Выязное пасяджэнне: «Кожная сям’я патрабуе індывідуальнай работы»

Соцыум

image_pdfimage_print

Шматдзетная сям’я палепшыла свае жыллёвыя ўмовы, набыўшы паўдома з выкарыстаннем мацярынскага капіталу. Матуля, дарэчы,  прайшла паўторнае лячэнне ад алкагольнай залежнасці.

Падрыхтаваны праект газіфікацыі дома, і вядуцца адпаведныя работы. Пэўную дапамогу аказвае прадпрыемства, дзе працуюць бацькі. Да 1 верасня, калі дзецям ісці ў школу, у доме ўсё будзе ў парадку…

Сямейныя праблемы – пад кантролем грамадскасці

Але пазітыў пераважае далёка не ва ўсіх сем’ях, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным. Да прыкладу, у адной з такіх сем’яў матуля пражывае не з сынам, а ў сужыцеля, і ўвогуле не прымае ўдзел у лёсе хлопца, які, між іншым, закончыў дзевяць класаў і хацеў бы паступаць у ліцэй.

Розныя сямейныя гісторыі давялося пачуць падчас выязнога пасяджэння раённай камісіі па справах непаўналетніх і каардынацыйнага савета, якое прайшло на базе Любкаўшчынскага сельскага дома культуры.

З прафілактычнай мэтай на ім былі заслуханы бацькі з нядобранадзейных сем’яў, бацькі – абавязаныя асобы, якія пражываюць на тэрыторыі Вішнявецкага і Мікалаеўшчынскага сельсаветаў, а таксама прааналізавана дзейнасць Любкаўшчынскага і Мікалаеўшчынскага вучэбна-педагагічных комплексаў па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, абароне іх правоў і законных інтарэсаў. Папярэдне быў праведзены маніторынг названых устаноў адукацыі.

На выязное пасяджэнне для вырашэння пытанняў і аказання сем’ям неабходнай дапамогі былі запрошаны старшыні сельвыканкамаў, прадстаўнікі сельгаставарыстваў і іншых суб’ектаў прафілактыкі.

Найбольш распаўсюджаныя недахопы ў праблемных сем’ях – рамонт пячнога ацяплення і электраправодкі, а таксама нізкі ўзровень сацыяльна-бытавой культуры. На жаль, не ўсе бацькі ўсведамляюць неабходнасць праходжання лячэння ад алкагольнай залежнасці, а абавязаныя асобы – яшчэ і кампенсацыі дзяржаўных выдаткаў на ўтрыманне іх дзяцей у поўным аб’ёме. Важнае пытанне ў адносінах да падлеткаў, у тым ліку з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, – занятасць іх на працягу летняга перыяду.

Мера прафілактыкі – летняя занятасць падлеткаў

Работа з праблемнымі сем’ямі, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія дзеці, праводзіцца падчас іх наведвання, заслухвання на савеце прафілактыкі ў школе і на пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы правапарадку пры сельвыканкаме.

– Пасяджэнні павінны праходзіць з удзелам участковага інспектара міліцыі, з абмеркаваннем надзённых пытанняў і вынясеннем канкрэтных даручэнняў. Пажадана праводзіць іх на выездзе, непасрэдна на прадпрыемствах, дзе працуюць бацькі, – падводзіць вынік намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько.

Да ўстаноў адукацыі агучаны важныя патрабаванні – выяўленне сямейнай нядобранадзейнасці на ранняй стадыі і строгае следаванне крытэрыям, па якіх становішча дзяцей прызнаецца сацыяльна небяспечным. Па гэтых пытаннях з работнікамі ўстаноў адукацыі раёна праведзена навучанне. «Не забывайце пра функцыі класнага кіраўніка ў сацыяльным расследаванні», – заўважыла Наталля Хвасько.

На выязным пасяджэнні былі абмеркаваны пытанні інфармацыйнай бяспекі падлеткаў у інтэрнэт-прасторы і прафарыентацыйнай работы сярод школьнікаў.

Працаваць усім разам, ва ўзаемадзеянні, прытрымліваючыся Дэкрэта № 18 і іншых нарматыўных дакументаў, далучаць да прафілактычнай работы прафсаюзныя і іншыя арганізацыі – такія актуальныя патрабаванні да соцыуму.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *