«Альбуцкі куфэрак». Марына Пазняк піша карціны іголкай

Альбуцкі куфэрак Главное Моя Столбцовщина Спецвыпускі «Праменя»

image_pdfimage_print
Марыне Пазняк падабаецца вышываць крыжыкам

Ёсць людзі, якія дораць нам добры настрой. Зарад бадзёрасці і цеплыні, які ад іх атрымліваем, не пакідае цэлы дзень. Хочацца працаваць і рабіць добрыя справы.

Такі чалавек ёсць і ў нашай школе. Гэта гардэробшчыца Марына Пазняк. Сем гадоў Марына Генадзьеўна сумленна рупіцца на сваім месцы – прымае і выдае верхняе адзенне. Для самых маленькіх вучняў яна стала незаменнай памагатай: каму засцежку зашпіліць, каму шалік завяжа, а каго і добрым словам падтрымае ў сумную хвіліну, зробіць камплімент.

І нам, настаўнікам, прыемна размаўляць з жанчынай, якая можа падтрымаць гутарку на розныя тэмы. У адной з такіх размоў Марына Генадзьеўна расказала пра сваё хобі. Як высветлілася, яна ўмее вышываць крыжыкам. І рабіць гэта ёй вельмі падабаецца. Кожную свабодную хвіліну жанчына выкарыстоўвае для таго, каб заняцца любімай справай, да якой прыкіпела душою яшчэ ў маладосці.

Цікавасць да гэтага рамяства прыйшла да Марыны Генадзьеўны пасля таго, як яна ўбачыла ў суседкі вышытую падушачку. Вырашыла сама паспрабаваць. Працэс вышывання спадабаўся. Пачынала з простых узораў і паступова перайшла да больш складаных. Тэмы яе карцін розныя, чэрпае іх з інтэрнэту, часопісаў і іншых друкаваных сродкаў. Гэта прырода, пейзажы, царкоўная тэматыка…  А ўвогуле, што спадабаецца, тое і вышывае. Работа карпатлівая і патрабуе ўседлівасці, але гэтых якасцяў жанчыне не займаць. Ручную вышыўку па праву называюць жывапісам іголкай. І далёка не кожнаму ўдаецца яе асвоіць, тут яшчэ і талент трэба мець.

Колькі вышыла за некалькі дзясяткаў гадоў карцін, Марына Генадзьеўна не лічыла. Найбольшая колькасць падорана родным, блізкім, сябрам. Яна ад душы радуецца, калі бачыць, што яе падарунак спадабаўся.

Марына Пазняк родам з Белькаўшчыны. Скончыла Мікалаеўшчынскую сярэднюю школу. Пасля школы атрымала спецыяльнасць кандытара ў Мінскім вучылішчы Белкаапсаюза і пэўны час працавала ў кандытарскім цэху камбіната грамадскага харчавання, затым – у дапаможнай школе-інтэрнаце ў Караліне, на прыватным унітарным прадпрыемстве «Адэльвейс». Яе «салодкая» прафесія – сапраўдны скарб для сям’і. Марына Генадзьеўна радуе родных адмысловай выпечкай: прыгожымі тортамі, смачнымі піражкамі і пышнымі булачкамі. І для гэтага таксама патрэбна ўменне.

А яшчэ жанчына вельмі любіць кветкі і вырошчвае іх на сваім прысядзібным участку. Мастацкае бачанне прыгожага адлюстравалася і ў кампазіцыі на клумбе, якая адмыслова аформлена разнастайнымі відамі кветак.

Таццяна МУРАЎЁВА, настаўніца ДУА «Навасвержанская сярэдняя школа», фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *