыўным кіраванні электрычныя сеткі, а таксама энергакрыніцы) непасрэдна з’яўляюцца прадстаўнікамі энергазабяспечваючай арганізацыі.

– Як праводзіцца падрыхтоўка да рэйдавых мерапрыемстваў і выбар спажыўцоў, якія падлягаюць кантролю?

– Спажыўцы электраэнергіі, якія патрабуюць дадатковага кантролю з боку энергазабяспечваючай арганізацыі, вызначаюцца з дапамогай спецыялізаванага праграмнага забеспячэння. Выконваюцца разлікі небалансу электраэнергіі (з улікам тэхнічных страт на даным участку сеткі і аплачанай колькасці электраэнергіі) на лініях 10 кВ, а таксама на групавых лічыльніках электраэнергіі, устаноўленых у раёнах індывідуальнай жылой забудовы. Акрамя таго, штомесяц праводзіцца аналіз спажывання электраэнергіі абанентамі ў параўнанні з папярэднімі месяцамі і перыядамі мінулых гадоў.

– Якімі спосабамі спажыўцы спрабуюць «эканоміць» на аплаце?

– У філіяле «Стаўбцоўскія электрычныя сеткі» дзейнічае спецыялізаваная брыгада, якая ўкамплектавана сродкамі сувязі, неабходнымі прыборамі і прыстасаваннямі для выяўлення парушэнняў у рабоце сродкаў уліку, а таксама фота- і відэакамерай для фіксацыі фактаў безуліковага спажывання электраэнергіі.

Так, у адным з населеных пунктаў Уздзенскага раёна была вызначана група абанентаў для праверкі цэласнасці ўводнага кабеля, які праходзіць пад зямлёй на ўчастках домаўладальнікаў. З дапамогай прыбора на адным з участкаў выяўлена парушэнне цэласнасці, а менавіта адгалінаванне, якое было зманціравана ў размеркавальную каробку ў доме, а ад яе электраправодка разведзена па пакоях.

Можна прыводзіць і іншыя аналагічныя прыклады, у якіх няпроста вызначыць месцазнаходжанне правадніка, аднак сучасныя прыборы і вопыт персаналу дазваляюць гэта зрабіць.

– Якія санкцыі прымяняюцца да парушальнікаў?

– Ва ўсіх выпадках парушэнняў складаюцца акты аб самавольным (без дагавора) або безуліковым спажыванні электрычнай энергіі. Акрамя кампенсацыі страт па факце крадзяжу электраэнергіі прадугледжана таксама і адміністрацыйная адказнасць (артыкул 20.10 КоАП Рэспублікі Беларусь). Сумы накладзеных штрафаў буйныя – могуць дасягаць пяцікратнага памеру ад нанесенай шкоды. Такая рызыка нічым не апраўданая і, напэўна, увогуле не сумяшчальная са здаровым сэнсам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *