Матэматыка – навука творчая

Адукацыя Нумары

Хто ў гэта не верыць, варта пагутарыць з настаўніцай матэматыкі стаўбцоўскай гімназіі № 1 Аленай Нашчынец. 19 гадоў Алена Віктараўна выкладае матэматыку вучням. А пачынала некалі працаваць у студэнцкай аўдыторыі. Выпускніца механіка-матэматычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта атрымала размеркаванне ў  БНТУ (тады –  Беларускі пoлітэхнічны інстытут),  працавала асістэнтам на кафедры, выкладала матэматыку студэнтам-завочнікам.

Родам з Баранавіч, у выхадныя дні яна ездзіла дамоў. Неяк на прыпынку цягніка ў Стоўбцах зайшоў малады чалавек і сеў насупраць. Выйшлі яны разам з цягніка ўжо добрымі знаёмымі. А неўзабаве сталі мужам і жонкай. Інжынер-тэхнолаг Мінскага маторнага завода пераехаў у Стоўбцы, калі ў нашым горадзе быў пабудаваны філіял гэтага прадпрыемства. Маладая сям’я атрымала кватэру, і Алена Віктараўна развіталася з працай у сталіцы. Стала працаваць у СШ № 2 г. Стоўбцы.

Яна зайшла ў клас на свой першы ўрок і па звычцы звярнулася да вучняў, як да студэнтаў, на «вы». У адказ пачула: «Хто з нас?» Яна ўсміхнулася і стала прывыкаць да дзіцячай аўдыторыі.  І так палюбіла дзяцей, што не ўяўляе сябе без школы. Лічыць, што гэта вельмі жывая работа, дзеці не даюць настаўніку спыніцца на месцы, рухаюць наперад.

Апошнія 10 гадоў Алена Нашчынец выкладае ў стаўбцоўскай гімназіі № 1. У кожным узроставым класе настаўнік бачыць па-рознаму сваю задачу. У пятым класе Алена Віктараўна настроена на тое, каб паказаць вучням, што матэматыка  – цікавая навука і зусім не сумная. Яна развівае логіку, выхоўвае ўдумлівасць – перш чым прыступіць да справы, трэба ўсё абдумаць. Каму ж гэта перашкодзіць у жыцці? Каб паказаць гэтыя плюсы, настаўнік павінен сам любіць свой прадмет. У Алены Віктараўны гэта атрымліваецца. Далей патрэбна развіваць творчыя здольнасці вучняў, у старэйшых класах – падрыхтаваць іх да дастойнай здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Гэты прадмет з’яўляецца абавязковым выпускным экзаменам і ўступным у многіх вышэйшых навучальных установах.

Творчы педагог ставіць мэтай не толькі выкладаць у рамках школьнай праграмы, але і шырэй развіваць здольнасці дзяцей – гэта  іх удзел у дыстанцыйных і інтэрнэт-алімпіядах, турнірах.

–       Мне пашанцавала працаваць у дружным творчым калектыве, – дзеліцца сваім настроем Алена Віктараўна. – У мяне склаліся вельмі дружалюбныя, цёплыя адносіны з настаўнікамі-матэматыкамі гімназіі – Наталляй Аляксандраўнай Кажушка, Святланай Віктараўнай Цвірка. Сумесная наша праца, ажыццяўленне праектаў прыносяць добры плён.

Дарэчы тут будзе сказаць, што Алена Нашчынец і Святлана Цвірка, настаўнікі вышэйшай катэгорыі, выдатна падрыхтавалі каманду вучняў для ўдзелу ў абласным міні-турніры юных матэматыкаў. Два гады запар каманда стаўбцоўскай гімназіі атрымлівае прызавыя месцы ў гэтым турніры. Лепшым юным матэматыкам з’яўляецца сын Алены Віктараўны сямікласнік Данііл. І старэйшы сын Канстанцін на 96 балаў здаў цэнтралізаванае тэсціраванне па матэматыцы. Цяпер ён студэнт пятага курса факультэта міжнародных адносін БДУ на бюджэтнай  форме навучання.

Абаяльная, камунікабельная Алена Нашчынец даказала нам, што матэматыкі – людзі не замкнутыя, не сумныя, а творчыя і надзвычай сімпатычныя.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *